Першы выбух на чацвёртым энергаблоку атамнай станцыі адбыўся 26 красавіка 1986 года ў 1 гадзіну 23 хвіліны. Затым адбыўся другі, узнік пажар. Аварыя на ЧАЭС стала самай буйной у гісторыі чалавецтва тэхнагеннай катастрофай.
Нягледзячы на тое што станцыя размешчана ва Украіне, каля горада Прыпяць, больш чым 70% радыенуклідаў асела на тэрыторыі Беларусі. Ад наступстваў аварыі пацярпелі каля 2 млн. жыхароў краіны, у тым ліку больш за паўмільёна дзяцей. З сельскагаспадарчага абароту выведзена 2 млн. 64 тыс. квадратных кіламетраў сельгасугоддзяў. Радыенуклідамі былі забруджаны тэрыторыі, дзе цяпер пражывае больш за 1,4 млн. чалавек, знаходзіцца прыкладна чвэрць ляснога фонду краіны і 132 радовішчы мінеральна-сыравінных рэсурсаў розных відаў.
Паводле звестак Белстата, на пачатак 2012 года ў Беларусі ў зоне радыеактыўнага забруджвання знаходзілася 2 тыс. 394 населеныя пункты, ці больш за 10% ад ліку ўсіх населены пунктаў краіны. У іх жыве 1 млн. 141,7 тыс. чалавек (больш чым 12% колькасці насельніцтва), у тым ліку 216,9 тыс. дзяцей.
З 1991 года ў Беларусі рэалізуюцца дзяржпраграмы па ліквідацыі наступстваў катастрофы. За гэты перыяд на ліквідацыю наступстваў аварыі з бюджэту выдзелена больш чым 19 млрд. долараў ЗША. Сродкі накіроўваюцца на выплату льгот і кампенсацый для насельніцтва на пацярпелых тэрыторыях, бясплатнае аздараўленне і харчаванне дзяцей, якія жывуць на забруджанай тэрыторыі, на правядзенне ахоўных мерапрыемстваў у сельскай гаспадарцы, радыяцыйны кантроль, будаўніцтва аб’ектаў сацыяльнага, бытавога, вытворчага прызначэння.
Некалькі гадоў таму група спецыялістаў пад кіраўніцтвам члена-карэспандэнта Нацыянальнай акадэміі навук Івана Нікітчанкі, які трагічна загінуў у ДТЗ у лістападзе 2010 года, распрацавала новую канцэпцыю бяспечнага пражывання людзей на постчарнобыльскіх тэрыторыях. Сутнасць канцэпцыі, якая заснавана на агульнапрызнаным міжнародным беспарогавым прынцыпе АЛЛАРА, зводзіцца да таго, што радыенукліды шкодныя для арганізму ў любой колькасці.
Прафесар Нікітчанка і яго паплечнікі прапаноўвалі ўладам адмовіцца ад дапушчальных узроўняў утрымання радыенуклідаў у харчовых прадуктах, паколькі цяперашнія нарматывы гарантуюць атрыманне людзьмі доз радыяцыі. Нікітчанка нават накіраваў адпаведны зварот на імя Аляксандра Лукашэнкі, але ён застаўся без адказу.
З 1988 года прадстаўнікі апазіцыі штогод праводзяць у Мінску «Чарнобыльскі шлях», прымеркаваны да гадавіны аварыі. Сённяшняя акцыя, санкцыянаваная гарадскімі ўладамі, пачнецца ў 18.30. Ад будынка прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук яе ўдзельнікі пройдуць па вуліцы Сурганава да парку Дружбы народаў, дзе ў 19.30 павінен пачацца гадзінны жалобны мітынг. Акцыю плануецца завяршыць ускладаннем кветак да Чарнобыльскай капліцы каля царквы ў гонар іконы Божай Маці «Спатоленне загінулых», размешчанай побач з паркам.
Арганізатары «Чарнобыльскага шляху» — прадстаўнікі грамадскасці і апазіцыйных партый — заяўлялі, што сёлета маюць намер правесці яго пад знакам патрабавання адмены будаўніцтва Астравецкай АЭС. Аднак акрамя экалагічнай тэмы на акцыі будуць уздымацца і іншыя актуальныя пытанні, галоўнае з якіх — вызваленне палітзняволеных. //БелаПАН