Навіны Навіны Руху

Беларускія жанчыны адказваюць Ярмошынай

Беларускія жанчыны адказваюць Ярмошынай

4245 Праглядаў
«Калі Ярмошына лічыць, што жанчына мусіць варыць баршчы, чаму яна не сядзіць на кухні і не варыць боршч, а займаецца фальсіфікацыямі?». Апошняе скандальнае інтэрв’ю старшыні ЦВК каментуюць Алена Ліхавід, Марына Лобава, Таццяна Пашавалава, Алена Фаміна і Арына Лісецкая.

У інтэрв’ю Еўрарадыё Лідзія Ярмошына заявіла, што гатовая паўтарыць сваю нашумелую фразу пра падзеі 19 снежня 2010 года, што жанчыны «мусяць дома варыць боршч, а не па плошчах шастаць». І зрабіла ў дадатак шэраг скандальных заяваў на адрас беларускіх жанчын.

«Я страшэнна расчараваная жаночай часткай маладога пакалення — яны агідныя маці, яны дрэнныя жонкі, яны не добрыя, не міласэрныя людзі. Таму — як хутчэй, трэба іх заклікаць да баршча, дзяцей, кніжак і гэтак далей. Я лічу гэтую фразу, а боршч — гэта тое, што патрапіла на язык, сімвалам дамашняй утульнасці. Не абавязкова боршч — можна торт пячы. А яшчэ лепш — кніжку свайму дзіцяці пачытаць. Даўно гэтыя дамачкі, які блукалі па гэтай плошчы, кніжкі сваім дзецям чыталі? Я — фанатычная маці. Я лічу, што калі ты становішся маці, для цябе не існуе нічога, апроч твайго дзіцяці. Яно можа існаваць, але дзесьці на другім месцы. І ты не маеш права рызыкаваць сабой. А гэта рызыка — прыйсці на плошчу і браць удзел у незаконнай акцыі. Ты не маеш права ў 9 гадзін вечара ў нядзелю кінуць сваё дзіця і боўтацца недзе з мужыкамі. Ты жанчына і маці. Нельга даводзіць эмансіпацыю да абсурду. А яна даведзеная. Калі чалавецтва загіне, то — па віне жанчын. Бо яны забываюцца на сваё прызначэнне жанчыны і маці», — заявіла ў працяг Ярмошына.

«А можа яшчэ і па віне тых мужчын загіне чалавецтва, якія на плошчы білі жанчын гумовымі дубінкамі?», — спыталі ў кіраўніцы ЦВК.

Тая адказала так: «А яны выконвалі свой службовы абавязак! А ў іх службовыя абавязкі ўваходзіць у тым ліку і палку прымяніць супраць парушальнікаў незалежна ад полу. Дамы гэтыя прыйшлі па „поклічы“ сэрца, а значыцца ўзялі на сябе рызыку любых наступстваў. Нельга бясконца спадзявацца „на авось“ — што пранясе, што ўлада добрая, што ўлада пабаіцца. Трэба заўсёды думаць аб наступствах, а жанчына павінна быць удвая асцярожнейшая. Бо ёй — нараджаць, ёй — сябе давесці дахаты, ёй проста трэба быць больш асцярожнай проста таму, што яна жанчына. Што ж тычыцца тых мужчын, якія стаялі і ахоўвалі парадак — выбачайце, яны выконвалі свае службовыя абавязкі. Яны ў гэтым не свабодныя. У адрозненні ад тых, хто прыйшоў на плошчу самастойна».

Алена Ліхавід, маці былога палітвязня Мікіты Ліхавіда, кажа, што Лідзія Ярмошына гэтымі сваімі выказваннямі «зняважыла, можна сказаць, ўсіх мацярок Беларусі. Прычым яна не мае маральнага права. Да ўсяго можна быць добрай маці, гаспадыняй і мець актыўную грамадзянскую пазіцыю. І менавіта выражэннем сваіх поглядаў мы у тым ліку выхоўваем дзяцей. Каб яны ведалі сваю гісторыю і жадалі лепшага для сябе і сваіх нашчадкаў. Жанчыны, якія выходзілі на Плошчу, думаюць пра будучыню, хочуць, каб іхнія дзеці жылі ў вольнай краіне».

Марына Лобава, маці палітвязня-маладафронтаўца Эдуарда Лобава: «Не разумею, як можа кагосьці ацэньваць чалавек, які столькі разоў фальсіфікаваў выбары, пазбавіў беларускіх людзей і іх дзяцей нармальных умоваў жыцця. У нармальных еўрапейскіх краінах жанчыны паспяваюць і на працу хадзіць, і адукацыю атрымаць, і добрых дзяцей выгадаваць. Галоўнае — каб дзяржава стварала ўмовы, каб чалавек мог рэалізаць свае здольнасці. Дый калі Ярмошына лічыць, што жанчына мусіць варыць баршчы, чаму яна не сядзіць на кухні і не варыць боршч, а займаецца фальсіфікацыямі?».

Таццяна Пашавалава, Цэнтр сацыяльных інавацый: «Забаўна чуць бурчанне з вуснаў асобы дзяржаўнага ўзроўню. Колькі існуе свет, сталае пакаленне наракае на моладзь. Што тычыцца магчымасці сумяшчэння актыўнай грамадскай пазіцыі, працы і сямейных абавязкаў — гэта тое, што жанчыны цалкам могуць рабіць пры жаданні, і гэта пытанне не правоў і паводзін жанчын, а наогул людзей і сям’і. Гэта ў такой самай ступені тычыцца і мужчын. Шмат прыкладаў такога ўдалага сумяшчэння пры вялікай нават колькасці дзяцей. А бываюць сітуацыі, калі без дзяцей чалавек нічога не дасягае і апускаецца. Таму гэта некарэктная пастаноўка пытання».

Алена Фаміна, грамадская актывістка з Віцебска, давераная асоба экс-кандыдата ў прэзідэнта Дзмітрыя Вуса: «Варыць суп і чытаць кніжкі — не ўсё, што павінна рабіць жанчына ў гэтым жыцці. Калі жанчына зразумела, што ў краіне нешта не так, то яна выйшла на Плошчу не прагуляцца, а дзеля сваіх дзяцей. Хай яна не прачытала адну казку, але яна выйшла даць ім лепшае. Так атрымліваецца, што і нам, жанчынам, даводзіцца прымаць удар, каб дамагчыся зменаў. Таму мы на Плошчы».

Арына Лісецкая, актывістка Руху «За Свабоду», блогерка, кажа, што старшыня ЦВК сама не паказала ніводнага станоўчага прыкладу: «І наконт сумяшчэння. Вось у мяне два блогі. Адзін кулінарны, дзе я магу цётку Ліду навучыць нашмат лепей варыць боршч, а а таксама яшчэ эстэцтву размовы, другі — на „Рэху Масквы“, дзе я магу выказваць спакойна палітычныя погляды. І пра міласэрнасць. Лідзія Міхайлаўна, вось у вас няма ўнукаў, так паглядзіце колькі дзіцячых дамоў, вы каго-небудзь прывялі, каму-небудзь дапамаглі? Вы наогул ў царкву ходзіце?».

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны