Навіны Навіны Руху

Актывісты Руху прэзентавалі беларусам «Народную праграму» з-за мяжы

Актывісты Руху прэзентавалі беларусам «Народную праграму» з-за мяжы

3642 праглядаў Брэст
На беларуска-ўкраінскім памежным пераходзе грамадзяне нашай краіны атрымалі буклеты Аляксандра Мілінкевіча і анкеты «Народнай праграмы». Лідэра Руху «За Свабоду» пазнаваў практычна кожны.

Акцыю па распаўсюду інфармацыі арганізавалі ў нядзелю брэсцкія актывісты Руху «За Свабоду». Яна праводзілася на ўкраінскім баку мяжы. Распаўсюд праводзіўся сярод грамадзян Беларусі, якія вярталіся на радзіму з адпачынку, альбо шоп-тура.

— Па выходных на памежным пераходзе «Макраны-Даманава» утвараюцца вялізныя чэргі нашых суайчыннікаў. Яны ў гэты час нічым не занятыя і з задавальненнем знаёмяцца з буклетамі, ахвотна размаўляюць на палітычныя тэмы, абмяркоўваюць прачытанае. Мы таксама раздавалі людзям анкеты, праз якія яны маглі выказаць свае пажаданні і заўвагі адносна палітычнай праграмы лідэра Руху «За Свабоду», — распавядае ўдзельнік акцыі Сяргей Вакуленка.

Паводле актывіста, акцыя прайшла вельмі ўдала. На мяжы ў гэты час склалася вялікая, так бы мовіць, мэтавая аўдыторыя. Вымушанае доўгае чаканне ў чарзе і добрае надвор’е спрыялі размовам. Кожны буклет з цікавасцю вывучалі некалькі чалавек (кіроўца і пасажыры), яны задавалі пытанні. Беларускія ўлады, нават пры вялікім жаданні не мелі магчымасці перашкодзіць правядзенню акцыі, бо яна дэ-юрэ праводзілася на тэрыторыі суседняй краіны.

Пазнавальнасць Аляксандра Мілінкевіча, па словах арганізатараў акцыі, была амаль 100-адсоткавая.

— Мы найперш задавалі пытанне: «Ці ведаеце Вы, хто такі Мілінкевіч?» Практычна кожны пазнаваў лідэра Руху «За Свабоду» і ўзгадваў, што ён выступіў адзіным кандыдатам ад дэмакратычных сілаў на прэзідэнцкіх выбарах 2006 году, — кажа каардынатар Руху па Берасцейшчыне Дзяніс Турчэняк.

На думку каардынатара, такую методыку працы з насельніцтвам варта пашыраць. Інфармаванне насельніцтва на памежных пунктах пропуску мае шэраг плюсаў. Гэта і немагчымасць уладаў перашкодзіць правядзенню акцыі, і гатоўнасць людзей, якія бавяць час у чэргах, абмяркоўваць палітычныя, эканамічныя і сацыяльныя тэмы, і зняццё праблемы друкавання і пагрозы канфіскацыі неўпадабанай уладамі літаратуры.

Ускосна паспяховасць акцыі пацвярджае рэакцыя беларускіх памежнікаў. Калі актывісты вярталіся ў Беларусь, у іх узніклі пэўныя праблемы. Спачатку зацягнуўся іх пашпартны кантроль. Пасля начальнік змены даў указанне мытнікам пільна праверыць аўтатранспарт актывістаў «на прадмет дэструктыву». Знайшлі толькі адзін буклет. Пасля яго вывучэння адзін мытнік спытаў другога: «Ну што там напісана?» "Ды ўсё правільна напісана"— адказаў калега.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Народная праграма

Апошнія навіны