Навіны Навіны Беларусі

Дзень Волі ў рэгіёнах: дыктоўка, гульня, ускладанне кветак

Дзень Волі ў рэгіёнах: дыктоўка, гульня, ускладанне кветак

4645 Праглядаў Магілёў Віцебск Брэст Горкі Гродна Масты
Шэсце і мітынг на Дзень Волі, паводле ацэнак апазіцыі і незалежных СМІ, сабралі на вуліцах Мінска каля 3 тысяч чалавек. Міліцыя налічыла прадказальна нашмат меней — усяго 200. Між тым, свята з нагоды чарговых угодак абвяшчэння БНР адзначалі, хоць і больш сціпла, таксама ў рэгіёнах. У тым ліку з удзелам актывістаў Руху «За Свабоду».

Напрыклад, у Гродне яны разам з мясцовымі жыхарамі пісалі Агульнанацыянальную дыктоўку. Гэтак жа адзначылі свята ў Мастах — у якасці тэксту быў абраны верш Максіма Багдановіча «Кінь вечны плач свой аб старонцы!».

«Гэта цудоўны дзень, цудоўнае свята і напісанне дыктоўкі ў Мастах менавіта ў дзень абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі стала ўжо традыцыяй. У гэтыя не самыя лепшыя часы для Беларусі вельмі важна дэманстраваць сваю павагу да роднай мовы, беларускай літаратуры і нацыянальных святаў,» — паведаміў Алег Пронскі, актывіст Руху «За Свабоду» і адзін з арганізатараў дыктоўкі ў Мастах.

Як паведамляе радыё «Свабода», у Бабры, што на Віцебшчыне, акцыю да Дня Волі зладзіў мастак Алесь Пушкін, лаўрэат прэміі «За свабоду думкі», заснаванай кіраўніком Руху «За Свабоду» Аляксандрам Мілінкевічам.

У Віцебску з нагоды Дня Волі ўсклалі кветкі да мэмарыяльнай дошкі, прысвечанай Васілю Быкаву, і да помніка Ўладзіміру Караткевічу.

Каля помніка Караткевічу гучалі ягоныя творы. Прысутныя згадвалі палітвязняў, у тым ліку земляка Сяргея Каваленку.

Пра гэта ў кароткай прамове гаварыў рэгіянальны лідар Руху «За Свабоду» Хрыстафор Жаляпаў:

«Мы ўспамінаем палітвязняў, якія ў турмах пакутуюць за Беларусь. Успамінаем Сяргея Каваленку, які ў вязніцы пакутуе за наш сцяг, за нашу сімволіку. Жыве Беларусь!»

У Горках, што на Магілёўшчыне, грамада апазіцыянераў наведала магілу каліноўца-касінера Войцеха Дамарацкага. Ён загінуў 24 красавіка 1861 году падчас вызвалення паўстанцамі Горак ад расійскіх войскаў. Помны знак ваяру знаходзіцца на тэрыторыі сельскагаспадарчай акадэміі.

Удзельнік акцыі, актывіст Руху Ілля Заранок кажа:

«Каля дваццаці чалавек было. Прыйшлі з белымі і чырвонымі гваздзікамі. Павіншавалі адзін аднаго. Усклалі кветкі. Былі невялікія прамовы. Сапраўды, ёсць пэўная сувязь паміж паўстаннем Кастуся Каліноўскага і сённяшнім днём, бо менавіта яно заклала традыцыю змагання за незалежнасьць Беларусі. І дзякуючы яму паўстала незалежная Беларуская Народная Рэспубліка».

Святкаванне Дня Волі ў Магілёве абмежавалася вечарынай з удзелам рухаўцаў у грамадскім цэнтры «Кола». Вечарыны таксама адбыліся ў Крычаве і Бялынічах.

Брэсцкія дэмакратычныя актывісты 25 сакавіка ўшанавалі памяць дзеяча БНР Адама Трыпуса, пахаванага на Трышынскіх могілках у абласным цэнтры. Таксама адбылося ўскладаньне кветак да помніка ахвярам палітычных рэпрэсій. Акрамя таго, сябры Партыі БНФ, Руху «За Свабоду» і моладзевых арганізацый наведалі Вайсковыя могілкі, дзе пахаваныя жаўнеры генерала Станіслава Булак-Балаховіча.

Кіраўнік партыі БНФ па Брэстчыне і актывіст Руху «За Свабоду» Зміцер Шыманскі распавёў, што, акрамя гэтых традыцыйных імпрэзаў, моладзь упершыню зладзіла гульню «БНР-Брэст».

Маладыя людзі ў камандах шукалі у горадзе пэўныя гістарычныя месцы, дзе былі зафіксаваныя далейшыя пункты. І каманда, якая прыйшла на фінішны пункт маршруту першай, перамагла.

Зміцер Шыманскі кажа, што для гульні моладзі спатрэбіліся веды па гісторыі Беларускай Народнай Рэспублікі.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны