Навіны Аналітыка

«Без ЕС Лукашэнка рызыкуе канчаткова ўпасці ў рукі братняй Расіі»

«Без ЕС Лукашэнка рызыкуе канчаткова ўпасці ў рукі братняй Расіі»

2169 Праглядаў
Кіраўнік берлінскага «Таварыства па правах чалавека ў Беларусі» Ханс-Георг Вік расказаў Еўрарадыё, чаму Лукашэнку неабходна сябраваць з ЕС, і што чакае чэмпіянат свету па па хакеі ў 2014 годзе.

— Еўрапейскія палітыкі неаднаразова заяўлялі, што яны выразна далі зразумець афіцыйнаму Мінску, чаго ад яго чакаюць, якіх крокаў, каб хаця б пачаць нейкія размовы аб аднаўленні дыялогу. Маўляў, зараз мяч на беларускім баку. Але днямі кіраўнік Беларусі заявіў, што і так дастаткова зроблена і мяч ўжо на баку еўрапейскім. А на чыім баку той мяч, на ваш погляд?

— Мяч усё яшчэ на баку Лукашэнкі. Бо да гэтага часу ў Беларусі ёсць палітвязні пасля тых падзей 19 снежня 2010 года.

— Але Лукашэнка кажа, што ніяк новых крокаў пасля вызвалення Саннікава і Бандарэнкі больш не будзе. І што зараз — тупік?

— Гэта ў інтарэсах Лукашэнкі — нешта рабіць, каб не ўпасці канчаткова ў рукі братняй Расіі. Зразумела, што гэта найперш у яго інтарэсах — палепшыць адносіны з Еўрасаюзам. Ён ужо сапсаваў амаль што ўсю, калі не ўсю, сваю рэпутацыю. І зараз практычна немагчыма камусьці ў Еўропе да зніжэння ўціску на Беларусь. Бо так сапсаваць сабе рэпутацыю, як гэта зрабіў сабе ён у дзень выбараў 19 снежня, пасля таго, як ён пасадзіў у турмы усіх сваіх супернікаў на выбарах, пасля таго, як там іх катавалі — гэта проста беспрэцэдэнтна! У гісторыі такога не было. І інтарэс да Беларусі, як краіны-суседкі, у Еўрасаюзе зараз значна большы, чым быў, да прыкладу, 10 год таму. Але ён (Лукашэнка) сваёй палітыкай робіць пытанне паляпшэння адносінаў вельмі складаным.

Беларусі для выжывання жыццёва неабходна мадэрнізаваць сваю індустрыю. А для гэтага патрэбны капітал. Каб Беларусь магла прадаваць свае тавары не толькі на расійскі рынак, каб яна магла ўвогуле выжыць. І таму паляпшэнне адносінаў з Еўропа патрэбна перш за ўсё Беларусі. Менавіта таму Еўракамісія ініцыявала гэты мадэрнізацыйны дыялог з грамадзянскай супольнасцю — грамадзянская супольнасць усведамляе неабходнасць такога супрацоўніцтва, неабходнасць мадэрнізацыі.

Еўрапейская індустрыя праводзіць поўную мадэрнізацыю кожныя 5-6 гадоў. Такі вось рытм для таго, каб канкураваць на вельмі складаным сусветным рынку. Але яна спраўляецца з гэтай задачай. І таму гэтая адлегласць павялічваецца з кожным днём, з кожнай гадзінай — адлегласць паміж тым патэнцыялам, які існуе ў Беларусі і нават у Расіі. У Расіі між тым пастаянна кажуць аб неабходнасці мадэрнізацыі, але там гэта цяжка правесці таму, што не хапае незалежных судоў. У вас іншая сітуацыя.

— На ваш погляд, чаму еўрапейскім палітыкам не ўдалося настаяць на пераносе чэмпіянату свету па хакеі 2014 года з Мінска?

— Па вялікім рахунку, спартовыя арганізацыі — незалежныя арганізацыі яны не залежаць ад урадаў і могуць прымаць свае рашэнні. Пытанне пераносу ўздымалася, абмяркоўвалася. І добра, што гэта рабілася і працягвае рабіцца. І мы яшчэ не ведаем, чым гэта ўсё можа скончыцца — у нас яшчэ ёсць два гады. Сітуацыя яшчэ можа кардынальна змяніцца. Пакуль спартовыя арганізацыі не прыйшлі да таго рашэння, да якога іх заклікалі, але і ва ўрадаў таксама бываюць розныя меркаванні па тым ці іншы пытанні. Як і ў любым грамадстве. Але магу сказаць адназначна — гэтае пытанне ўсё яшчэ на парадку дня.

— Якія чаканні ў Еўропе ад парламенцкіх выбараў у Беларусі? Ці магчыма такое, што яны хоць і не правядуць прадстаўнікоў дэмакратычных сіл у парламент, але пройдуць без масавых рэпрэсій і ў Еўропе гэта ўспрымуць як прыкметы дэмакратызацыі?

— Гэта супраць чалавечай прыроды — не думаць, што нешта можа палепшыцца. Да ўсяго, абавязкова неабходна, каб было назіранне за выбарамі. Як назіранне «ўнутранае», так і міжнароднае. І не важна, будуць удзельнічаць у выбарчай кампаніі палітычныя партыі ці не, але назіранне неабходна. Гэта вельмі важна для таго, каб фіксаваць усё, што будзе адбывацца, што будзе здарацца, усе скаргі, якія будуць — калі яны будуць. І для таго, каб павялічваць узровень разумення грамадскасці ўсяго таго, што будзе адбывацца. У нашай дэмакратычнай сістэме ўсе змены адбываюцца праз выбары — дэмакратычныя, свабодныя выбары. А калі ў вас гэта канчаткова зробяць немагчымым, то можа выбраць народ? Пайсці на вуліцу. А гэта не самая лепшая альтэрнатыва.

— Пэўны час таму міністр замежных спраў Літвы Ажубаліс выказаўся з стварэнне ці то нейкай Рады з прадстаўнікоў беларускай апазіцыі — як эмігрантаў, так і тых, хто знаходзяцца ў Беларусі. А тут яшчэ асобныя беларускія ўцекачы пачалі казаць пра стварэнне нейкага «ўрада ў выгнанні». Гэта адно і тое ж і як вы ставіцеся да гэтых ідэй?

— Па-першае, Рада, пры якую ідзе гаворка, не будзе органам, з якога будзе фармавацца ўрад. Па-другое, можна абмяркоўваць стварэнне нейкага альтэрнатыўнага ўрада. Але каб гэты альтэрнатыўны ўрад меў нейкі сэнс, ён павінен мець міжнароднае прызнанне. А такое наўрад ці можна сабе ўявіць у бліжэйшым будучым. Бо Еўрапейская камісія, некаторыя іншыя структуры па-ранейшаму спадзяюцца на змены ўнутры краіны. І, да прыкладу, «мадэрнізацыйная» ініцыятыва еўракамісара Фюле скіраваная на тое, каб можна было прыйсці да больш актыўнага, канкрэтнага супрацоўніцтва паміж цяперашнім беларускім кіраўніцтвам і Еўрасаюзам.

Я ўвогуле за тое, каб прасоўваць, агучваць усе ідэі людзей. Не трэба казаць адразу, што тое ці іншае не мае сэнсу, бязглуздзіца. Трэба падтрымліваць дыскусію па любым пытанні. У любым пытанні можна прыйсці да кансенсусу ў выніку сутыкнення розных меркаванняў.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны