Навіны Беларусь і Свет

«Белсат» адзначыў 4-годдзе і рыхтуе на сакавік эфірныя змены

«Белсат» адзначыў 4-годдзе і рыхтуе на сакавік эфірныя змены

2495 Праглядаў
Чатыры гады таму пачало трансляцыю сваіх праграмаў тэлебачанне «Белсат» — незалежны канал для гледачоў у Беларусі, які ёсць часткаю Польскага тэлебачання. Дату пачатку працы «Белсату» выбралі не выпадкова — 10 снежня адзначаецца Міжнародны дзень правоў чалавека. З нагоды чатырохгоддзя каналу адбылася адмысловая канферэнцыя, на якой былі падведзеныя вынікі працы за гэты час ды агучаныя планы па развіцці «Белсату».

«Прафесіяналізм — мера нашага значэння. Чатыры гады таму мы пачалі з 3-хвіліннага выдання навінаў. Сёння мы робім некалькі выданняў навінаў штодзённа ды шмат іншых праграмаў ды фільмаў», — гаворыць дырэктарка тэлеканалу Агнешка Рамашэўская-Гузы.

У сакавіку 2012 г. замест асобных выданняў навінаў «Белсат» плануе запусціць інфармацыйна-публіцыстычны блок, паведамляе прэс-служба канала. «Цягам 45–60 хвілінаў кожны глядач, які ўвечары ўключыць „Белсат“, атрымае поўную інфармацыю пра сітуацыю ў Беларусі ды ў свеце. Гледачы змогуць задаваць пытанні ў жывым эфіры як журналістам, гэтак і экспертам, якія выступяць у эфіры», — распавёў кіраўнік рэдакцыі навінаў Аляксей Дзікавіцкі.

«Але „Белсат“ — гэта не толькі тое, што мы бачым на экране. Цягам чатырох гадоў „Белсат“ выконвае важную культуратворчую ролю, — падкрэслівае Агнешка Рамашэўская-Гузы. — Тэлеканал стаўся важным інстытутам у грамадскім жыцці Беларусі ды ў польска-беларускіх стасунках. За кожнаю праграмаю ці фільмам стаяць ягоныя творцы, беларускае незалежнае асяроддзе, і „Белсат“ аб’ядноўвае гэтых людзей».

«Белсат» фінансуецца польскім Міністэрствам замежных справаў, Польскім тэлебачаннем і замежнымі спонсарамі. «Тэлеканал ніколі б не паўстаў не толькі без журналістаў, але і без дабрачыннага падтрымання. Галоўныя спонсары — Міністэрства замежных справаў Рэспублікі Польшча, польскае грамадскае тэлебачанне TVP S.A., шведская агенцыя СІДА, амбасада Каралеўства Нідэрландаў у Польшчы, дзяржавы Паўночнай Рады. Але нягледзячы на падтрыманне, штогод „Белсату“ не хапае фінансавання. Заклікаю нашых дабрачынцаў падтрымаць канал, каб мы маглі ў 2012 г. разам з нашымі гледачамі адзначыць пяцігоддзе», — дадала дырэктарка «Белсату».

Аўдыторыя «Белсату», паводле апытання, дасягнула 12% дарослага насельніцтва. Згаданае анкетаванне, праведзенае Цэнтрам сацыялагічных доследаў «Люстэрка-інфа», паказала, што беларусы шукалі ў праграмах канала найперш адлюстравання рэальнай сітуацыі ў сваёй краіне.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны