Навіны Аналітыка

«Раўнапраўныя эканамічныя саюзы з Расеяй немагчымыя»

«Раўнапраўныя эканамічныя саюзы з Расеяй немагчымыя»

2217 Праглядаў
18 лістапада кіраўнікі Беларусі, Казахстану й Расеі падпісалі ў Крамлі Дэклярацыю аб эўразійскай эканамічнай інтэграцыі і Дамову аб Эўразійскай эканамічнай камісіі. Ці азначае стварэньне камісіі рэальнае ўзмацненьне эканамічнай інтэграцыі трох краінаў ці гэта проста чарговая бюракратычная структура? Ці рэальна стварэньне эканамічнага саюзу з краінаў, эканомікі якіх кардынальна адрозьніваюцца і якія вядуць паміж сабой гандлёвыя войны?

— Ці азначае стварэньне новай структуры сапраўднае паглыбленьне эканамічнай інтэграцыі трох краінаў?

— Пакуль гэтая камісія — ня што іншае, як існуючая камісія Мытнага саюзу — проста з пашыранымі паўнамоцтвамі. Так што пра прынцыпова новую структуру казаць не даводзіцца — гэта проста новая назва для ўжо створаных раней арганізацыяў, — кажа фінансавы аналітык Сяргей Чалы ў інтэрвью радыё «Свабода».

— Ці рэальнае стварэньне эканамічнага саюзу з краінаў, эканомікі якіх кардынальна адрозьніваюцца: Расея больш сыравінная, Беларусь — перапрацоўчая?

Я заўсёды быў скептыкам наконт рэальнасьці нейкіх эканамічных саюзаў з Расеяй. Бо ў Масквы падыход да такіх інтэграцыйных утварэньняў наступны: разважаць пра нейкія далёкія і глыбокія рэчы, а не пра фундамэнт, зь якога і павінна ўсё будавацца — стварэньне зоны вольнага гандлю. Як можна весьці перамовы пра эканамічны саюз, калі Пуцін кажа, што з дамовы пра зону вольнага гандлю мы выключым тавары, асноўныя для напаўненьня расейскага бюджэту — энэргетычныя тавары і ўсё, што робіцца з мэталаў?

Узьнікае тады лягічнае пытаньне — дзе ж тут адзіны рынак, дзе тут эканамічная інтэграцыя? Гэта ўсё роўна як будаваць дом і разважаць пра дах, ня ведаючы, якім будзе фундамэнт.

— Ці бачыце вы палітычны чыньнік у гэтых дамоўленасьцях, якія падпісваюцца за некалькі тыдняў да парлямэнцкіх выбараў у Расеі? І ці можа Расея, на вашую думку, сапраўды ставіцца на роўных да сваіх меншых партнэраў?

— Так, безумоўна, гэта палітычны праект Уладзімера Пуціна. У яго зараз выбарчая кампанія, і тое, што зараз робіцца, гэта спосаб паказаць, што ён выпраўляе, як ён гэта называў, «галоўную геапалітычную катастрофу» стагодзьдзя — распад СССР.

А з пункту гледжаньня эканомікі я ня веру ў тое, што магчымыя нейкія раўнапраўныя эканамічныя саюзы з Расеяй — датуль, пакуль Расея разглядае танныя энэрганосьбіты ўнутры сваёй краіны як сваю натуральную эканамічную перавагу і не разглядае гэтыя тавары як прадмет вольнага гандлю ва ўсіх гэтых эканамічных утварэньнях. Бяз гэтага размаўляць пра раўнапраўе няма ніякай магчымасьці.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны