Навіны Беларусь і Свет

«Чорны спіс» Еўрасаюза адрэдагуюць?

«Чорны спіс» Еўрасаюза адрэдагуюць?

2651 прагляд Брусэль
Брусэльскі «Офіс за дэмакратычную Беларусь» звярнуўся да ЕС з прапановай перагледзець спіс неўязных беларускіх чыноўнікаў.

У заяве Офісу гаворыцца: «Зважаючы на той факт, што Еўрапейскі Саюз не мае намеру ўводзіць сапраўдныя эканамічныя санкцыі дзеля аказання ціску на беларускія ўлады, шэраг беларускіх арганізацый і палітыкаў палічылі, што ўнясенне зменаў у так званы „чорны візавы спіс“ наблізіць час вызвалення палітычных вязняў».

У выніку ОДБ агучыў у інстытутах ЕС гэту пазіцыю, прапанаваўшы імёны, якія можна было б патэнцыйна выключыць са спісу: «Перагляд спісу мог бы стаць добрым сігналам таго, што ЕС не бярэ курс на поўную ізаляцыю Беларусі». У той самы час прапанавана ўнесці туды новыя прозвішчы асоб, адказных за пераслед праваабаронцы Алеся Бяляцкага, нядаўнія рэпрэсіўныя папраўкі ў заканадаўства ды іншы ўціск на грамадзянскую супольнасць.

Паведамляецца, што спіс кандыдатаў на выключэнне быў падрыхтаваны ў супрацоўніцтве з беларускімі і міжнароднымі грамадскімі арганізацыямі, якія не могуць быць раскрытыя без іх папярэдняй згоды.

Лідaр Руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч, каментуючы гэту ініцыятыву, заявіў у інтэрв’ю радыё «Свабода», што візавыя санкцыі трэба шырока прымяняць, бо ўлада дэманструе абсалютнае ігнараванне прапановаў Еўрасаюза аб супрацоўніцтве, аб прыпыненьні рэпрэсій: «І канкрэтныя людзі мусяць канкрэтна адказваць».

Пры гэтым ён падкрэсліў, што выступае супраць шырокіх эканамічных санкцый, бо яны пагаршаюць становішча простых людзей і змяншаюць праеўрапейскія настроі.

«Усе візавыя санкцыі ўведзеныя раней, мелі пад сабой падставы. Гэта, па сутнасці, маральная ацэнка. А ацэнка маральная застаецца такой, як была раней. Гэта не гульня ў тое, што ты стаў крыху лепшым ці горшым. Гэта маральная ацэнка людзей, якія жорстка парушалі закон і спрыялі рэпрэсіям», — сказаў Мілінкевіч.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны