Навіны Беларусь і Свет

Як ажывіць Усходняе Партнёрства?

Як ажывіць Усходняе Партнёрства?

3611 Праглядаў Мінск
Для павелічэння эфектыўнасці праграмы неабходна выпрацоўка новай палітычнай прапановы для краінаў-партнёраў, узмацненне эканамічнай прысутнасці ЕС, паўставанне ўніверсітэту Ўсходняга Партнёрства і лібералізацыя візавага рэжыму, лічыць актывіст Руху «За Свабоду», палітолаг Рыгор Астапеня.

Сёння праграма Ўсходняга Партнёрства знаходзіцца ў стане крызісу. Для пераадолення праблемаў неабходныя вырашэнне ўнутранага еўрапейскага крызісу і выпрацоўка новага падыходу Еўрапейскага Саюзу ва ўсіх плоскасцях Усходняга Партнёрства. Для павелічэння эфектыўнасці праграмы неабходна выпрацоўка новай палітычнай прапановы для краінаў-партнёраў, узмацненне эканамічнай прысутнасці ЕС, паўставанне ўніверсітэту Ўсходняга Партнёрства і лібералізацыя візавага рэжыму.

Ініцыятыва Усходняга Партнёрства была з імпэтам успрынятая на самым пачатку, аднак сёння знаходзіцца ў стане крызісу. Віна за гэта ляжыць на кіроўных элітах усходніх партнёраў, якія не зацікаўленыя ў далейшай еўрапеізацыі і дэмакратызацыі ўласных краінаў і ўспрымаюць гэтыя працэсы, як небяспеку для захавання уласных аўтарытарных рэжымаў.

Гэтаксама абсалютна аб’ектыўна, што зацікаўленасць Еўрапейскага Саюзу ўсходнімі суседзямі нізкая. У параўнанні з паўднёвыми краінами Еўропы, дзяржавы Ўсходняга Партнёрства выглядаюць стабільнымі, а іх праблемы маюць перадусім унутраны характар (напрыклад, парушэнні правоў чалавека).

Адасабленне кіроўных элітаў ад удзелу ва УП робіць грамадзянскую супольнасць галоўным партнёрам еўрапейскіх краінаў. Гэты працэс мае свае пазітыўныя і негатыўныя наступствы. Пазітыў у тым, што дзейнасць у межах УП накіраваная на больш актыўную частку грамадства і дзякуючы гэтаму змены ўнутры грамадстваў могуць мець доўгатэрміновы характар. Негатыў — што грамадзянская супольнасць мае абмежаваны ўплыў і не можа запэўніць эфект, які б маглі запэўніць улады — «тут і зараз».

Таму ва ўмовах пагрозы знікнення праграмы Ўсходняга Партнёрства сёння жыццёва неабходна выпрацоўка новага падыходу, які дазволіць запэўніць максімальны пазітыўны эфект і больш рацыянальна выкарыстоўваць прызначаныя на праграму фінансавыя квоты.

Новы падыход мае абапірацца адразу на некалькіх плоскасцях:

1. Палітычна-эканамічная плоскасць

Сённяшнія палітычныя прапановы ці эканамічныя санкцыі з боку Еўрасаюза не знаходзяць прадэмакратычнага водгуку сярод беларускіх кіроўных элітаў. У такіх умовах рацыянальным выглядае ўзмацненне еўрапейскай інтэграцыйнай прапановы і ўшчыльненне эканамічных сувязяў. Заслугоўвае ўвагі думка канадскага палітолага Дэвіда Марплза аб прапанове сяброўства Беларусі ў ЕС. Без сумневу, гэта дадасць праеўрапейскага імпэту беларускаму народу і частцы сённяшняй наменклатуры.

Варта адзначыць, што шмат якія краіны далучыліся да УП дзеля атрымання фінансавай дапамогі (Беларусь як адзін з яскравых прыкладаў). Таму вартым з’яўляецца стварэнне «Бізнес-форуму» Усходняга Партнёрства. На жаль, пры далейшых рэпрэсіях беларускіх уладаў у дачыненні да беларускай дэмакратычнай апазіцыі Беларусь ня зможа браць удзел у «Бізнес-форуме». Аднак, гэта чарговы знак таго, колькі Беларусь губляе, калі ўлады адмаўляюць прынцыпы дэмакратыі і вяршэнства права. Варта зазначыць, што ўшчыльненне эканамічных сувязяў будзе карысна не толькі для краінаў — партнёраў. Не варта забываць, што краіны УП — гэта больш чым 70-мільённы рынак.

2. Візавая плоскасць

Еўрапейская Камісія мусіць перазагрузіць перамовы аб спрашчэнні працэдуры атрымання візы і знізіць цэны візаў Шэнген. Гэта неабходна для забеспячэння асабістых кантактаў паміж народамі і падтрымкі мабільнасці грамадзян краінаў-партнёраў. У выпадку Беларусі лепшым выйсцем была б адмена візавых аплатаў для грамадзянаў Беларусі. Як задача-мінімум — зніжэнне аплатаў за візы Шэнген ад 60 да 35 еўра. Варта нагадаць, што да 2008 году амбасада Францыі ў Менску выдавала бясплатныя візы для моладзі да 25 гадоў. Сёння з’яўляецца дарэчным вяртанне гэтай ранейшай французскай практыкі.

3. Адукацыйная плоскасць

Неабходнае супольнае правядзенне большай колькасці летніх школаў, а ў перспектыве пераўтварэнне Акадэміі Ўсходняга Партнёрства ва ўніверсітэт для праеўрапейскай моладзі з краінаў Усходняга Партнёрства. Паўставанне універсітэту неабходна ня толькі з пункту гледжання адукацыйнага, але і інтэграцыйнага — сумесная вучоба будучых лідэраў грамадства ўсходніх краінаў дазволіць ушчыльніць сувязі паміж партнёрскімі дзяржавамі.

4. Грамадска-культурная плоскасць

Грамадзянская супольнасць найбольш атрымала ў межах Усходняга Партнёрства і цалкам выкарыстала свой шанс — менавіта грамадзянская супольнасць сёння ёсць рухаючай сілай УП. Узмацненнем дадзенай плоскасці было правядзенне супольных праеўрапейскіх кампаній у краінах Усходняга Партнёрства, што магло б засведчыць праеўрапейскія настроі ў краінах-партнёрах і ўзмацніць сувязі паміж імі.

Напрыканцы варта заўважыць, што Ўсходняе Партнёрства з’яўляецца надбудовай для двухбаковых стасункаў паміж ЕС і ўсходнімі партнёрамі, што змястоўна абмяжоўвае гэтую аналітычную нататку. Аднак, выкананне вышэйшых рэкамендацый дазволіць палепшыць шматбаковае супрацоўніцтва, узмацніць незалежнасць краінаў-партнёраў і прывядзе дзяржавы Ўсходняга Партнёрства да стабільнага дэмакратычнага развіцця са спраўна працуючым вольным рынкам.

Рыгор АСТАПЕНЯ

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны