Навіны Беларусь і Свет

Пашырэнне санкцый ЕС датычыць бізнссу, што падтрымлівае рэжым

Пашырэнне санкцый ЕС датычыць бізнссу, што падтрымлівае рэжым

1855 Праглядаў
У выніковым дакуменце, прынятым 23 сакавіка ў Бруселі на пасяджэнні Савета міністраў замежных спраў краін ЕС, зазначаецца: спіс прадстаўнікоў Беларусі, супраць якіх дзейнічаюць санкцыі, пашыраны за кошт «людзей, адказных за сур’ёзныя парушэнні правоў чалавека або рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзянскай супольнасці і палітычнай апазіцыі».

Савет ЕС таксама прыняў рашэнне аб уключэнні ў спіс бізнесменаў і кампаній, якія «атрымліваюць выгаду ад рэжыму або падтрымліваюць яго», і пакідае за сабой магчымасць далейшага пашырэння абмежавальных мер на сваіх наступных пасяджэннях, калі палітзняволеныя не будуць вызвалены.

Еўрасаюз зноў заклікае беларускія ўлады неадкладна вызваліць і рэабілітаваць усіх палітычных зняволеных.
У дакуменце асуджаецца адмова ў задавальненні касацыйнай скаргі праваабаронцы Алеся Бяляцкага і асуджэнне на два гады і адзін месяц пазбаўлення волі актывіста апазіцыі Сяргея Каваленкі. Апрача таго, гаворыцца аб «сур’ёзнай занепакоенасці ЕС» адносна інфармацыі аб магчымым прымяненні катаванняў і жорсткім абыходжанні ў дачыненні да палітзняволеных у турмах, у тым ліку да Андрэя Саннікава, Мікалая Статкевіча, Дзмітрыя Бандарэнкі, Дзмітрыя Дашкевіча і Мікалая Аўтуховіча.

Савет ЕС асудзіў прывядзенне ў выкананне смяротных прыcудаў Уладзіславу Кавалёву і Дзмітрыю Канавалаву, зноў заклікаў беларускія ўлады да ўвядзення мараторыя на смяротную кару і зазначыў, што Еўрасаюз выступае супраць гэтага віду пакарання пры любых акалічнасцях.

Еўрасаюз зноў заклікаў беларускія ўлады спыніць усякі пераслед прадстаўнікоў апазіцыі, грамадзянскай супольнасці, праваабаронцаў, журналістаў і не абмяжоўваць іх свабоду перамяшчэння. «ЕС асуджае задушэнне мірных пратэстаў і сістэматычнае выкарыстанне судовай сістэмы для рэпрэсій, у тым ліку ў дачыненні да мірных пратэстантаў, — гаворыцца ў дакуменце. — ЕС таксама моцна занепакоены зменамі ў заканадаўстве, якія яшчэ больш абмяжоўваюць правы беларускіх грамадзян на свабоду сходаў, асацыяцый і доступу інфармацыі ў сетцы інтэрнэт».

Савет ЕС заклікаў Беларусь паважаць міжнародна прызнаныя дыпламатычныя прывілеі і імунітэт еўрапейскіх дыппрадстаўніцтваў і іх супрацоўнікаў у Мінску і не дапускаць іх пераследу.

Апрача таго, ЕС мае намер праінфармаваць міжнародную і нацыянальныя хакейныя федэрацыі аб «адсутнасці ў Беларусі павагі да правоў чалавека, вяршэнства закону і дэмакратычных прынцыпаў».

У дакуменце зазначаецца, што ЕС «глыбока прыхільны падтрымцы беларускага народа і грамадзянскай супольнасці і супрацоўніцтву з імі, а таксама дэмакратычным памкненням беларусаў». Савет ЕС вітае рашэнне аб запуску праграмы Еўрасаюза «Еўрапейскі дыялог аб мадэрнізацыі» з беларускім грамадствам, якая прадугледжвае неабходныя рэформы ў Беларусі, а таксама магчымую падтрымку ЕС у сувязі з гэтым.

Еўрасаюз таксама заклікае беларускія ўлады пачаць нацыянальны дыялог з грамадзянскай супольнасцю і апазіцыяй, каб «пракласці шлях» для правядзення парламенцкіх выбараў у 2012 годзе ў адпаведнасці з міжнароднымі нормамі і стандартамі, заклікае супрацоўнічаць з АБСЕ і прытрымлівацца ўзятых на сябе абавязацельстваў як краіна — удзельніца гэтай арганізацыі, паведамляе БелаПАН.

ЕС зноў заяўляе пра сваю гатоўнасць пачаць перамовы па пагадненнях аб аблягчэнні візавага рэжыму і аб рэадмісіі, якія «ўмацавалі б кантакты паміж людзьмі, што пайшло б на карысць жыхарам Беларусі», і шкадуе «аб неканструктыўнай пазіцыі беларускіх уладаў, якія не адказалі дагэтуль на ліст, накіраваны ў чэрвені 2011 года, што заклікаў пачаць перамовы».

У дакуменце гаворыцца, што Савет ЕС працягне ўважліва сачыць за сітуацыяй у Беларусі. «Савет зноў заяўляе пра сваю прыхільнасць палітыцы крытычнага абавязацельства, у тым ліку праз дыялог і праграму „Усходняе партнёрства“, і заяўляе, што развіццё двухбаковых адносінаў залежыць ад прагрэсу Беларусі ў кірунку паважання прынцыпаў дэмакратыі, вяршэнства закону і правоў чалавека. ЕС па-ранейшаму гатовы аказаць дапамогу Беларусі выконваць гэтыя абавязацельствы», — заяўляюць аўтары.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны