Навіны Навіны Руху

Рух «За Свабоду» за зняццё кандыдатаў ад апазіцыі перад галасаваннем

Рух «За Свабоду» за зняццё кандыдатаў ад апазіцыі перад галасаваннем

3793 праглядаў
Рэзалюцыя Рады Руху «За Свабоду» аб фармаце ўдзелу ў палітычнай кампаніі выбараў 2012 году

Мінск, 30 студзеня 2012

Зважаючы на тое, што
У Беларусі не існуе паўнавартаснага заканадаўчага органу;
улады Беларусі па-ранейшаму праводзяць палітыку неканстытуцыйнага абмежавання грамадзянскіх правоў і свабодаў і адмаўляюцца дэмакратызаваць выбарчае заканадаўства і практыку яго прымянення ў адпаведнасці з рэкамендацыямі беларускай дэмакратычнай супольнасці і Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе;
у краіне па-ранейшаму ўтрымліваюцца палітвязні;
працягваецца вельмі небяспечная палітыка самаізаляцыі ад дэмакратычных краінаў і збліжэння з аўтарытарнымі краінамі, якія самі не паважаюць прынцыпы дэмакратыі і правоў чалавека;

Рада «Руху «За Свабоду» лічыць, што галоўная мэта ўдзелу ў палітычнай кампаніі выбараў у Палату прадстаўнікоў 2012 году — гэта прадстаўленне альтэрнатывы сённяшняму рэжыму і павелічэнне падтрымкі дэмакратычных сілаў шырокім грамадствам.

Найбольш дзейны механізм дасягнення такой мэты — інфармацыйна-агітацыйныя кампаніі кандыдатаў, якія могуць карыстаць з магчымасці кантактавання з людзьмі, пікетавання, выступлення ў дзяржаўных СМІ і данясення сваёй пазіцыі.

Не з’яўляючыся палітычнай партыяй і, адпаведна, не маючы фармальнай магчымасці вылучаць сваіх кандыдатаў, Рух «За Свабоду» гатовы падтрымаць кампаніі тых незалежных або партыйных кандыдатаў, якія падзяляюць мэты і каштоўнасці Руху «За Свабоду» і маюць высокі грамадскі аўтарытэт і патэнцыял.

Разам з тым звяртаемся да ўсіх кандыдатаў ад дэмакратычных сілаў зняць свае кандыдатуры перад пачаткам галасавання, калі ў краіне (1) па-ранейшаму будуць палітычныя зняволеныя, а (2) практыка прымянення выбарчага заканадаўства істотна не палепшыцца.

У рамках палітычнай кампаніі выбараў у Палату прадстаўнікоў 2012 году лічым неабходным шырока папулярызаваць «Народную праграму» як пазітыўную альтэрнатыву і ўпаўнаважваем Старшыню звярнуцца да партнёрскіх палітычных сілаў з прапановай прыняцця і прасоўвання выбарчага тэксту «Народнай праграмы» як супольнага дакумента шырокіх дэмакратычных сілаў.

Як праваабаронча-асветніцкае грамадскае аб’яднанне, статутнай мэтай якога з’яўляецца садзейнічанне стварэнню ўмоваў для правядзення ў Беларусі ўсеагульных, свабодных і роўных выбараў прэзідэнта, дэпутатаў у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі, Рух «За Свабоду» заклікае іншыя грамадска-палітычныя сілы Беларусі арганізаваць у 2012 годзе супольную агульнанацыянальную кампанію назірання з мэтай фіксавання парушэнняў выбарчага заканадаўства і інфармавання грамадзянаў пра рэальную карціну выбарчага працэсу.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Народная праграма

Апошнія навіны