Навіны Навіны Руху

Янэз Ленарчыч: Дэмакратычнасць выбараў абумоўліваецца якасцю заканадаўства і добрай воляй пры яго прымяненні

Янэз Ленарчыч: Дэмакратычнасць выбараў абумоўліваецца якасцю заканадаўства і добрай воляй пры яго прымяненні

2907 Праглядаў Мінск
Кіраўнік Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ паведаміў пра гэта ў сваім адказе на ліст лідэра Руху «За Свабоду».

Дырэктар БДІПЧ АБСЕ нагадаў пра рэкамендацыю Беларусі па выніках назіральнай місіі 2008 году, паводле якой выбарчыя камісіі павінны ўтварацца на базе вылучэння ад розных партыяў, каб забяспечыць з аднаго боку баланс інтарэсаў самых розных палітычных сілаў, з другога — аддзяленне сістэмы выбарчых камісій ад дзяржаўных органаў.

Янэз Ленарчыч у лісце да Аляксандра Мілінкевіча канстатаваў факт прыняцця ўладамі паправак у Выбарчы кодэкс напрыканцы 2009 году. У той жа час, кіраўнік БДІПЧ АБСЕ адзначыў, што, паводле супольнай ацэнкі БДІПЧ АБСЕ і Венецыянскай камісіі Рады Еўропы, нягледзячы на выпраўленне пэўных недахопаў у беларускім выбарчым заканадаўстве, зробленыя папраўкі не ў стане вырашыць галоўную праблему, а менавіта недастатковасць заканадаўчых механізмаў, каб служыць асновай для сапраўды дэмакратычных выбараў.

Так БДІПЧ АБСЕ вітае папраўкі, якія рэгламентуюць уключэнне прадстаўнікоў палітычных партыяў у склад выбарчых камісіяў. Аднак, на дадзены момант бракуе ясных, празрыстых правілаў, якія тычацца механізмаў, паводле якіх прадстаўнікі палітычных партыяў уключаюцца ў камісіі, і выкананне гэтых правілаў застаецца па-ранейшаму праблематычным. То бок, прынятыя папраўкі пакуль не гарантуюць сумленных выбараў.

Паводле Янэза Ленарчыча, БДІПЧ АБСЕ выказваецца за ўсеабдымны падыход да рэформы выбарчага заканадаўства і абмяркоўвае паляпшэнне правядзення выбараў з беларускімі ўладамі цягам апошніх месяцаў. Якасць будучых выбараў у Беларусі будзе залежыць не толькі ад якасці заканадаўства, але і ад добрай волі падчас правапрымянення.

Кіраўнік БДІПЧ АБСЕ спадзяецца, што наступныя прэзідэнцкія выбары будуць добрай нагодай, каб ацаніць прымяненне на практыцы зменаў, зробленых у беларускім выбарчым заканадаўстве ў снежні 2009 года. Ён таксама выказаўся на карысць далейшых кантактаў з Рухам «За Свабоду» ды іншымі зацікаўленымі бакамі ў Беларусі.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны