Навіны Беларусь і Свет

Еўрасаюз ідзе на прынцыповы дыялог з беларускімі ўладамі

Еўрасаюз ідзе на прынцыповы дыялог з беларускімі ўладамі

4308 Праглядаў Мінск
Неўзабаве нехта з палітвязняў у нашай краіне выйдзе на волю. Аб такой магчымасці пасля перамоваў з прадстаўнікамі беларускіх уладаў 9 лютага заявіў дырэктар Дэпартамента па пытаннях Расіі, Усходняга партнёрства, Цэнтральнай Азіі, рэгіянальнага супрацоўніцтва і АБСЕ Еўрапейскай службы знешняга дзеяння ЕС Гунар Віганд.

Еўрачыноўнік правёў у Мінску таксама сустрэчу з беларускай апазіцыяй. У Гунара Віганда падчас яе спыталіся пра тое, ці прагучалі ад беларускіх уладаў нейкія абяцанні наконт змянення сітуацыі (ён меў перамовы з міністрам замежных справаў Сяргеем Мартынавым і ў Адміністрацыі прэзідэнта).

Віганд сказаў, што, магчыма, бліжэйшым часам на волю можа выйсці нехта з палітвязняў. Можна спрагназаваць, што будуць вызваленыя Зміцер Бандарэнка і Андрэй Саннікаў, якія напісалі прашэнні аб памілаванні. Зрэшты шэраг асуджаных па спарве аб падзеях 19 снежня 2010 года былі памілаваныя і без прашэнняў аб гэтым.

Віганд падчас сустрэчы з беларускай апазіцыі паведаміў пра зацікаўленасць афіцыйнага Мінска што да аднаўлення дыялогу з Захадам, адзначае лідар Руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч.

Мэтай візіту Віганда якраз і было распачаць падрыхтоўку дыялогу, вынікам якога б сталі эканамічная, палітычная і сацыяльная мадэрнізацыя Беларусі.

Было адзначана, што сёння дыялог мог бы весціся нефармальна па такіх накірунках, як палітычныя рэформы, прававыя рэформы, тэхнічнае супрацоўніцтва ад экалогіі да транспартный сферы, гандаль.

Аднак еўрачыноўнік падкрэсліў, што вызваленне вязняў па-ранейшаму застаецца для ЕС абсалютна абавязковым крокам для аднаўлення дыялогу.

«Гэта не стратэгічныя гульні, а прагматычная палітыка, заснаваная на маральных каштоўнасцях, палітыка крытычнага ўдзелу», — сказаў кіраўнік дэпаратмента Еўрапейскай службы знешняга дзеяння ЕС.

«Наша палітыка не жорсткая, а прынцыповая», — дадаў ён.

Паводле яго словаў, ЕС не выкарыстоўвае эмбарга, нават не прымяняе сектаральных санкцый. Яны выключна кропкавыя і персанальныя. Досвед паказвае, што не пашырэнне эканамічных санкцый, а шанец на дыялог і супрацу змяншаюць рэпрэсіі і вызваляюць палітычных зняволеных, адзначыў Гунар Віганд.

Такім чынам, Еўрасаюз мае намер ужываць не новы падыход, а шукае новыя сродкі ўплыву.

Выказаўся госць з Еўрасаюза і наконт стасункаў Беларусі і Расіі. Паводле яго словаў, «ЕС не супраць рэгіянальнай інтэграцыі, але супраць алігархічнага замежнага захопу эканомікі».

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Еўрапейскія клубы

Апошнія навіны