Навіны Навіны Руху

Актывіст Руху дабіваецца поўнай рэабілітацыі па справе аб лаянцы

Актывіст Руху дабіваецца поўнай рэабілітацыі па справе аб лаянцы

2766 Праглядаў Гомель
Гомельскі абласны суд разгледзеў скаргу сябра АГП і актывіста Руху «За Свабоду» Уладзіміра Няпомняшчых на пастанову суда Цэнтральнага раёна, які спыніў у дачыненні да яго справу за нібыта лаянку ў грамадскім месцы (арт. 17.1 КаАП) «ў сувязі з недаказанасцю яго віны». Актывіст патрабуе, каб справа была закрытая з фармулёўкай «з-за адсутнасці складу правапарушэння».

15 лютага суддзя Гомельскага абласнога суда Аляксандр Сужаеў разгледзеў касацыйную скаргу сябра АГП і актывіста Руху «За Свабоду», пенсіянера МВД Уладзіміра Няпомняшчых на пастанову суда Цэнтральнага раёна і пакінуў у сіле рашэнне аб спыненні адміністрацыйнай справы. Сутнасць скаргі была ў тым, што раённы суд 11 студзеня прыняў пастанову: спыніць адміністрацыйную справу ў дачыненні Уладзіміра Няпомняшчых за «брудную лаянку» (арт. 17.1 КаАП) у сувязі з недаказанасцю яго віны. То бок — міліцыянеры не змаглі даказаць у судзе, што актывіст АГП і Руху «За свабоду», пенсіянер МУС лаяўся матам. Імаверна, гэта першы «палітычны» працэс у Гомелі, калі не «даказалі» у судзе факт бруднай лаянкі з боку апазіцыянера, паведамляе сайт ПЦ «Вясна»

Разам з тым, актывіст не пагадзіўся з фармуліроўкай «з-за недаказанасці віны», і абскардзіў дадзенае рашэнне. Ён даводзіў, што не здзяйсняў правапарушэнне, і таму фармулёўка суда павінна была гучаць як «з-за адсутнасці ў дзеяннях Уладзіміра Няпомняшчых складу правапарушэння». «Здавалася бы — гэта не так істотна. Але калі я, напрыклад, буду абскарджваць дзеянні міліцыянераў, што ілжэсведчылі супраць мяне на судзе, то дадзеная фармуліроўка будзе мець значэнне, прычым істотнае», — заўважыў актывіст.

Суддзя Аляксандр Сужаеў адзначыў пры разглядзе касацыйнай скаргі, што ў яго кампетэнцыю не ўваходзіць змена фармуліровак судовых рашэнняў, а ён можа ці пакінуць рашэнне ў сіле, ці адправіць справу на новы разгляд. Суддзя дадаў, што нават пры такой фармуліроўцы — «з-за недаказанасці віны», актывіст лічыцца невінаватым.

Уладзімір Няпомняшчых збіраецца пісаць яшчэ адну скаргу на імя старшыні абласнога суда, каб дабіцца новага разгляду справы і поўнай рэабілітацыі.

Нагадаем, у судзе, якія прайшоў у студзені 2012 года, гомельскія міліцыянеры адмовіліся пацвярджаць словы калегі Валеры Амельчанкі, што Уладзімір Няпомняшчых брудна лаяўся.

Апазіцыянер быў затрыманы міліцыяй 7 кастрычніка, напярэдадні Народнага сходу, за расклейванне ўлётак да мерапрыемства. На яго былі складзены два пратаколы — за парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства (артыкул 23.34 КаАП) і дробнае хуліганства (17.1 КаАП).

Міліцыянер Амельчанка даваў розныя паказанні наконт абставінаў і месца здзяйснення актывістам правапарушэння — бруднай лаянкі. Прычым пры затрыманні прысутнічалі яшчэ два міліцыянеры і кіроўца. Але ніхто з іх не чуў бруднай лаянкі ад Няпомняшчых, акрамя Амельчанкі. Міліцыянеры сцвярджалі неаднаразова, і 10 студзеня на судзе таксама пацвердзілі, што грамадзянін паводзіў сябе спакойна, і бруднай лаянкі ад яго яны не чулі. Супрацоўнік крымінальнага вышуку Аляксандр Дзёмін, які таксама прысутнічаў пры затрыманні, паказаў у судзе, што не чуў ад Няпомняшчых бруднай лаянкі, і нават грубых словаў.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны