Навіны Аналітыка

Эксперт: Сярэдняя зарплата праз год у Беларусі будзе 100 долараў

Эксперт: Сярэдняя зарплата праз год у Беларусі будзе 100 долараў

2790 Праглядаў
«У нашай краіне рэальна ўсё. Можна нават, як камуністам, рэкі назад павярнуць. Галоўнае, каб сказаў Лукашэнка. Ён сказаў, і так будзе — усе адрапартуюць», — каментуе ў інтэрв’ю радыё «Рацыя» незалежны эканаміст Міхась Залескі патрабаванне —ў кароткія тэрміны спыніць рост цэн.

На пытанне ці толькі «адрапартуюць», ці сапраўды яшчэ нешта зробяць. Міхась Залескі заўважае, што Беларусь даўно ператварылася ў краіну піяру:

— Ужо 20 гадоў ніхто нічога не робіць з таго, што ён гаворыць. Усё існуе паралельна. Гэта краіна, у якой перамог піяр. Ён гаворыць сабе, яны робяць сабе, мы жывем сабе. І так яно паралельна ўсё суіснуе.

— Нейкае «незалежнае» ў нас атрымліваецца грамадства...

— Абсалютна нічога ні ад каго не залежыць, поўны хаос. І гэтая каманда знізіць цэны будзе выкананая. Калі мы возьмем рынак і ўсю наменклатуру тавараў, агромністую гэтую масу, то на якую частку тавараў паўплываюць ягоныя загады? На сённяшні дзень беларускі рубель у параўнанні з 1991 годам падаражэў у 80 мільёнаў разоў. Гэта ёсць адлюстраванне руху цэнаў. Ужо былі і дэнамінацыі, і дэвальвацыі, і што тут толькі не рабілі — цэны ўсё роўна працягваюць расці. Больш за тое, у нас жа ёсць дзяржаўны орган па рэгуляванні цэнаў. І што ён нарэгуляваў? То трэба гэты орган увесь разагнаць разам з Міністэрствам эканомікі ці што? Разумееце, гэта ўсё пустая балбатня.

— Калі ўзяць цэны ў Беларусі ў розных рэгіёнах, ці ёсць статыстыка адносна іх розніцы? Да прыкладу, гамельчукі кажуць, што ў Гродне ўсё больш таннае...

— Ёсць адмысловая ўстанова ў Нямеччыне, якая займаецца вывучэннем пакупніцкай здольнасці. Я азнаёміўся з іх матэрыяламі. Вышэй пакупніцкая здольнасць у Мінскай і Брэсцкай абласцях у параўнанні з астатняй краінай. Гэта значыць, што адносна заработнай платы цэны вышэйшыя ў Гродзенскай, Віцебскай, Гомельскай і Магілёўскай абласцях. Гэта апошнія дадзеныя за 2010-2011 гады.

— Многія беларусы кажуць, што зарплаты ім хапае толькі на прадукты харчавання. Ці можна сказаць, што гэта масавая з’ява і большасць беларусаў сапраўды выжывае ў гэтай сітуацыі?

— Мы асабліва нікуды ад гэтай з’явы далёка і не адыходзілі. У нас было два гады, калі меней за палову зарплаты ў цэлым па краіне ў людзей зыходзіла на харчовыя тавары. Гэта 2006-2007 гады. Потым усё пачало на сваё месца станавіцца. Дзве трэці беларусаў трацяць тры чвэрці зарплаты на харчовыя прадукты на сённяшні дзень.

— Якія маеце прагнозы на наступны год? Ці, увогуле, можна больш-менш пэўна нешта прагназаваць?

— Мэты вызначаныя, задачы пастаўленыя, за працу, «таварышы». Так ягоны казаў «ідэал». Справа ў тым, што на наступны год у нас запланаваны інфляцыйны рост. Лукашэнка паўтарае тое, што ён рабіў на пачатку сваёй кар’еры, калі запускаў заводы. Будуць друкавацца грошы для таго, каб забяспечыць рост ВУП на 5-6%. І гэта прывядзе да таго, што я прагназаваў раней, што ў нас сярэдняя зарплата праз год будзе 100 долараў. Затое будзе добры экспарт, затое будзе рост валавага ўнутранага прадукта.

— Беларусам што ад гэтага будзе?

— Беларусы атрымаюць меншую зарплату і спажываць яны будуць менш, чым цяпер. Выйграе ад гэтага Лукашэнка. Ён застанецца пры ўладзе. Яму не давядзецца абвяшчаць суверэнны дэфолт. І ён здольны будзе з дапамогай Расіі — вы ж бачыце, як яна цяпер кідаецца на дапамогу, — працягваць сваю гульню палітычную і геапалітычную, разлічвацца патроху з запазычанасцямі, якіх ужо пад 40 мільярдаў набіраецца.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны