Навіны Навіны Беларусі

Актывісты адведалі калоніі, дзе ўтрымліваюць палітвязняў (дапоўнена)

Актывісты адведалі калоніі, дзе ўтрымліваюць палітвязняў (дапоўнена)

3147 Праглядаў Шклоў Віцьба Глыбокае
Машыну, на якой Хрыстафор Жаляпаў, Ян Дзяржаўцаў і Аляксей Гаўруцікаў ехалі на прыём да начальніка папраўчай калоніі № 17, спыніла Дзяржаўтаінспекцыя. Начальнікі іншых калоніі размаўляць пра палітвязняў адмовіліся.

Віцебскія актывісты мелі намер абмеркаваць з кіраўніцтвам калоніі, у якой адбываюць пакаранне Мікалай Статкевіч і Арцём Пракапенка, умовы ўтрымання палітвязняў.

Машыну каардынатара Руху «За Свабоду» па Віцебшчыне Хрыстафора Жаляпава спынілі супрацоўнікі ДАІ Магілёўскай вобласці за сем кіламетраў ад Віцебска па падазрэнні, што падобны аўтамабіль знаходзіцца ва ўгоне. Праз 20 хвілін праверкі дакументаў і кансультацый з начальствам міліцыянты прымусілі кіроўцу ехаць разам з імі ў ДАІ Магілёўскай вобласці. Затрыманне патлумачылі тым, што падобная па апісанні машына нібыта трапіла ў дарожна-транспартнае здарэнне ў Мінску 30 лістапада. Пасажырам не дазволілі пакінуць транспартны сродак з той прычыны, што «яны маглі быць сведкамі ДТЗ».

Актывістаў затрымлівалі ў абласным ДАІ да 12 гадзінаў, калі заканчваецца вызначаны раскладам час прыёму наведвальнікаў у начальніка шклоўскай калоніі.

Хрыстафор Жаляпаў упэўнены, што ягонае затрыманне на трасе звязанае менавіта з намерам наведаць начальніка калоніі, каб паразмаўляць з ім пра лёс палітвязняў. Сакрэту з паездкі не рабілі. За дзень да планаванага візіту актывісты патэлефанавалі ў калонію і дамовіліся пра сустрэчу. Пярэчанняў з боку кіраўніцтва папраўчай установы тады не было.

Сёння прадстаўнікі ПАГА Рух «За Свабоду» мелі намер пагутарыць таксама з начальнікамі глыбоцкай калоніі № 13 і калоніі № 3 блізу п. Віцьба, дзе адпаведна ўтрымліваюцца Зміцер Дашкевіч і Андрэй Саннікаў.

Як паведаміў Яраслаў Берніковіч, яго прыняў начальнік глыбоцкай калоніі Яўген Брахун, але размовы не атрымалася.

— Начальнік установы спаслаўся на кодэкс, што нібыта не мае права размаўляць пра асуджаных з несваякамі і параіў па ўсіх пытаннях, якія тычаць Дашкевіча, звяртацца да ягонага адваката, — паведаміў Яраслаў Берніковіч.

Па падобным сцэнары адбывалася сустрэча Сяргея Парсюкевіча з начальнікам калоніі «Віцьба».

Раней, на адрас начальнікаў усіх трох калоній ад імя намесніка старшыні Руху «За Свабоду» Юрася Губарэвіча быў дасланы зварот, у якім паведамлялася, што на падставе Статуту арганізацыі Рух «За Свабоду» накіроўвае свайго прадстаўніка для гутаркі з начальнікам калоніі наконт умоваў утрымання палітвязняў.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны