Навіны Беларусь і Свет

Якая розніца паміж вязнем сумлення і палітычным вязнем?

Якая розніца паміж вязнем сумлення і палітычным вязнем?

4194 праглядаў Мінск
Эстонскі палітык, дакладчык па Беларусі Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы Андрэс Херкель згадвае грамадзян, якія пацярпелі за перакананні ад сваіх дзяржаў.

Некалькі дзён таму я быў у вясновым Осла. На прыcвечанай сітуацыі ў Беларусі канфэрэнцыі, арганізаванай Нарвежскім Хельсінкскім камітэтам у супрацоўніцтве з Нарвежскім ПЕН-клубам. Падчас вячэры, у адной з арганізатарак былі слёзы на вачах. Чаму? Спадарыня адказала, што нічога не зменіцца, а людзі пакутуюць. І не толькі ў Беларусі. Я ніяк не мог яе супакоіць, апроч як звярнуцца да гісторыі, поўнай неапісальных жахаў. Другая сусветная вайна, дэпартацыі, пакуты і смерць у ГУЛАГу. На шчасце, сённяшнія жахі ўсё ж не такой ступені.

Калі я вярнуўся дахаты, перапрануўся са свайго звычайнага строю з гальштукам у цішотку, якую мне падарылі ў Осла, з надпісам «Свабоду Алесю Бяляцкаму». Зараз я пішу гэтыя радкі, а партрэт Алеся ў мяне на грудзях, надпіс — на маім жываце. Летась я сустракаўся з Алесем у Нарвегіі. А сёлета я атрымаў цішотку з патрабаваннем яго вызвалення.

Алеся арыштавалі ў жніўні мінулага году. Увосень ён быў асуджаны да чатырох з паловай год зняволення за ўхіленне ад падаткаў. Грошы на падтрымку Праваабарончага цэнтру «Вясна», якія ачольваў Алесь, паступалі на яго прыватны банкаўскі рахунак. Паколькі «Вясна» не можа працаваць адкрыта і свабодна і мець банкаўскі рахунак, гэта было адзінай магчымасцю падтрымліваць арганізацыю. «Міжнародная амністыя! адразу прызнала Алеся Бяляцкага вязнем сумлення. Паколькі дзейнасць Алеся па абароне правоў чалавека шырока прызнаная, многія парламентарыі па ўсёй Еўропе падтрымалі яго вылучэнне на Нобелеўскую прэмію міру.

Якая розніца паміж вязнем сумлення і звычайным палітычным вязнем? Самая простая дэфініцыя палітычнага вязня — асоба, якая знаходзіцца ў турме праз тое, што выступае супраць ураду сваёй краіны. Не заўсёды проста вызначыць гэта, бо часта выкарыстоўваюцца непалітычныя артыкулы, можа мець месца селектыўнае правасуддзе ці нават відавочна штучныя абвінавачванні. Напрыклад, адзін з тыповых мэтадаў — «знайшлі» наркотыкі ў кішэні арыштаванага дысідэнта.

Вязні сумлення — людзі, якія былі пазбаўлены волі з прычыны выражэння сваіх перакананняў. Аднак, ёсць удакладненне, што гэтыя перакананні маюць быць мірнымі і не заклікаць да гвалту. Тыя, хто спрабуе зрынуць урад у супрацы з выведкай іншай краіны, таксама не падпадаюць пад гэты статус. Такім чынам, актывісты «Начнога пільнавання», калі іх віна ў так званых беспарадках «бронзавай ночы» (рускі бунт у Эстоніі ў 2007 годзе — заўв. Pyx.by) будзе пераканаўча даказаная, у любым разе не будуць прызнанымі вязнямі сумлення.

Апроч палітыкаў, рэлігійныя дзеячы таксама могуць стаць вязнямі сумлення, калі яны адмаўляюцца з-за сваіх перакананняў выконваць абавязкі, накладзеныя дзяржавай, якія супярэчыць іх рэлігіі. Сам панятак «вязень сумлення» быў прапанаваны ў 1961 годзе брытанскім юрыстам Пітарам Бененсанам. Ён таксама распачаў кампанію «Заклік да амністыі-1961», якая пераўтварылася ва ўплывовую праваабарончую арганізацыю «Міжнародная амністыя». І хаця арганізацыя з часам пашырыла свае прынцыпы, і нам можа зусім не падабацца іх крытыка эстонскай моўнай палітыкі, патрабаваньне вызваліць вязняў сумлення таксама з’яўляецца базавай дзейнасцю «Міжнароднай амністыі».

Сёння ў Беларусі каля 10 вязняў сумлення. Напрыклад, летась журналістка Ірына Халіп была вязнем сумлення пад хатнім арыштам, сёння яна мае пэўную свабоду перасоўвання. Так бы мовіць, яна вязень сумлення пад умоўна-датэрміновым вызваленнем. Муж Ірыны, Андрэй Саннікаў, кандыдат на прэзідэнцкіх выбарах-2010, зараз у турме, дзе вельмі жорсткія ўмовы, і ўсе, апроч беларускіх уладаў, хвалююцца за ягонае здароўе. Дарэчы, і сама Ірына была спачатку ў турме, але, паколькі ў іх з Андрэем маленькі сын, які застаўся са старэнькай бабуляй, а міжнародны ціск быў моцным, у лады вырашылі змякчыць пакаранне. Цягам многіх месяцаў яна была змушана заставацца дома, адрэзанай ад сувязі са знешнім светам, нават да вакна было недазволена падыходзіць.

Беларусь прызнана краінай-ізгоем, а наяўнасць палітвязняў там толькі пацвярджае гэты статус. З іншага боку, у краінах-сябрах Рады Еўропы ўвогуле не мусіць быць палітычных вязняў, не кажучы ўжо пра вязняў сумлення (Беларусь не з’яўляецца сябрам Рады Еўропы — заўв. Pyx.by). Але на практыцы гэта не зусім так. Пальма першынства тут у Азербайджана, дзе «Міжнародная амністыя» налічыла 14 вязняў сумлення. Гэта адносна новыя справы, гэтыя людзі ў сваіх блогах і публічных выступах крытыкавалі ўлады і заклікалі людзей да дэманстрацыяў.

І я б хацеў заклікаць усіх людзей добрай волі звярнуцца да эстонскіх журналістаў і асабліва да Эстонскай кампаніі нацыянальнага вяшчання не забыць аб палітычных вязнях і істотным недахопе палітычнага плюралізму ў Азербайджане, калі яны паляцяць у Баку напрыканцы траўня. Гэтыя праблемы не мусяць быць забытымі, таму што наш прывілей жыць у свабодным сьвеце проста абавязвае нас рабіць хоць нешта. Мы мусім заўсёды памятаць аб пакутах іншых.

Сярод сённяшніх азербайджанскіх палітвязняў няма такіх яркіх «зорак», як журналіст Эйнула Фатулаеў, якога вызвалілі пад міжнародным ціскам у траўні мінулага году. Я пісаў аб ім у сваёй кніжцы «Лісты з Азербайджану» (2010), якая базуецца на маім досведзе дакладчыка (Парламенцкай асамблеі Рады Эўропы па Азербайджане (2004-2010) — заўв. Pyx.by). З новых вязьняў хіба найбольш выбітны Турал Абаслі, 29-гадовы журналіст і блогер, глава моладзевай секцыі Партыі роўнасці (адна з асноўных апазіцыйных партыяў — заўв. Pyx.by). Перш за ўсё, адметна, як шмат маладых людзей было ізалявана ад грамадства. Былыя міністры Фархад Аліеў і Алі Інсанаў зараз таксама палітвязні, хоць яны і не былі прызнаныя вязнямі сумлення.

Міхаіл Хадаркоўскі і Платон Лебедзеў, якія ўжо доўгі час знаходзяцца ў турме ў Расіі, былі таксама намінаваныя на статус вязняў сумлення. Хадаркоўскі больш вядомы з іх, але па сутнасці мы маем справу з дзвюма паралельнымі справамі. Магчыма, Лебедзеў быў арыштаваны першым, каб даць Хадаркоўскаму знак пакінуць краіну. Але Хадаркоўскі застаўся. У 2005-м абодва былі асуджаныя да 9 год у турме, але ў 2011-м, калі яны маглі прэтэндаваць на ўмоўна-датэрміновае вызваленне, яшчэ 12 год былі дададзеныя да іх пакарання па новых абвінавачваннях. Пасля гэтага «Міжнародная амністыя» прызнала іх вязнямі сумлення. Апроч гэтага, палітычныя лідары кшталту Барыса Нямцова і іншых, былі арыштаваныя на кароткія тэрміны. Паколькі «Міжнародная амністыя» зрэагавала хутка, можна сказаць, што у спісе вязняў сумлення ў Расіі, які звычайна складаецца з 2 плюс х імёнаў, сёння х роўны 0.

Трэцяя краіна-сябра Рады Еўропы, у якой час ад часу з’яўляюцца вязні сумлення — гэта Турцыя. Збольшага, гэта выпадкі, звязаныя з пытаннямі сумлення альбо з сябрамі Працоўнай партыі Курдыстана.

Палітыкі за кратамі ва Ўкраіне ўсё часцей у парадку дня. Да цяперашняга часу пазбягалася называць у афіцыйных дакументах былую прэм’ер-міністарку Юлію Цімашэнка і былога міністра ўнутраных справаў Юрыя Луцэнку палітычнымі вязнямі. Прадстаўнікі «Міжнароднай амністыі» таксама не бачаць падставаў называць былых украінскіх чыноўнікаў вязнямі сумлення. У той жа час, факт таго, што палітычны матыў добра бачны як у працы следства, так і суда, не можа ігнаравацца. Як толькі адна справа супраць Цімашэнка была закрытая, адразу ж была адкрытая іншая, так што яна не магла нават на кароткі час вольна камунікаваць са знешнім светам.

У Арменіі былі дзясяткі палітычных вязняў і шмат забітых пасля апошніх прэзідэнцкіх выбараў у 2008 годзе. На сёння праблема вязняў вырашаная, але напачатку траўня ў краіне пройдуць парламенцкія выбары. З досведу мінулага, выбары адносяцца да фактару рызыкі ў Арменіі.

І напрыканцы — прыклад з далёкай краіны. Наколькі поўнымі выключэнняў могуць быць абставіны, звязаныя з палітычнымі вязнямі, бачна з жыцця адзінаццатага Панчэн Ламы Гедуна Чок’і Н’іма (Панчэн Лама — другі па значнасці Лама пасля Далай Ламы ў тыбецкім будызме заўв. Pyx.by), які нарадзіўся ў 1989 ujlpt. Яго ізалявалі ад свету ва ўзросце шасці год. Гэта самы малады палітычны вязень у свеце. І зараз, калі ён ужо падрос, Гедун Чок’і Н’іма ўсё яшчэ пад арыштам.

***

Не ўсе вязні сумлення — змагары за свабоду ў простым сэнсе гэтага слова. Права абраць альтэрнатыву службе ў войску з рэлігійных ці іншых перакананняў — гэта не барацьба за волю. Наш Юры Кук (эстонскі дысідэнт, загінуў у няволі ў 1981-v — заўв. Pyx.by), безумоўна, быў вязнем сумленья і барацьбітам за волю. Некаторыя з сённяшніх выступоўцаў на канферэнцыі памяці Юры Кука — Эн Тарто, Март Ніклус і Калью Мятлік — маюць такі ж самы статус. Яны карыстаюцца вялізнай пашанай за тое, што зрабілі. І на шчасце, у сённяшняй Эстоніі мы кажам пра палітычных вязняў у мінулым часе.

У дэмакратычнай краіне людзі крытыкуюць палітыкаў, але ў аўтарытарнай дзяржаве ўрад і афіцыйная прапаганда крытыкуюць вязняў сумлення. Па-за межамі сваёй краіны альбо сярод апазицыі вязень сумлення можа быць вельмі паважаным чалавекам. Але заслужанае афіцыйнае прызнанне прыходзіць толькі пасля карэннай змены ўраду. На шчасце, у Эстоніі гэта ўжо здарылася.

-----------------------------------------

Тэкст быў падрыхтаваны да канфэрэнцыі «Дзень пакутнікаў за волю», Тарту, 25 сакавіка 2012.
Пераклад
Дашы СЛАБЧАНКІ

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны