Навіны Навіны Беларусі

Сваіх кандыдатаў у дэпутаты Рух «За Свабоду» вылучаць не будзе

Сваіх кандыдатаў у дэпутаты Рух «За Свабоду» вылучаць не будзе

2237 Праглядаў
«Кааліцыя шасці» яшчэ не вызначылася ў фармаце ўдзелу ў парламенцкіх выбарах у Беларусі.

«Спектар поглядаў на гэту справу даволі шырокі, — сказаў пасля ўчарашняга паседжання прадстаўнікоў кааліцыі намеснік старшыні Руху „За Свабоду!“ Юрась Губарэвіч. — Ад актыўнага ўдзелу і вылучэння кандыдатаў ў дэпутаты да актыўнага байкоту». Пакуль што лідары шасці структур згодны толькі ў тым, што павінны выпрацаваць адзіную стратэгію.

— Відавочна, што ўжо трэба прымаць нейкае рашэнне. І працэс прыняцця гэтага рашэння не будзе лёгкім. Ёсць дастаткова розны і шырокі спектар пазіцый. Калі звяртацца да выбарчага календара, то падобнае рашэнне павінна прымацца не пазней за тры месяцы прызначэння даты выбараў. Гэта значыць, што недзе напрыканцы вясны — пачатку лета. Аднак, я думаю, рашэнне будзе прымацца партыямі значна раней. Мы запланавалі наступнае паседжанне на бліжэйшы панядзелак і спадзяемся, што па выніках гэтага паседжання паўстане пэўная супольная заява, дзе будзе патлумачана пазіцыя суб’ектаў, якія ўваходзяць у «кааліцыю шасці».

Пакуль што нават Рух «За Свабоду!», у сядзібе якога прайшло паседжанне, не прыняў канчатковага рашэння ў фармаце ўдзелу ў парламенцкіх выбарах. Вядома толькі, што сваіх кандыдатаў Рух вылучаць не будзе, паколькі не з’яўляецца палітычнай партыяй. Разглядаецца толькі магчымая падтрымка асобных кандыдатаў, як адзначыў Юрась Губарэвіч. «Кааліцыя шасці» — гэта Партыя БНФ, партыя «Справядлівы свет», Аб’яднаная грамадзянская партыя, Рух «За Свабоду!», аргкамітэт па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», кампанія «Гавары праўду!».

Выбары ў Палату прадстаўнікоў маюць прайсці ў верасні гэтага года.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны