Навіны Беларусь і Свет

Еўрапарламент не чакае рэвалюцыйнай ночы ў Беларусі

Еўрапарламент не чакае рэвалюцыйнай ночы ў Беларусі

2039 Праглядаў
Еўрапарламент рыхтуецца прыняць 29 сакавіка рэзалюцыю, якая «будзе вельмі крытычнай у дачыненні да ўладаў Беларусі». Так праанансаваў дакумент віцэ-прэзідэнт Еўрапарламента, польскі дэпутат Яцэк Пратасевіч у інтэрв’ю афіцыйнаму сайту ЕП.

«Рэзалюцыя дэманструе падтрымку Еўрапейскім парламентам рашэння, прынятага 23 сакавіка Саветам міністраў замежных спраў аб пашырэнні сферы прымянення санкцый да беларускага рэжыму. Цяпер гэта не толькі дыпламатычныя і візавыя абмежаванні, але і шэраг мэтавых эканамічных санкцый, аб неабходнасці якіх Еўрапейскі парламент гаворыць ужо год», — падкрэсліў ён.

Як паведаміў БелаПАН, Пратасевіч нагадаў, што два тыдні таму еўрадэпутаты адклалі галасаванне па рэзалюцыі, «спадзеючыся, што перспектыва далейшых санкцый паслужыць пазітыўным сігналам ураду Беларусі і для вырашэння пытанняў аб палітычных зняволеных і парушэнні правоў чалавека», але гэтага не адбылося.

Палітык адзначыў, што пакуль санкцыі ЕС былі толькі дыпламатычныя, іх уплыў быў абмежаваны. «Пачынаючы з лютага, калі міністры пачалі разгляд эканамічных санкцый, я бачу розную рэакцыю з Мінска. Гэта паказвае, што эканамічныя санкцыі з’яўляюцца рэальнай пагрозай і рэальнай праблемай для ўрада Беларусі, — сказаў ён. — Беларусь мае патрэбу ў эканамічным супрацоўніцтве з ЕС больш, чым Еўрасаюз мае патрэбу ў супрацоўніцтве з Беларуссю. Я лічу, што па гэтай прычыне санкцыі прывядуць да станоўчых перамен».

Пратасевіч таксама падкрэсліў: «Упершыню мы змаглі зразумець, чаму некаторыя дзяржавы-члены блакіруюць рашэнні аб санкцыях. Яны дакладна растлумачылі, што такія санкцыі могуць нанесці ўрон іх кампаніям. Тым не менш мы не можам быць пасіўнымі і не можам прыняць такое пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі».

Паводле яго слоў, Еўрапарламент не чакае «рэвалюцыйнага пераходу ад цяперашняга аўтарытарнага рэжыму да дэмакратычнага праўлення за адну ноч». «Тым не менш асноўным патрабаваннем з’яўляецца вызваленне людзей, якія цяпер сядзяць у турмах за сваю палітычную дзейнасць, і спыненне пераследу грамадзян краіны», — сказаў ён.

Пратасевіч таксама адзначыў, што многія еўрадэпутаты былі шакіраваныя прывядзеннем у выкананне прыгавораў у дачыненні да Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва, нягледзячы на тое, што было «шмат пытанняў да судовага працэсу і шматлікія заклікі міжнароднай супольнасці». «Гэта быў выразны знак таго, што рэжым у Мінску не гатовы размаўляць з міжнароднай супольнасцю, і гэта яшчэ адна прычына, чаму важна прыняцце рэзалюцыі па Беларусі», — сказаў Пратасевіч.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны