Навіны Навіны Руху

«Мэта ўлады — запужаць, каб было непанадна»

«Мэта ўлады — запужаць, каб было непанадна»

3077 Праглядаў Катавіцы
Павага да правоў чалавека ў краінах былога Савецкага Саюза: ці ёсць змены за апошнія 20 гадоў з таго часу, як не стала звышдзяржавы? Гэтае пытанне надалей выклікае заклапочанасць у міжнароднай супольнасці. І гэтай тэме прысвечаны ІІ Еўрапейскі кангрэс правоў чалавека, які 8 снежня распачаў працу ў польскіх Катавіцах.

Сітуацыя з правамі чалавека на постсавецкай прасторы, ганебная практыка гандлю людзьмі, а таксама год пасля Плошчы-2010 у Беларусі — асноўныя тэмы працы ІІ Еўрапейскага кангрэса правоў чалавека. Беларускую рэчаіснасць на кангрэсе прадстаўляюць Алесь Міхалевіч, кандыдат у прэзідэнты на мінулых выбарах, праваабаронца цэнтра «Вясна» Зміцер Салаўёў, дачка сябра каманды экс-кандыдата на прэзідэнцтва Андрэя Саннікава Змітра Бандарэнкі Юлія, намеснік старшыні Руху «За Свабоду!» Юрась Губарэвіч ды іншыя прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці.

Акрамя названага, падчас форуму будуць падведзены вынікі дваццацігоддзя пасля развалу СССР і вызначана агульная характарыстыка з правамі чалавека на постсавецкай прасторы, а таксама сітуацыя ў Расіі пасля парламенцкіх выбараў.

Арганізатарам кангрэса з’яўляецца офіс еўрадэпутата Марэка Мігальскага, праект «Сілезія», «Усходні карэспандэнт» і Група еўрапейскіх кансерватараў і рэфармістаў.

Падводзячы вынікі Плошчы-2010, намеснік старшыні Руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч сказаў, што вінаватыя ў той сітуацыі былі ў тым ліку і прадстаўнікі апазыцыі:

— Не было ўзгодненай стратэгіі, кожны думаў выключна пра свае прыватныя мэты, калі ішоў на выбары: падняць уласны рэйтынг альбо раскруціць рэйтынг уласнай палітычнай структуры. Усё гэта прывяло да таго, што беларускае грамадства не мела зразумелай, выразнай альтэрнатывы дзеючаму прэзідэнту ў асобе адзінага прадстаўніка ад усіх апазіцыйных сіл. Натуральна, што гэта прывяло да размывання галасоў, гэта паслужыла прычынай дэзарганізацыі дзеянняў падчас масавых пратэстаў, таксама знізіла градус гэтых пратэстаў. І тое, што мы маем сёння, сітуацыя якая значна горш, чым была яшчэ год таму, — гэта вынікі непрадуманай стратэгіі.

За ўвядзенне эканамічных санкцый супраць Беларусі выступіла Юлія Бандарэнка, дачка палітычнага зняволенага Змітра Бандарэнкі.

Падчас працы кангрэса беларускае пытанне ўздымаецца практычна на ўсіх выступах. Паводле словаў еўрадэпутата Мігальскага, у краіне склалася дыктатура, якая адрозніваецца ад іншых краін постсавецкай прасторы, перадае радыё «Рацыя».

Марэк Мігальскі кажа, што сутнасць кангрэсу — не толькі пашырэнне ведаў пра сітуацыю ў краіне, але і практычныя напрацоўкі:

— Прайшло 20 гадоў пасля распаду Савецкага Саюза, а сітуацыя з правамі чалавека на постсавецкай прасторы нездавальняючая. У большасці гэтых краін правы чалавека пад пагрозай. Таму мы арганізуем такія кангрэсы, таму запрашаем апазіцыйных дзеячоў з Беларусі і Расіі, каб яны мелі магчымасць размаўляць і каб маглі выказаць свай пункт гледжання. А мы, еўрапейскія палітыкі, каб былі лепш паінфармаваныя, каб было лепшае супрацоўніцтва дзеля дэмакратызацыі і свабоды у такіх краінах як Беларусь, Расія ды іншыя.

Старшыня Камітэта абароны рэпрэсаваных «Салідарнасць» Іна Кулей адзначыла на кангрэсе, што за гэты год не змяніліся інструменты, механізмы, якімі карыстаецца беларуская дыктатура:

— У першую чаргу гэта запужванне грамадства. Знаходжанне ў турме (там яшчэ два кандыдаты ў прэзідэнты і разам з імі іх паплечнікі, нават правабаронца), адлічэнне студэнтаў з універсітэтаў, выкідванне людзей з працы і т.д. Гэта ўсё носіць мэту запужаць астатняе грамадства, каб было непанадна. Мне здаецца, што на шэраговага грамадзяніна гэта ўсё ж такі ўздзейнічае.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны