Навіны Навіны Руху

Таямніцы за шклом

Таямніцы за шклом

3563 праглядаў Бярозаўка
У Лідзе суд разглядае пазоў грамадскасці да кіраўніцтва шклозаводу «Нёман». Людзі патрабуюць выканання закону і рэалізацыі правоў жыхароў дзяржавы. Суддзя ж вымушаны тлумачыць прадстаўнікам заводу, што ўсе законы і міжнародныя пагадненні, якія ратыфікавала Беларусь, абавязковыя да выканання.

Мэта — выкананне закону

Перадгісторыя справы такая: шклозавод «Нёман» у Бярозаўцы робіць рэканструкцыю цэха з арганізацыяй новага тэхналагічнага працэсу — вытворчасці шкловаты. Прадстаўнік грамадскага аб’яднання «Экадом» і каардынатар Руху «За Свабоду» па Гродзеншчыне, жыхар Бярозаўкі, былы работнік «Нёмана» Сяргей Трафімчык патрабуюць праз суд ад шклозавода спыніць гаспадарчую дзейнасць па пабудове цэха шклаваты, пакуль не будуць праведзеныя грамадскія абмеркаванні гэтага праекту, як таго патрабуе Орхусская канвенцыя.

Па сутнасці, грамадскія абмеркаванні не адменяць рашэння «Нёмана» аб будаўніцтве новай лініі, аднак будзе выкананы закон, які дазваляе людзям ведаць праўду пра новую вытворчасць. У ідэале грамадскія абмеркаванні ёсць пляцоўкаю для дыялогу людзей і прамыслоўцаў, магчымасць патрабаваць ад апошніх адказнасці і кампенсацыі ў выпадку, калі вытворчасць будзе ствараць пагрозу для навакольнага асяроддзя ці здароўя людзей.

«У апошнім адказе з заводу нам напісалі, што „праводзіць грамадскія слуханні немэтазгодна“. Наша самамэта — выкананне закону! — падкрэслівае Трафімчык. — Паўплываюць тыя слуханні на што ці не, гэта справа іншая. Але законам прапісана — слуханні мусяць быць! будзем чакаць, што нашае патрабаванне ўсё ж задаволяць, у адваротным выпадку пойдзем далей — у абласны, Вярхоўны суд, пойдзем да канца».

Сяргей Трафімчык, між іншым, працаваў рабочым на заводзе «Нёман» з 1991 па 2011 год.

Прадстаўнікі грамадскасці з патрабаваннем правесці грамадскія абмеркаванні звярталіся да дэпутатаў мясцовага, абласнога, рэспубліканскага ўзроўняў. Аднак ім прыходзілі адпіскі. А дэпутат ад Бярозаўкі ў парламенце Міхаіл Арда ўвогуле нічога не адказаў на зварот грамадзян. Сяргей Трафімчык гаворыць, што адміністрацыя завода імкнецца стварыць пазітыўны вобраз для новай вытворчасці, маўляў, будуць працоўныя месцы, эканамічнае развіццё рэгёна. Ён падкрэслівае, што ніхто не супраць, каб Бярозаўка рухалася наперад. Але людзі мусяць ведаць праўду і чыноўнікам адмахвацца ад іх як ад назойлівых мух нельга.

«Мы правялі апытанне прыкладна 400 чалавек наконт таго што яны ведаюць пра новую вытворчасць у горадзе. Толькі 3 % апытаных сказалі, што валодаюць поўнай інфармацыяй», — дзеліцца мясцовымі адследаваннямі актывіст. Ён распавёў, што за правядзенне гармадскіх абмеркаванняў двойчы збіраліся подпісы ў насельніцтва — першы раз сабралі больш за трыста, другі — больш за тысячу подпісаў.

У Бярозаўцы, паводле афіцыйных звестак, пражывае прыкладна 11,5 тысячы чалавек. Сяргей Трафімчык многа год жыве ў гарадку, распавядае, што з-за цяжкай эканамічнай сітуацыі цягам апошніх год з гарадка з’ехала многа людзей у пошуках лепшых працоўных месцаў, лепшых заробкаў. У 2005-ым на заводзе «Нёман» было пяць цэхаў, цяпер — два цэхі. Жыхары Бярозаўкі, у тым ліку і некаторыя жанчыны з’яжджаюць на заробкі — ад Ліды да Масквы.

«Сустрэў аднаго таварыша, дык той кажа, што ў падмаскоўным Адзінцова ходзіць на працу бы на заводзе ў Бярозаўцы — столькі знаёмых твараў», — распавядае Трафімчык.

Асветніцкая праца суда

Другое судовае паседжанне па пазову да шклозавода «Нёман» мусіла пачацца а 14-й. Пакуль чакалі прызначанага часу, абмерквалі праблему ці не з усіх бакоў. «Нёман» цяпер выпускае шкляныя вырабы, а цэх па вытворчасці шкловаты — гэта новая тэхналогія. Сяргей Трафімчык падкрэслівае, што зразумелай, поўнай інфармацыі пра экалагічнае ўздзеянне новай вытворчасці нідзе не было. Трафімчык гаворыць, што ў горадзе не надта добрая экалагічная сітуацыя.

«Вытворчасць крышталю — гэта 28 % свінцовых злучэнняў. Медыкі пацвярджаюць кепскі стан экалогіі і як вынік здароўя людзей, — распавядае актывіст. — Як адкрылі цэх па вытворчасці крышталю, то сцены ўнутры хутка пачалі пакрывацца аранжавым пылам з утрыманнем свінцу. Людзі па-просту млелі ў тых цэхах, абураліся такой няўвазе да свайго здароўя. Кіраўніцтва нават праводзіла сход, каб супакоіць надта ўражлівых работнікаў. У выніку зрабілі выцяжку і цяпер быццам бы тыя газы выкідваюць у паветра на вуліцу. У Бярозаўцы — пісалі ў раёнцы — сярэдняя працягласць жыцця мужчын 53 гады!».

У прызначаны час заходзім у судовую залю. Але прадстаўнікоў «Нёману» няма, гавораць, што яны патэлефанавалі і папярэдзілі пра сваё спазненне ў суд. Урэшце суддзя Вячаслаў Мацук (ён жа і намеснік старшыні суду Лідскага раёна) пачынае працэс без прадстаўнікоў заводу. Яны ў выніку спозняцца на 41 хвіліну (Бярозаўка ад Ліды зусім недалёка між іншым).

Варта адзначыць, што суддзя Мацук падрыхтавана і адказна падыйшоў да справы. Паколькі, па словах суддзі, экалагічныя пазовы — вялікая рэдкасць, то ён з належнай уважлівасцю слухаў абодва бакі, унікаючы ў сутнасць справы. А ў выніку рэзюмаваў, што гэтая судовая справа не такая і простая як можа каму падасца — з самой Адміністрацыі прэзідэнта, з Вярхоўнага суда цікавіліся яе ходам. Адзін з пазоўнікаў — прадстаўнік грамадскага аб’яднання «Экадом», юрысконсульт Сяргей Магонаў мяркуе, што гэта можа быць звязана з жаданнем уладаў выглядаць прыстойна ў вачах міжнародных экалагічных арганізацый.

«Я на пачатку чэрвеня паеду ў Жэневу на паседжанне, што акурат датычнае Орхусскай канвенцыі. І буду вымушаны ў справаздачу аб выкананні Беларуссю гэтага пагаднення напісаць, што завод „Нёман“ не дае грамадскасці рэалізаваць свайго права, як тое прапісана ў канвенцыі. І потым, як выдаюцца крэдыты, разглядаюцца інвестыцыйныя праграмы для Беларусі гэтая інфармацыя адпраўляе краіну ў „чорны спіс“. Калі Украіне хочуць вынесці нейкае папярэджанне, яны змагаюцца, просяцца, абяцаюць выправіць. А мы? — Сядзяць афіцыйныя прадстаўнікі дзяржавы ўнурыўшы галовы, і усё!», — разважае наконт цікаўнасці вышэйшых органаў улады да судовага разбіральніцтва з «Нёманам» Сяргей Магонаў.

Цікава, што суддзя ў ходзе разбіральніцтва мусіў не толькі слухаць бакі, але і займацца асветніцкай дзейнасцю. Ён цярпліва даводзіў прадстаўнікам завода «Нёман», што калі у краіне ёсць унутраныя законы і міжнародныя абавязальніцтвы, то яны УСЕ абавязковыя да выканання, а не выбарачна. «Я ж не магу з дзвюх спраў выбраць адну, якая мне больш падабаецца», — тлумачыў на пальцах сутнасць выканання заканадаўства суддзя Мацук. Прадстаўніца завода у адказ цьвердзіла, што на стадыі праектнай дзейнасці «Нёман» правёў паўгадзінны прамы эфір на мясцовым тэлебачанні, які анансавалі яго бягучым радком. На яе думку лепшага сродку для інфармавання людзей у 21-ым стагоддзі і не прыдумаеш, а грамадскія абмеркаванні — немэтазгодна. Да таго ж указ на падтрымку завода падпісаў сам Лукашэнка, а праект зацвердзілі ўсе міністэрствы — яны ж не загадалі правесці тыя абмеркаванні, не маглі ж яны памыліцца! У сакавіку бягучага года быў выдадзены канчатковы варыянт экалагічнай ацэнкі праекту. «Вы думаеце, што ў мінпрыродзе мусяць кантраляваць кожнага, усё тлумачыць і даводзіць?! — абураўся суддзя. — Гэта ваш абавязак як выканаўцы знайсці, прачытаць і выканаць усе заканадаўчыя акты!».

Наступнае судовае паседжанне прызначанае на канец чэрвеня. Суддзя абяцаў выклікаць на яго і прадстаўнікоў Бярозаўскага, Лідскага выканкамаў, каб яны патлумачылі, што за адпіскі пісалі чыноўнікі на канкрэтныя запыты грамадзян.


Паводле novychas.org

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны