Навіны Беларусь і Свет

Еўрасаюз нагадаў уладам Беларусі пра страчаныя магчымасці

Еўрасаюз нагадаў уладам Беларусі пра страчаныя магчымасці

4134 праглядаў Варшава
Еўрасаюз гатовы падзяліцца з Беларуссю досведам паспяховых рэформаў, а таксама аказаць фінансава-эканамічную дапамогу ў іх правядзенні. Пра гэта гаварылася 16-17 красавіка ў Варшаве на семінары «Прыватызацыя і прадпрымальніцтва у Беларусі — магчымасці міжнароднай падтрымкі». Ён быў арганізаваны ў межах «Еўрапейскага дыялогу з Беларуссю па мадэрнізацыі», які стартаваў пры канцы сакавіка.

Семінар адкрылі «архітэктар» польскіх рынкавых рэформаў прафесар Лешак Бальцаровіч, міністр замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі і еўракамісар па пытаннях пашырэння і палітыкі суседства Штэфан Фюле.

Мэтай семінара было абмеркаванне патрабаванняў да прыватызацыі, а таксама да кансалідацыі прадпрымальніцтва, а таксама акрэсленне магчымых рэформаў, якія могуць ажыццяўляцца пры падтрымцы ЕС і міжнародных фінансавых інстытутаў.

У абмеркаваннях ўзялі ўдзел міжнародныя эксперты і вялікая колькасць прадстаўнікоў беларускіх арганізацый, аналітычных цэнтраў і інстытутаў. Ад Руху «За Свабоду» на семінары прысутнічалі намеснік старшыні Юрась Губарэвіч і эксперт «Народнай праграмы» Даша Слабчанка.

«Еўрасаюзу, безумоўна, ёсць што прапанаваць Беларусі для мадэрнізацыі нашай эканомікі. Пачынаючы з досведу трансфармацый у той самай Польшчы, а Беларусь можа пераняць яго з улікам аналізу зробленых памылак, да фінансаваэканамічнай дапамогі. Інструментаў для гэтага хапае — напрыклад, у межах Еўрапейскай праграмы суседства, праз супрацу з Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця», — сказала Даша Слабчанкаў у інтэрв’ю Pyx.by.

Галоўнае, што падкрэслівалася ў выступах еўрапейскіх высокіх палітыкаў і экспертаў, — прыватызацыя павінна праходзіць транспарэнтна.

«Роля апазіцыі і трэцяга сектару, у прыватнасці Руху «За Свабоду» палягае ў тым, каб забяспечыць грамадскі кантроль за празрыстасцю працэсу прыватызацыі. Бо тая самая прыватызацыя патрэбная не для затыкання дзірак у бюджэце, як гэта ёсць з большага цяпер, а для мадэрнізацыі эканомікі. Вельмі важна таксама інфармаваць насельніцтва пра перавагі рэформаў, пра тое, што можа даць Беларусі Еўрасаюз. То бок, мы выконваем ролю праваднікоў сігналу, які дасылае аб’яднаная Еўропа ў Мінск, у Беларусь. Дарэчы, нагадаю, што пэўныя напрацоўкі па рэформах у розных сферах, а не толькі ў эканоміцы, ёсць у «Народнай праграмы», ініцыяванай Рухам «За Свабоду», — кажа эксперт.

Падчас канферэнцыі адзначалася, што Еўрасаюз, безумоўна, гатовы да супрацы з беларускім урадам што да спрыяння эканамічным пераўтварэнням, але пры ўмове выканання базавых дэмакратычных стандартаў.

«Дэмакратычныя і рынкавыя рэформы — гэта тыя дзве рэйкі, па якіх мае рухацца Беларусь. І калі дыялог па мадэрнізацыі ўявіць як цягнік, то цешыць, што беларускую апазіцыю, грамадзянскую і экспертную супольнасці запрасілі, як толькі ён крануўся. Безумоўна, далучэнне ўраду да дыялогу толькі вітаецца, але гэта магчыма па вызваленні і рэабілітацыі палітзняволеных. Нам, запрошаным, галоўнае — не проста быць пасажырамі, але браць актыўны ўдзел у вызначэнні кірунку, спосабу і тэмпаў прасоўвання наперад. Шлях і фармат абіраць нам, аб’яднаная Еўропа гатовая спрыяць у нашых мадэрнізацыйных намаганнях, руху наперад. Сённяшні семінар — гэта ў тым ліку і напамін беларускім уладам аб страчаных магчымасцях у выніку прыпынення дыялогу з ЕС», — падсумавала Даша Слабчанка.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Народная праграма

Апошнія навіны