Навіны Беларусь і Свет

Ці падпіша Беларусь Канвенцыю супраць гвалтоўных знікненняў?

Ці падпіша Беларусь Канвенцыю супраць гвалтоўных знікненняў?

2579 Праглядаў Мінск
Праваабаронцы атрымалі адказ з МЗС на свой заклік да ўрада падпісаць Міжнародную канвенцыю для абароны ўсіх асоб ад гвалтоўных знікненняў. У адказе гаворыцца, што палажэнні канвенцыі адлюстраваны ў беларускім заканадаўстве.

У адказе з Міністэрства замежных спраў Беларусі, які атрымалі праваабаронцы на свой зварот ва ўрад Беларусі з заклікам падпісаць міжнародны дакумент, гаворыцца, што палажэнні Міжнароднай канвенцыі для абароны ўсіх асоб ад гвалтоўных знікненняў адлюстраваны ў беларускім заканадаўстве. Пра гэта пішуць naviny.by.

Зварот у Савет міністраў Беларусі накіроўвалі заснавальнік грамадзянскай ініцыятывы "Мы памятаем" Святлана Завадская, праваабаронца Сяргей Бахун і актывіст Руху "За Свабоду" Раман Кісляк. Далучыўшыся да канвенцыі, лічаць яны, Беларусь прадэманструе, што яна імкнецца гарантаваць абарону сваіх грамадзян ад магчымых гвалтоўных знікненняў, як гэта ўжо не раз адбывалася ў Беларусі.

У звароце праваабаронцы прасілі ўрад даць даручэнне міністру замежных спраў неадкладна падпісаць канвенцыю і ўнесці ў парламент законапраект аб яе ратыфікацыі. З Савета міністраў гэты дакумент быў перанакіраваны ў МЗС.

Як паведаміў Кісляк, з адказу за подпісам намесніка міністра замежных спраў Аляксандра Гур'янава вынікае, што беларускае заканадаўства адносіць выкраданне людзей да катэгорыі злачынстваў супраць чалавецтва і прадугледжвае крымінальную адказнасць за іх здзяйсненне.

"Па-першае, з адказу не зразумела: ці будзе ці не Беларусь далучацца да канвенцыі. Па-другое, відавочна, што ў МЗС не зусім разумеюць яе сэнс, - дадаў Кісляк. - У беларускім Крымінальным кодэксе прадугледжана пакаранне за выкраданне чалавека, а не за гвалтоўнае знікненне".

Ён удакладніў: гвалтоўным знікненнем канвенцыя лічыць "арышт, затрыманне, выкраданне або пазбаўленне волі ў любой іншай форме прадстаўнікамі дзяржавы ці асобамі або групамі асоб, якія дзейнічаюць з дазволу, пры падтрымцы або са згоды дзяржавы, пры наступнай адмове прызнаць факт пазбаўлення волi або ўтойвання дадзеных пра лёс або месцазнаходжанні зніклай асобы, з прычыны чаго гэта асоба пакінутая без абароны закона".

"Акрамя таго, канвенцыя прадугледжвае цэлы шэраг дадатковых механізмаў процідзеяння гвалтоўным знікненням, якіх няма ў нацыянальным заканадаўстве. Відавочна, што ў Беларусі неабходна правядзенне кампаніі па інфармаванні аб сутнасці канвенцыі не толькі насельніцтва, але і чыноўнікаў", - падкрэсліў Кісляк.

Ён нагадаў аб выкраданні ў траўні 1999 года ў Мінску былога міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі, у верасні таго ж года - палітыка Віктара Ганчара і бізнесмена Анатоля Красоўскага, а ў ліпені 2000 года - аператара расійскага канала ОРТ Дзмітрыя Завадскага. Ніхто з гэтых людзей да гэтага часу не знойдзены.

У якасці нядаўняга прыкладу гвалтоўнага знікнення праваабаронца назваў выкраданне 19 снежня 2011 года ў Мінску трох актывістак ўкраінскай арганізацыі Femen.

Праваабаронца рэзюмаваў, што Міжнародная канвенцыя для абароны ўсіх асоб ад гвалтоўных знікненняў была прынятая і адкрыта для падпісання і ратыфікацыі Генеральнай асамблеяй ААН 20 снежня 2006 года і ўступіла ў сілу 23 снежня 2010 года. На дадзены момант канвенцыю падпісала 91 дзяржава, 32 - ужо сталі ўдзельнікамі дадзенай канвенцыі. Беларусі сярод іх няма.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны