Навіны Беларусь і Свет

Беларусаў Прыбайкалля падазраюць у экстрэмізме

Беларусаў Прыбайкалля падазраюць у экстрэмізме

3232 праглядаў Іркуцк
Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» выказвае занепакоенасць з нагоды крымінальнага пераследу маладзёвага клуба «Крывічы» пры Іркуцкім таварыстве беларускай культуры імя Яна Чэрскага і яго старшыні Алега Рудакова.

Як стала вядома, 12 красавіка каля 8.20 падраздяленні САХРа і спецназа ўварваліся ў кватэру старшыні Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага Алега Рудакова і на сядзібу таварыства.

Супрацоўнікамі расійскіх праваахоўных органаў былі канфіскаваны 2 камп’ютары, ноўтбук і некаторыя кнігі, у тым ліку «Кто есть кто в Великой Отечественной войне» на рускай мове. На сядзібе ІТБК былі канфіскаваны: кніга «Антыбальшавіцкія паўстаньні на Беларусі», пяць каляндарыкаў з выявамі вайскоўцаў БНР і БКА, а таксама невядома кім пакінутая кніжачка па саенталогіі і тры нумары газеты «Наследие предков» за 2004 год.

Алегу Рудакову прад’явілі пастанову аб вобшуку, дзе было сказана, што заведзена крымінальная справа, у якой ён фігуруе як лідар "экстрэмісцкай групіроўкі «Моладзевы клуб «Крывічы».

«У пастанове аб вобшуку напісана, што я з’яўляюся духоўным лідарам гэтай групоўкі, што я „выбудаваў жорсткую іерархію і беспярэчнае падпарадкаванне мне, як лідару“, што я выкладаю баявыя віды барацьбы і забараняю ў межах групоўкі размаўляць на рускай мове і шмат чаго яшчэ, што, безумоўна, лухта», — паведаміў Алег Рудакоў.

Такія неадэкватныя дзеянні былі выкліканыя тым, што праваахоўныя органы Іркуцка завялі крымінальную справу аб экстрэмізме супраць беларуса Аляксея Кухты, актывіста моладзевага клуба «Крывічы», створанага пры Іркуцкім таварыстве беларускай культуры. Аляксею Кухту выставілі абвінавачанне паводле артыкула «Узбуджэнне нянавісці альбо варожасці, а таксама знявага чалавечай годнасці». Па інфармацыі Алега Рудакова, Аляксей Кухта размясціў на сваёй асабістай старонцы ў сацыяльнай сетцы «Вконтакте» прафашысцкія і антысеміцкія выказванні і фотаздымкі. Таксама ён з’яўляецца мадэратарам старонкі моладзевага клуба «Крывічы» «Вконтакте». Там ён размясціў фільм «Беларускі рэзістанс» і фота дзеячаў БКА. Ён зрабіў гэта па ўласнай ініцыятыве, не папярэдзіўшы пра гэта Алега Рудакова. На думку апошняга, выглядае на тое, што Следчы камітэт РФ і Аддзел па экстрэмізму вырашылі выслужыцца.

У сувязі з гэтай крымінальнай справай другі раз за тыдзень былі праведзены ператрусы ў кватэры старшыні Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага Алега Рудакова і на сядзібе таварыства.

Управа Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына» лічыць, што спроба прыцягнуць Алега Рудакова да крымінальнай адказнасці як лідара "экстрэмісцкай групоўкі «Моладзевы клуб «Крывічы» выглядае абсалютна неабгрунтаванай і нават абсурднай. Ужо больш за 15 год Алег Рудакоў займаецца выключна культурніцкай дзейнасцю па адраджэнні і папулярызацыі духоўных і культурных каштоўнасцяў беларускага народа ў Прыбайкаллі, распаўсюджванні і падтрымцы беларускіх нацыянальных звычаяў, рамёстваў, абрадаў і мовы.

Алег Рудакоў узнагароджаны шматлікімі ганаровымі граматамі, у тым ліку Ганаровай граматай Губернатара Іркуцкай вобласці. Ён з’яўляецца сябрам Кансультатыўны Савета па справах беларусаў замежжа пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь. У красавіку 2010 года за асабісты ўклад у захаванне традыцый беларускай культуры Алег Рудакоў быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.

Даведка:

Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага было створана Алега Рудаковым у 1996 годзе. Асноўная мэта Таварыства — адраджэнне, захаванне і развіццё духоўных і культурных каштоўнасцяў беларускага народа, распаўсюджванне і падтрымка беларускіх нацыянальных звычаяў, рамёстваў, абрадаў і мовы.
Іркуцкая гарадская маладзёжная грамадская арганізацыя «Моладзевы клуб «Крывічы» (МК «Крывічы») афіцыйна зарэгістраваная ва Упраўленні Міністэрства юстыцыі Расійскай Федэрацыі па Іркуцкай вобласці 8 верасня 2009 года. Дадзеная арганізацыя займаецца вывучэннем беларускіх святаў, рамёстваў, песень і танцаў.
У Іркуцкай вобласці дзейнічае 11 аддзяленняў ІТБК. Акрамя моладзевага клуба «Крывічы», пры ІТБК дзейнічаюць 6 беларускіх фальклорных гуртоў, 3 дзіцячыя фальклорныя студыі, 2 харэаграфічных дзіцячых ансамблі, народны беларускі хор, 2 гурты аўтэнтычных беларускіх спеваў. У сядзібе Таварыства створаны бібліятэка беларускай літаратуры і музей-майстэрня «Беларуская хатка», дзе сабраны ўнікальныя экспанаты з беларускіх вёсак Прыбайкалля. У музеі іркуцкая моладзь займаецца старажытнымі беларускімі рамёствамі: саломапляценнем, сэнсавай вышыўкай, ткацтвам, паясапляценнем, выцінанкай, рэканструкцыяй нацыянальных беларускіх строяў і інш.

ІТБК рэгулярна ладзіць адзначэнне старадаўніх беларускіх святаў, такіх як Гуканне Вясны, Камаедзіца, Купалле, Дзяды, Каляды, праводзіць майстар-класы па навучанні беларускім народным танцам, беларускія гістарычныя вечарыны, этнаграфічныя экспедыцыі па беларускіх вёсках Прыбайкалля і інш. Штогод ладзіцца абласны Фестываль-конкурс «Гучы, гоман беларускі», на які з’язджаюцца калектывы з усяго Прыбайкалля.

У 2011 годзе Рэгіянальная грамадская арганізацыя «Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага» заняла першае месца ў конкурсе на лепшы нацыянальна-культурны цэнтр Іркуцка, які праводзіўся адміністрацыяй горада.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны