Навіны Навіны Беларусі

Заробкавы антырэкорд — 111 тысяч рублёў!

Заробкавы антырэкорд — 111 тысяч рублёў!

2387 Праглядаў Ганцавічы
Рэкордна-нізкія зарплаты зафіксаваны па выніках 9 месяцаў у работнікаў СВК «Агра-Нач» і «Малькавічы». Высокімі заробкамі не могуць пахваліцца і ў многіх іншых гаспадарках Ганцаўшчыны. А найбольшую сярэднямесячную зарплату атрымалі ў СВК «Будча».

Згодна з інфармацыяй аб сярэднямесячнай заработнай плаце работнікаў сельгаскааператываў Ганцаўшчыны за студзень-верасень 2011 года, самая нізкая зарплата па гаспадарцы была ў СВК «Агра-Нач», яна склала 480,6 тысячы рублёў, піша «Ганцавіцкі час».

Найменш аплачваемай у раёне аказалася праца работнікаў механічных майстэрняў у СВК «Агра-Нач (ім налічана ў сярэднім па 111,5 тысячы рублёў), конюхаў у СВК „Малькавічы“ (зарплата склала 165 тысяч рублёў) і падсобных работнікаў СВК „Агра-Нач“ (275,9).

Не надта разгуляешся і з заробкамі каля 400 тысяч рублёў, якія былі менш, чым мінімальная зарплата. А да гэтай сумы не „дацягнулі“ зарплаты работнікаў конна-ручной працы ў СГВК „Любашава“, СВК „Будча“, „Крышылавічы“, работнікаў механічных майстэрняў у СВК Малькавічы» і «Цельшына», вадзіцелі і нават... спецыялісты СВК «Агра-Нач».

Як патлумачыла галоўны бухгалтар СВК «Агра-Нач» Аксана Салыга, плаціць зарплату работнікам у іх гаспадарцы няма з чаго: «Адкуль узяцца зарплатам? Малака доіцца вельмі мала, раслінаводства таксама слаба развітае, выручкі амаль няма». Выходзіць, у такіх гаспадарках, як СВК «Агра-Нач», «Малькавічы», «Будча», «Крышылавічы», СГВК «Любашава», а таксама «Хатынічы», «Адраджэнне», парушаецца заканадаўства: работнікам не выплачваецца нават устаноўленая Саўмінам мінімальная зарплата (МЗП)! І гэта пры тым, што кожны год (2011-ы не быў выключэннем) сельская гаспадарка атрымлівае дзярждапамогу. Як пражыць на такія грошы? Адзін з работнікаў сельгаскааператыва «Цельшына», зарплата якога далёкая ад мінімальна дапушчальнай, адказаў на гэтае пытанне так: «Я выпрацоўваю належныя 8 гадзін у дзень, а зарабляю мізэрна. На жабрацкую зарплату не проста немагчыма нармальна жыць — з ёю мне сорамна жонцы на вочы паказвацца. Набліжаюцца навагоднія святы, а пра падарункі дзецям, унукам такія, як я, даўно забыліся».

Канечне, ёсць гаспадаркі, дзе заробкі ў працаўнікоў вышэйшыя. Так, у першыя 9 месяцаў гэтага года найлепш зараблялі ў «Будчы»: штомесяц аднаму сярэднестатыстычнаму работніку налічвалася па 956 тысяч рублёў, і гэты паказчык большы за раённы на амаль 200 тысяч рублёў.

Зарплаты адміністрацыі моцна «карэкціруюць» сярэднія паказчыкі зарплат працаўнікоў сельскай гаспадаркі раёна. Размеркаваліся зарплаты адміністрацыі наступным чынам (па нісходзячай): «Бярозавец», «Цельшына», «Агарэвічы», «Любашава», «Дубнякі», «Будча». Прычым найвышэйшы бал сваёй працы ў грашовым эквіваленце даў кіраўнік СВК «Бярозавец» — 2 мільёны 919 тысяч рублёў, за ім (па ўбыванні) ідуць кіраўнікі СВК «Агарэвічы», «Будча», «Цельшына», «Дубнякі» і СГВК «Любашава» — зарплаты старшынь у гэтых гаспадарках перавышаюць 2 мільёны рублёў.

Чаму пры падтрымцы дзяржавы не ўсе СВК могуць выплаціць сваім работнікам нават мінімальную зарплаты?

На гэтае пытанні начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Юрый Лелес адказаў: «Прычын шмат. Галоўнае, што можна сказаць, — хто як стараецца, той так і зарабляе. Калі хтосьці 2–3 гадзіны ў дзень працуе, канечне, ён і мінімалкі не атрымае. Аплата іх працы разглядаецца ў індывідуальным парадку (напрыклад, складаюцца дагаворы падраду). А вось старанныя механізатары, даяркі могуць і дзесяць „мінімалак“ зарабіць».

Прыемна было пачуць, што нехта атрымліваў у месяц па 10 мінімальных зарплат. На жаль, пакуль мы не чулі прозвішчаў ніводнай, нават самай стараннай даяркі ці руплівейшага механізатара раёна, якія так дастойна зарабляюць. А хацелася б ведаць.

Тэгі: заробкі 22

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны