Навіны Навіны Беларусі

Мінскі суд праігнараваў Дырэктыву прэзідэнта № 2

Мінскі суд праігнараваў Дырэктыву прэзідэнта № 2

2901 прагляд Мінск
У судзе Маскоўскага раёна Мінска 8 снежня разглядалася скарга Алеся Марчанкі на забарону сталічнымі ўладамі пікета салідарнасці з палітвязнем.

Актывіст Руху «За Свабоду» Алесь Марчанка меў намер правесці 5 жніўня ў парку Дружбы народаў пікет салідарнасці з асуджаным на зняволенне пасля падзей 19 снежня 2010 года іншым сябрам Руху «За Свабоду» Мікітам Ліхавідам.

Пікет заяўляўся на 10 чалавек. Марчанка быў згодны правесці невялічкую акцыю ў любой частцы досыць вялікага парка. Ён нават прапанаваў чыноўнікам, у выпадку аб’ектыўнай немагчымасці правесці акцыю 5 жніўня ў парку Дружбы народаў, перанесці яе ў іншае месца альбо змяніць дзень і час пікета на тыя, якія задаволяць гарадскія ўлады.

Намеснік старшыні Мінгарвыканкама сп. Карпенка адмовіў у правядзенні пікета на той падставе, што ў парку запланаванае іншае мерапрыемства. Што гэта за мерапрыемства, чыноўнік не патлумачыў. У лісце ад яго таксама не было прапанавана альтэрнатыўных пляцовак для правядзення пікета.

Алесь Марчанка даводзіў суддзі Маскоўскага раёна Юрыю Шастакову, што адказ з Мінгарвыканкама мае фармальны характар і дадзены не па сутнасці, што супярэчыць Закону «Аб зваротах грамадзян». Марчанка таксама прасіў суддзю вынесці заключэнне пра парушэнне кіраўніцтвам Мінгарвыканкама Закона «Аб масавых мерапрыемствах». Актывіст спадзяваўся, што суд адменіць рашэнне мінскіх уладаў аб забароне пікета і абавяжа даць дазвол на яго правядзенне.

Прадстаўнік Мінгарвыканкама, чыноўнік Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы Яўген Уральскі заявіў, што заява на правядзенне акцыі была зарэгістравана, разгледжана, быў дадзены адказ на яе ў адпаведнасцю з вызначанай Законам працэдурай. А тлумачыць заяўніку, што за мерапрыемства рыхтавалі ўлады на 5 жніўня, маўляў, яны не абавязаны. Паводле слоў спадара Ўральскага, было прынятае рашэнне не прапаноўваць заяўніку акцыі салідарнасці іншае месца і час яе правядзення, хоць Закон такой магчымасці не выключае.

Зрэшты, у спрэчах Яўген Уральскі прызнаў, што правы Алеся Марчанкі маглі быць парушаны, але на такую «ахвяру» прыйшлося пайсці для забеспячэння правоў іншых грамадзян. На пытанні актывіста «Дзе выйсце? Як увогуле правесці акцыю?» чыноўнік парэкамендаваў падаваць паўторную заяўку.

Відавочна, што спроба знайсці супярэчнасці ў рэалізацыі правоў грамадзян на ўдзел у забаўляльных мерапрыемствах гарвыканкама і на арганізацыю пікета выглядае абсалютна штучна і надумана. Для поўнага панавання духу і літары Закона дастаткова было прыслухацца да прапановы Марчанкі і вызначыць альтэрнатыўнае месца і час правядзення акцыі. Тым больш, што Закон гэта не забараняе. Аднак улады наўмысна пайшлі на абвастрэнне праблемы: яны абмежавалі правы і свабоды грамадзян замест спрыяння іх найбольш поўнай рэалізацыі, як гэтага патрабуе Канстытуцыя.

На жаль, рашэнне суддзі аказалася тыповым для беларускіх рэалій. Суд цалкам прыняў бок уладаў, а не грамадзяніна і пакінуў скаргу без задавальнення па абодвух пунктах.

Алесь Марчанка са свайго боку кажа, што згодны падаваць заяўкі на акцыю хоць кожны тыдзень і дзеля ўстанаўлення справядлівасці гатовы абскарджваць рашэнне раённага суда ў Мінгарсудзе ды вышэйшых інстанцыях, ажно да міжнародных.

Юрыст Руху «За Свабоду» Андрэй Сушко пракаментаваў сітуацыю такім чынам: «Суду як інструменту абароны правоў і свабод грамадзян у нас не існуе. Больш за тое, ён не служыць адной са сваіх мэтаў — дзеля развязвання канфліктаў у грамадстве. Мы спасылаліся на Дырэктыву прэзідэнта № 2 „Аб захадах па далейшай дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарату“, бо ў адмове на правядзенне пікета мы ўгледзелі ў тым ліку і парушэнне яе з боку Мінгарвыканкама. Але суд не прыняў да ўвагі аргумент аб невыкананні прадпісанняў дакумента такога ўзроўню».

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны