Навіны Аналітыка

Эксперт: Крэмль можа ўзмацніць ціск на беларускую эканоміку

Эксперт: Крэмль можа ўзмацніць ціск на беларускую эканоміку

3094 праглядаў
Незалежны эканаміст Аляксандр Сінкевіч прааналізаваў эканамічную частку паслання кіраўніка дзяржавы да беларускага народу і Нацыянальнага сходу ды магчымыя наступствы задэклараванай Аляксандрам Лукашэнкам палітыкі.

«Прамова кіраўніка дзяржавы надзвычай супярэчлівая, зрэшты, як і ўсе ранейшыя ягоныя прамовы. Ёсць узаемавыключальныя тэзы, калі адначасова гаворыцца, напрыклад, пра неабходнасць вызвалення коштаў, давядзення да ўзроўню расейскіх ды ўкраінскіх і ў той жа час гаворыцца пра рэгуляванне коштаў, — заўважае эканаміст ў інтэрв’ю „Белсату“. — Гэта гаворыць пра тое, што тая мадэль, якая цяпер існуе ў Беларусі, моцна састарэла і не адпавядае тым выклікам, якія назіраюцца ўва ўсім свеце і вакол Беларусі, унутры самой краіны».

Аляксандр Сінкевіч падкрэслівае, што ў пасланні некалькі разоў уздымалася тэма прыватызацыі. «Калі цяпер гаворыцца, што працэс прыватызацыі — наменклатурнай ці абвальнай — не адбудзецца, то гэта прывядзе да наўпроставага канфлікту з Крамлём», — мяркуе эксперт. Паводле Сінкевіча, менавіта маштабная прыватызацыя беларускай дзяржаўнай маёмасці — адна з умоваў падтрымання Лукашэнкі з усходу. «Хутчэй за ўсё ўлетку ці бліжэй да восені мы будзем назіраць драматычнае развіццё падзеяў і ўзмацненне ціску на беларускую эканоміку з боку Крамля», — мяркуе эканаміст.

Эксперт падкрэслівае, што ў пасланні не прагучала новых ідэяў. «Не было агучана нейкай прарыўной мадэлі, якая ў сучасным стане беларускай эканомікі патрэбная як паветра. Не бачна інавацыйных праектаў, не агучаная перспектыва рэгіянальнай супрацы, антыкрызісных механізмаў. Агучваецца, што ёсць выклікі, праблемы, а як супрацьстаяць гэтым выклікам — пра гэта практычна нічога не было сказана», — заявіў Сінкевіч.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны