У дэбатах удзельнічалі прадстаўнікі мясцовых суполак Партыі БНФ, Партыі “Справядлівы свет”, КХП-БНФ, Руху “За Свабоду”, БХД, БСДП (Народная Грамада), АГП, кампаній “Гавары праўду” і “Народныя сходы”. Паколькі мерапрыемства праходзіла ў адкрытым фармаце, на ім былі таксама больш за дваццаць жыхароў Віцебска, якія не заангажаваныя ў палітычную апазіцыю, але пры гэтым мелі магчымасць выступіць.
“Мы не ставілі за мэту выпрацаваць агульную для ўсіх суб’ектаў пазіцыю адносна ўдзелу ў выбарчай кампаніі альбо падпісаць нейкае супольнае пагадненне. Важна было пачуць меркаванне адзін аднаго, выслухаць і ацаніць аргументы кожнага”, – кажа арганізатар сустрэчы, віцебскі каардынатар Руху “За Свабоду” Хрыстафор Жаляпаў.
Прадстаўнікі трох палітычных суб’ектаў (КХП-БНФ, БХД,”Народныя сходы”) выказаліся за абвяшчэнне байкоту парламенцкіх выбараў у бліжэйшы час.
Астатнія (ПБНФ, Рух “За Свабоду”, БСДП (Народная Грамада), АГП, кампанія “Гавары праўду”, “Справядлівы свет”) выказаліся за зняццё з выбараў перад галасаваннем, калі не зменіцца сітуацыя з палітвязнямі і ў выбарчыя камісіі не будуць уключаны прадстаўнікі апазіцыі. Таксама яны пагадзіліся наконт таго, што пра намер байкатаваць апошнюю ключавую фазу выбарчай кампаніі варта абвесціць, калі стане вядома пра неўключэнне ў склад камісіяў прадстаўнікоў апазіцыйных кандыдатаў.
Сэнс такога падыходу ў тым, каб цягам двух тыдняў правесці эфектыўную інфармацыйную кампанію, падчас якой да людзей будзе данесена пасланне аб несапраўднасці выбараў, аб рэальных прычынах крызіснага становішча ў эканоміцы, аб нелегітымнасці Палаты прадстаўнікоў.
“Па вялікім рахунку, усе дэмакратычныя сілы Віцебшчыны выступаюць за байкот у шырокім сэнсе так званых выбараў, калі лічыць зняццё перад фінальнай фазай выбарчай кампаніі таксама своеасаблівым актыўным байкотам. У нас ёсць разыходжанні ў тактыцы, але не ў стратэгіі. Мы здольныя выступіць адзіным фронтам”, – упэўнены Хрыстафор Жаляпаў.
Віцебскі каардынатар Руху “За Свабоду” кажа, што сумесныя сустрэчы будуць ладзіцца надалей.

Віцебская апазіцыя мае агульную стратэгію на «выбары-2012» |
|||
10.02.2012 13:56 | 3709 Праглядаў | Віцебск |