Навіны Навіны Беларусі

«Кааліцыя шасці»: На выбарчую кампанію павінна быць адзіная стратэгія

«Кааліцыя шасці»: На выбарчую кампанію павінна быць адзіная стратэгія

3201 прагляд
20 студзеня на офісе Руху «За Свабоду» адбылася нарада лідараў суб’ектаў «кааліцыі шасці» (Партыя БНФ, партыя «Справядлівы свет», Аб’яднаная грамадзянская партыя, Рух «За Свабоду», аргкамітэт па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», кампанія «Гавары праўду!»).

Абмяркоўвалася стратэгія дзеянняў беларускай апазіцыі на перыяд парламенцкай выбарчай кампаніі. Нагадаем, выбары ў Палату прадстаўнікоў маюць прайсці ў верасні гэтага года.

Лідары кааліцыі салідарныя ў тым, што стратэгія дзеянняў абавязкова павінна быць адзінай. Мэтай сустрэчы было якраз узгадненне формаў і метадаў дзейнасці «кааліцыі шасці» на час выбарчай кампаніі, каб максімальна скарыстаць яе для вырашэння шэрагу задач. Найперш — вызваленне палітвязняў, дэмакратызацыя выбарчых працэдураў і камунікацыя з насельніцтвам.

«Мы сышліся на тым, што патрэбны шырокі грамадскі дыялог наконт фармату ўдзелу дэмакратычных сілаў у сёлетняй выбарчай кампаніі. Павінны прагучаць розныя думкі, прэзентавацца розныя магчымыя сцэнары, але пажадана іх звесці, акумуляваць у адзіны сцэнар, выпрацаваць агульную пазіцыю як мага большай колькасці суб’ектаў як палітычных колаў, так і грамадзянскай супольнасці. І рашэнне наконт канчатковага сцэнару можа быць прынята на прадстаўнічым мерапрыемстве апазіцыйных сіл кшталту Кангрэсу», — распавёў пра змест сустрэчы прадстаўнікоў «кааліцыі шасці» намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч.

Першы крок у такім падыходзе быў зроблены ўжо падчас сённяшняй сустрэчы, на якой выступіў Віктар Івашкевіч, які разам з паплечнікамі прапануе байкот выбараў.

Наступная сустрэча кіраўнікоў уваходзячых у «кааліцыю шасці» партый і арганізацый адбудзецца ў бліжэйшы панядзелак, 23 студзеня. Па яе выніках мяркуецца падпісаць супольную дэкларацыю.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны