Навіны Навіны Беларусі

Вечарына памяці Вацлава Гавела (рэпартаж)

Вечарына памяці Вацлава Гавела (рэпартаж)

3847 Праглядаў Мінск
У 35-ю гадавіну абвяшчэння чэхаславацкай Хартыі-77 ва ўсім свеце ўшаноўваюць памяць Вацлава Гавела: 6 студзеня 1977 года яго арыштавалі за подпіс пад гэтым дакументам. Сёння ў офісе Руху «За Свабоду» прайшла таксама беларуская вечарына памяці апошняга прэзідэнта Чэхаславакіі і першага прэзідэнта Чэхіі.

Удзел у імпрэзе, апрача беларускіх палітыкаў, грамадскіх ды культурніцкіх дзеячаў, правабаронцаў, сваякоў палітвязняў, узяла прадстаўніца чэшскай амбасады ў Мінску Дагмар Дзідзенка-Наваградска. Яна распавяла пра значнасць Хартыі-77, з якой «пачаўся доўгі і складаны шлях чэхаў да дэмакратыі», і пра дзейнасць Вацлава Гавела, галоўнымі пастулатамі для якога былі «свабода і адказнасць асобы».

«Многія ўдзячныя яму за пераход ад таталітарнага ладу да дэмакратыі. Іншыя называлі яго ідэалістам. Трэція звязваюць яго імя з усімі цяжкасцямі, з якімі Чэхія сутыкнулася на працягу пераходнага перыяду. Але гісторыя даказала, што Гавэл меў рацыю: дэмакратычны шлях з павагай да правоў чалавека — адзіна слушны», — сказала другісакратар амбасады Чэхіі.

Лідар Руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч меў некалькі сустрэчаў з Вацлавам Гавелам. Напрыклад, ён згадаў, як у статусе адзінага кандыдата ў прэзідэнты на выбарах-2006 сустракаўся з ім у 2005 годзе: «Гулялі па Празе, і кожны другі мінак падыходзіў павітацца з былым прэзідэнтам Чэхіі». Мілінкевіч прызнаўся, што перад сустрэчамі з Гавелам хваляваўся больш, чымсьці падчас перамоваў з кіраўнікамі дзяржаў.

Паводле словаў Мілінкевіча, Гавел выступаў за мірныя рэвалюцыі і падкрэсліваў каштоўнасць свабоды, здабытай без крыві: «І Гавел даводзіў, што Беларусь не будзе паўнавартаснай дзяржавай без Еўропы, як і Еўропа не будзе паўнавартасным аб’яднаннем без Беларусі».

Аляксандр Мілінкевіч сказаў, што Вацлаў Гавел быў сапраўдным амбасадарам Беларусі на Захадзе.

Паводле яго словаў, Гавел «зрабіў вельмі шмат не толькі для сваёй краіны, але і для ўсіх астатніх. Для таго, каб слова „дэмакратыя“ стала зразумелым для посттаталітарных краін».

На вечарыне памяці таксама выступілі шэф-рэдактар газеты «Наша ніва» Андрэй Дынько, паэт-палітык Уладзімір Някляеў, журналістка Ірына Халіп, жонка зняволенага экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, праваабаронца Таццяна Равяка, літаратар Уладзімір Сіўчыкаў, кіраўнік мінскага бюро радыё «Свабода» Валянцін Жданко.

Спадар Жданко зачытаў апошні прыжыццёвы ліст Вацлава Гавела, які быў адрасаваны беларускім палітвязням. Навагодняе віншаванне датаванае 15 снежня, а пайшоў з жыцця вялікі чэх 18-га:

«Дарагія сябры! Хацеў бы сардэчна вас павіншаваць на парозе новага году і пажадаць вам і вашым блізкім, каб ён быў лепшым, чым мінулы. Выказваю салідарнасць з вашай пазіцыяй і буду і надалей выкарыстоўваць усе магчымасці, каб разам са сваімі сябрамі звяртаць увагу міжнароднай грамадскасці на парушэнне грамадзянскіх правоў у Беларусі. Жадаю усяго добрага вам і свабоды вашай краіне».

Апрача таго, ён далучыўся да міжнароднага камітэта па вылучэнні на Нобелеўскую прэмію міру 2012 года зняволенага беларускага правабаронцы Алеся Бяляцкага.

Як бачым, Вацлаў Гавел да скону спрыяў дэмакратычнай Беларусі.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Вечарына памяці Гавела

Апошнія навіны