Навіны Навіны Беларусі

Канавалава і Кавалёва можа выратаваць ад расстрэлу ААН

Канавалава і Кавалёва можа выратаваць ад расстрэлу ААН

4175 Праглядаў Мінск
Аляксандр Лукашэнка не памілаваў Кавалёва і Канавалава. Пра гэта паведамілі ў эфіры праграмы «Панарама» на канале «Беларусь-1» вечарам 14 сакавіка. Гэткае рашэнне было прынята ў сувязі з вялікай колькасцю забітых пры тэракце і «выключнай небяспекай і цяжкасцю здейсненага злачынства».

Уладзіслаў Кавалёў і Дзмітрый Канавалаў былі прысуджаныя да растрэлу за арганізацыю тэракта ў мінскім метро 11 красавіка 2011 г., у выніку якога загінулі і памерлі ад ран 15 чалавек, а траўмы атрымалі 387 чалавек.

Гэты прысуд выклікаў дыскусію ў грамадстве, паколькі многія палічылі іхную віну недаказанай

Маці аднаго з асуджаных Любоў Кавалёва не можа гаварыць ад слёз, перадае «Белсат». «Яны адпомсцілі майму сыну за тое, што ён сказаў праўду на судзе, яны адпомсцілі мне за тое, што я езділа ў Страсбург і распавяла ўсім, як асудзілі хлопцаў», -упэўнена жанчына.

Яна лічыць, што нездарма ёй з дачкой дазволілі ў нядзелю пабачыць Улада і паразмаўляць з ім ажно тры гадзіны: «Яны ўжо тады ўсё ведалі, і Улад ведаў, а я ўсё ніяк не магла зразумець чаму ў яго такі позірк. Ён яўна штосьці мне хацеў сказаць. Падчас тэракту загінула столькі людзей і вось гэтыя забойцы зараз пазбавяць жыцця яшчэ і майго сына, і Дзіму».

Любоў Кавалёва адзначае, што рашэнне прынятае яшчэ да напісання нагляднай скаргі. І дадае, што ўчора адвакат Станіслаў Абразей павінен быў сустрэцца са сваім падабаронным. Аднак яго не дапусцілі ў СІЗА КДБ да Уладзіслава Кавалёва.

Праваабаронца Людміла Гразнова прызнаецца, што шакавана паведамленнем беларускага тэлебачання. «Я не магу знайсці ніякага лагічнага тлумачэння гэтаму рашэнню. Мы ўсе закладнікі палітычна неадэкватнай ўлады», — абураецца яна.

Праваабаронца нагадвае, што справа Канавалава-Кавалёва знаходзіцца на разглядзе ў Камітэце па правах чалавека ААН. Згодна з міжнароднымі нормамі, якія падпісала і Беларусь, прысуд не павінен выконвацца, пакуль ААН не вынесе свой вердыкт па справе.

Людміла Гразнова не выключае, што яны таксама звернуцца да Папы Рымскага, каб той паўплываў на беларускага прэзідэнта адмяніць прынятае рашэнне.

Кавалёў напісаў на імя кіраўніка краіны прашэнне аб памілаванні яшчэ на пачатку снежня 2011 года. Ягоная маці ўвесь час змагалася за жыццё сына, а ў інтэрнэце быў абвешчаны збор подпісаў за адмену смяротнага пакарання. Было сабрана больш за 160 тыс. подпісаў, на якія відаць, ніхто не звярнуў увагі.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны