Навіны Беларусь і Свет

ЕНП: «Палітвязні ёсць толькі ў дзвюх краінах Еўропы — Беларусі і Ўкраіне»

ЕНП: «Палітвязні ёсць толькі ў дзвюх краінах Еўропы — Беларусі і Ўкраіне»

3753 праглядаў
7-8 снежня ў французскім Марселі праходзіць кангрэс Еўрапейскай народнай партыі, з якой супрацоўнічае і Рух «За Свабоду». У кангрэсе бярэ ўдзел яго лідар Аляксандр Мілінкевіч.

Усяго ў Марсель з’ехаліся больш за 1000 дэлегатаў з 39 краін, у тым ліку 17 кіраўнікоў краін і ўрадаў дзяржаў Еўразвязу: Нікаля Сарказі (Францыя), Ангела Меркель (Германія), Дональд Туск (Польшча), Віктар Урбан (Венгрыя), Фрэдрык Рэйнфельт (Швецыя), Энда Кені (Ірландыя), Вальдзіс Дамброўскіс (Латвія), Андрус Кубілюс (Літва), Івета Радзічова (Славакія), Юркі Катайнен (Фінляндыя) і іншыя.

У ЕНП уваходзяць старшыня Еўрапейскай Камісіі Жазэ Мануэль Барозу, старшыня Еўрапейскай Рады Герман ван Рампой і кіраўнік Еўрапейскага Парламента Ежы Бузэк.

Акрамя Аляксандра Мілінкевіча, у кангрэсе ад Беларусі бярэ ўдзел лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. З постсавецкіх краін прыехалі лідар Грузіі Міхаіл Саакашвілі і выконваючы абавязкі прэзідэнта Малдовы, прэм’ер-міністр Улад Філат. Атрымала запрашэнне, але з вядомых прычын не змагла прыехаць Юлія Цімашэнка, былая прэм’ер-міністр Украіны, лідар партыі «Батькiвщина». Замест яе на кангрэс Еўрапейскай народнай партыі паехала дачка Яўгенія Кар.

«Сёння ад імя маёй маці я прашу падвоіць намаганні па набліжэнні Украіны да ЕС», — сказала яна ў сваім выступе там і падзякавала предстаўнікам ЕНП за падтрымку.

«Наша краіна стала прыватнай уласнасцю прэзідэнцкай сям’і, ніхто нават не спрабуе схаваць карупцыю», — сказала Кар. Паводле яе слоў, крымінальныя справы ў дачыненні да апазіцыі маюць за мэту «ліквідаваць усялякі супраціў».

Старшыня Еўрапейскай народнай партыі Вільфрэд Мартэнс заявіў, што перспектывы для пагаднення паміж Еўрапейскім саюзам і Украінай аб асацыяцыі няма да тых часоў, пакуль у краіне ёсць палітычныя зняволеныя: «Ніякае пагадненне не можа быць падпісана, ратыфікавана і імплементавана, пакуль не будзе дакладных абавязацельстваў і выразных мер, якія зменяць сітуацыю. Гэтыя абавязацельствы павінны прывесці да вызвалення Юліі Цімашэнка і іншых палітычных зняволеных. Яны павінны атрымаць права ўдзельнічаць у выбарах, як бліжэйшых, так і наступных».

Кіраўнік ЕНП звярнуў увагу на пустое крэсла з фатаграфіяй Цімашэнка ў зале, дзе праводзіцца кангрэс панеўрапейскай партыі.

Мартэнс лічыць, што Юлія Цімашэнка асуджана ў выніку «несумленнага і палітычна матываванага працэсу», каб знішчыць дэмакратычную апазіцыю ў Украіне.

Вільфрэд Мартэнс падкрэсліў, што на сёння палітвязні ёсць толькі ў дзвюх краінах Еўропы — Беларусі і Украіне.

«Мы будзем абараняць усіх тых, хто пацярпеў праз згортванне дэмакратыі», — заявіў ён.

Аляксандр Мілінкевіч распавёў Pyx.by, што кангрэс Еўрапейскай народнай партыі разам з абмеркаваннем такіх пытанняў, як эканамічны крызіс у ЕС і лёс еўразоны, «праходзіць пад знакам пільнай увагі да ўсходніх суседзяў і падтрымкі іх еўраамбіцый».

Сёння адбудзецца закрытая сустрэча лідараў партый і арганізацый еўрапейскіх краін, якія ўваходзяць у ЕНП. На ёй Аляксандр Мілінкевіч збіраецца сярод іншага казаць аб пагрозах, што сыходзяць ад неаімперскага праекта «Еўразійскі саюз» (новы СССР), і перспектывах еўрапеізацыі Беларусі.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны