Навіны Навіны Беларусі

Чаму Канавалаў не падаў прашэнне аб памілаванні?

Чаму Канавалаў не падаў прашэнне аб памілаванні?

2675 Праглядаў Віцебск
Прысуджаны да смяротнага пакарання за тэракт у мінскім метро 11 красавіка мінулага года Дзмітрый Канавалаў прызнаў гэты вырак законным, сцвярджае генпракурор Беларусі Аляксандр Канюк. І таму 25-гадовы віцебчук пісаць прашэнне аб памілаванні на імя кіраўніка дзяржавы адмовіўся.

Як паведаміў 27 студзеня журналістам генеральны пракурор Беларусі, пра гэта Канавалаў заявіў яшчэ 19 снежня членам спецыяльна створанай камісіі. Як сцвярджае генпракурор, пра тое, што магчыма напісанне прашэння аб памілаванні на імя прэзідэнта, Канавалаву нагадвалі двойчы, і двойчы ён адмовіўся скарыстацца гэтым правам.

Канюк нагадаў, што другі асуджаны па гэтай справе за саўдзел у тэрарызме Уладзіслаў Кавалёў, таксама прыгавораны да смяротнай кары, прашэнне аб памілаванні падаў 7 снежня. Заключэнне Генпракуратуры па яго прашэнні ўжо падрыхтавана, найбліжэйшым часам дакументы будуць перададзены ў камісію па памілаванні пры прэзідэнце.

Дата пасяджэння камісіі па справе Канавалава і Кавалёва пакуль невядомая, сказаў Канюк, які ўваходзіць у склад гэтай камісіі, перадае БелаПАН.

У выніку выбуху на станцыі метро "Кастрычніцкая", нагадаем, загінулі 15 чалавек, больш за 160 атрымалі траўмы, у тым ліку цяжкія.

Прыгавор, вынесены Канавалаву і Кавалёву Вярхоўны судом Беларусі 30 лістапада, выклікаў неадназначную рэакцыю ў грамадстве і чарговы раз прыцягнуў увагу да праблемы смяротнай кары. Беларусь — адзіная ў Еўропе краіна, дзе дагэтуль прымяняецца такая мера пакарання.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны