Навіны Навіны Беларусі

Разгледжана скарга на забарону пікета: цуду не адбылося

Разгледжана скарга на забарону пікета: цуду не адбылося

2635 Праглядаў Мінск
Мінгарсуд пакінуў без задавальнення скаргу актывіста Алеся Марчанкі на забарону Мінгарвыканкамам пікета салідарнасці з палітвязнем.

Актывіст Руху «За Свабоду» абскарджваў рашэнне суда Маскоўскага раёна, які прызнаў законнай леташнюю забарону мінскімі чыноўнікамі пікету салідарнасці з тагачасным палітвязнем Мікіатам Ліхавідам у парку каля плошчы Бангалор.

Скаргу ў Мінскім гарадскім судзе разглядала суддзя Іна Яблакава. Каб разабрацца ва ўсіх акалічнасцях справы і вынесці рашэнне, ёй спатрэбілася некалькі хвілін. Скарга пакінутая без задавальнення, а рашэнне суда ніжэйшай інстанцыі — без зменаў.

Юрыст Руху «За Свабоду» Андрэй Сушко лічыць, што суды паставіліся да разгляду справы цалкам фармальна. У пратаколах нават не ўзгадваецца, што ў адказе чыноўнікаў парушана Дырэктыва № 2, на што звяртаў увагу заяўнік.

Мінскія ўлады абмежавалі правы і свабоды грамадзян замест спрыяння іх найбольш поўнай рэалізацыі, як гэтага патрабуе Канстытуцыя. Рашэнне беларускай Феміды аказалася тыповым для сённяшніх рэалій. Суддзі цалкам прынялі бок уладаў, а не грамадзяніна.

Нагадаем, летась 8 снежня прадстаўнік Мінгарвыканкама ў судзе Маскоўскага раёна сцвярджаў, што пікет забаронены, паколькі ў парку запланаванае іншае мерапрыемства. Той факт, што заяўнік прапанаваў правесці акцыю ў любым іншым месцы, зручным для ўладаў, быў пакінуты без увагі юрыста Мінгарвыканкама і суддзяў. Іншых месцаў чыноўнікі таксама не прапанавалі: маўляў не абавязаны. Суд палічыў такую пазіцыю слушнай.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны