Навіны Аналітыка

Эксперт: Ціск на палітвязняў — навязванне гандлю Захаду

Эксперт: Ціск на палітвязняў — навязванне гандлю Захаду

2224 праглядаў
Услед за экс-кандыдатам у прэзідэнты Беларусі палітвязнем Міколам Статкевічам у крытую турму адправіцца яшчэ адзін з «палітвязняў», былы прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч. Раней такая форма, як перавод у крытыя турмы, у дачыненні да палітвязняў не ўжывалася.

Намеснік старшыні Праваабарончага цэнтра «Вясна» Валянцін Стэфановіч дапаўняе, што дзеянні па ўзмацненні ізаляцыі праводзяцца таксама і ў дачыненні да яшчэ двух палітвязняў — экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава і лідара «Маладога фронту» Змітра Дашкевіча.

— Яны таксама фактычна ізаляваныя. Да іх не дапускаюць адвакатаў. Дашкевіч фактычна знаходзіцца ў адзіночнай камеры.Перавод Статкевіча і Аўтуховіча ў больш жорсткія (турэмныя) ўмовы — гэта спланаванае мерапрыемства па ўзмацненні на іх ціску, — лічыць юрыст.

Законнасць ўзмацнення жорсткасці ўмоваў адбыцця пакарання для Міколы Статкевіча і Мікалая Аўтуховіча праваабаронца ацэньвае так:

— Фармальна нейкія прыкметы могуць быць выкананыя, на іх сістэматычна накладаліся дысцыплінарныя спагнанні, але ў такіх месцах «арганізаваць» чалавеку дысцыплінарнае спагнанне — рэч элементарная.

Праваабаронцы выказваюць занепакоенасць, што ў дачыненні да названых асоб можа быць ужыты артыкул 411 Крымінальнага кодэкса, якая прадугледжвае крымінальную адказнасць за сістэматычнае невыкананне патрабаванняў адміністрацыі папраўчых устаноў.

— У Беларусі яна ўжываецца досыць актыўна і дазваляе асудзіць зняволеных і даць ім дадатковы тэрмін да двух гадоў, — тлумачыць Валянцін Стэфановіч у інтэрв’ю «Заўтра тваёй краіны». — У нас ёсць рэальныя апасенні, што гэты артыкул можа быць прыменены.

Палітолаг Валерый Карбалевіч называе тое, што адбываецца з палітвязнямі арганізаванай кампаніяй.

— Гэта сігнал Захаду: не хочаце па-добраму — будзем па-дрэннаму.Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка на апошняй прэс-канферэнцыі патлумачыў: ён хоча, каб гэтыя людзі напісалі прашэнне аб памілаванні, а яны не хочуць гэтага рабіць. Адсюль і ціск з мэтай іх зламаць і нейтралізаваць. Паколькі, як лічаць улады, прашэнне аб памілаванні дыскрэдытуе апанентаў у вачах у іх электарату, іх калегаў, — мяркуе эксперт.

Валерый Карбалевіч не выключае і жадання ўлад дасягнуць яшчэ адной мэты — атрымаць маральнае задавальненне ад палітычнай капітуляцыі ворага. Акрамя таго, праблема стасункаў з Захадам ўпіраецца ў пытанне пра палітвязняў.

— Беларускія ўлады паказваюць, што можа быць яшчэ горш для палітвязняў, калі Захад будзе ставіць пытанне ў выглядзе ўльтыматуму. Гэта спроба навязаць Захаду гандаль, які, безумоўна, існуе, хоць, можа быць, і не на першым плане, — лічыць палітолаг.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны