Навіны Навіны Беларусі

“Гавел быў амбасадарам Беларусі на Захадзе”

“Гавел быў амбасадарам Беларусі на Захадзе”

5693 праглядаў Мінск
Каля 60 чалавек сабралася 6 студзеня на вечарыну памяці Вацлава Гавела, якая прайшла на офісе Руху “За Свабоду”. Гэта – беларускія палітыкі, грамадскія і культурніцкія дзеячы, сваякі палітзняволеных, журналісты.

На імпрэзе гаварылі не толькі яны, гучаў і голас самога Вацлава Гавела – у відэароліках, у якіх ён разважае пра перспектывы дэмакратыі ў Беларусі і зычыць поспехаў тым, хто за яе змагаецца.

Неўзабаве гэтыя відэаролікі з’явяцца на Pyx.by, як і агульны сюжэт з прамовамі ўдзельнікаў вечарыны памяці. У тым ліку тых, каму пашанцавала сустракацца і размаўляць з сапраўдным амбасадарам Беларусі на Захадзе, як назваў Гавела за спрыянне дэмакратызацыі Беларусі лідар Руху “За Свабоду” Аляксандр Мілінкевіч

- Я добра памятаю, як Гавел гаварыў, самае галоўнае — здабыць свабоду без крыві. Запала ў памяць мне і ягоная фраза: “Беларусь без Еўропы не будзе паўнавартаснай краінай, як і Еўропа без вас не будзе паўнавартасным аб’яднаннем”.

Другая сакратарка амбасады Чэхіі ў Беларусі Дагмар Дзідзенка-Наваградска:

- Вацлаў Гавел стаў сцягам чэшскай рэвалюцыі і “Хартыі-77”, з якой пачалася незалежнасць Чэхіі. Гэта быў паэт, драматург, палітык, за якім пайшоў увесь чэшскі народ… Першым яго сэнсам, першай яго задачай дзейнасці было права асобы на свабоду, свабоду з адказнасцю.

Шэф-рэдактар “Нашай нівы” Андрэй Дынько ў 2003 годзе атрымаў ад Гавела прэмію імя Гано Эленбоген, якой было ўганараванае выданне:

- Умова прэміі такая: Гавел мусіў яе перадаць нейкаму маладому чалавеку з любой сферы жыцця. Дарэчы, да гэтага прэмія перадавалася толькі маладым чэхам. А ў Гавела з’явілася задума перадаць гэтую прэмію ўпершыню не чэху, а беларусу.

Паэт Уладзімір Някляеў:

- Мы размаўлялі з ім аб Ісусе, разбойніку Вараве і пра таго трэцяга чалавека, які быў укрыжаваны разам з імі. Вацлаў Гавел сказаў тады - з Ісусам усё зразумела, з Варавай - таксама, а вось з гэтым трэцім - нічога не ясна. Так і народ перад выбарамі (беларусы, 9 з лішкам мільёнаў), тыя, хто ёсць гэтым трэцім: прыйдуць яны на Плошчу ці не?

Журналістка Ірына Халіп:

- Хтосьці страціў свабоду, хтосьці страціў радзіму, але ўсё гэта часова. Я ведаю, што мой муж вернецца, Коля Статкевіч вернецца, Дзіма Бандарэнка вернецца, і Дзімка Дашкевіч таксама, Павел Севярынец хутка прыедзе з “хіміі“ — яны ўсе вернуцца. І Радзіна калісьці зможа вярнуцца. Я думаю, што ўсе тыя, хто з’ехаў, яны змогуць вярнуцца. А Гавел не вернецца…

Кіраўнік мінскага бюро радыё “Свабода” Валянцін Жданко зачытаў апошні прыжыццёвы ліст Вацлава Гавела, які быў адрасаваны беларускім палітвязням. Навагодняе віншаванне датаванае 15 снежня, а пайшоў з жыцця вялікі чэх 18-га:

“Дарагія сябры! Хацеў бы сардэчна вас павіншаваць на парозе новага году і пажадаць вам і вашым блізкім, каб ён быў лепшым, чым мінулы. Выказваю салідарнасць з вашай пазіцыяй і буду і надалей выкарыстоўваць усе магчымасці, каб разам са сваімі сябрамі звяртаць увагу міжнароднай грамадскасці на парушэнне грамадзянскіх правоў у Беларусі. Жадаю усяго добрага вам і свабоды вашай краіне”.

Апрача таго, ён далучыўся да міжнароднага камітэта па вылучэнні на Нобелеўскую прэмію міру 2012 года зняволенага беларускага правабаронцы Алеся Бяляцкага.

Вацлаў Гавел да скону спрыяў дэмакратычнай Беларусі.

--------------------------------
Фотарэпартаж з імпрэзы можна паглядзець тут, а запіс анлайн-трансляцыі – па гэтай спасылцы.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Вечарына памяці Гавела

Апошнія навіны