Навіны Беларусь і Свет

Эўразійскі эканамічны саюз можа быць створаны да 2015 года

Эўразійскі эканамічны саюз можа быць створаны да 2015 года

1998 Праглядаў Масква
Кіраўнікі дзяржаў Беларусі, Казахстану і Расеі падпісалі ў Крамлі Дэклярацыю аб эўразійскай эканамічнай інтэграцыі і Дамову аб Эўразійскай эканамічнай камісіі.

У Дэклярацыі заяўляецца пра пераход да наступнага этапу інтэграцыйнага будаўніцтва — адзінай эканамічнай прасторы, заснаванай на нормах і прынцыпах Усясьветнай гандлёвай арганізацыі і адкрытай на любым этапе свайго фармаваньня для далучэньня іншых дзяржаў.

Дакумэнт таксама вызначае далейшыя шляхі інтэграцыйнага ўзаемадзеяньня ў фармаце «тройкі». У якасьці канчатковай мэты абвяшчаецца стварэньне Эўразійскага эканамічнага саюзу.

У адпаведнасьці з падпісанай дамовай аб Эўразійскай эканамічнай камісіі гэты орган надзяляецца функцыямі кіраваньня інтэграцыйнымі працэсамі ў фармаце Мытага саюзу і АЭП і павінен прыступіць да працы з 1 студзеня 2012 году.

Акрамя таго, падпісаны рэглямэнт працы Эўразійскай эканамічнай камісіі.

Беларусь, Казахстан і Расея вельмі сур’ёзна настроеныя на ўмацаваньне інтэграцыі на эўразійскай прасторы, заявіў прэзыдэнт Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў, адкрываючы 18 лістапада трохбаковую сустрэчу са сваімі калегамі — Аляксандрам Лукашэнкам і Нурсултанам Назарбаевым.

Мядзьведзеў падзякаваў Лукашэнку і Назарбаеву за «канструктыўны падыход».

«Адклаўшы свае складаныя і неадкладныя справы, вы прыехалі ў Маскву. Гэта пацьвярджае, што вы вельмі сур’ёзна настроеныя на тое, каб умацоўваць інтэграцыю на эўразійскай прасторы», — адзначыў Мядзьведзеў.

Мядзьведзеў не выключае, што Эўразійскі эканамічны саюз можа быць створаны раней за 2015 год.

«Калі сасьпеюць перадумовы, будзем рухацца хутчэй. Ня будзем забягаць наперад, ня будзем мітусіцца, але калі зможам, будзем рухацца хутчэй», — сказаў Мядзьведзеў на прэс-канфэрэнцыі па выніках перамоў кіраўнікоў Расеі, Беларусі і Казахстану, перадаюць расейскія СМІ.

Мядзьведзеў адзначыў, што ні адна з краін не будзе мець якой-небудзь перавагі перад іншымі.

«Гэта раўнапраўная камісія, яна будзе працаваць, спадзяюся, эфэктыўна, а прынцыпы яе работы будуюцца на рынкавых, дэмакратычных пачатках і, спадзяюся, будуць улічваць лепшы сусьветны інтэграцыйны вопыт», — сказаў прэзыдэнт Расеі.

Паводле Мядзьведзева, сёньняшняя сустрэча цалкам апраўдала ўсе чаканьні, перадае радыё «Свабода».

"Мы ўмеем дамаўляцца, мы ўмеем чуць адзін аднаго, мы ўмеем дасягаць кампрамісаў, і ў нас па-сапраўднаму добры настрой. Гэта зарука таго, што тая інтэграцыя, якой мы займаемся, інтэграцыя эканомік Расеі, Беларусі і Казахстана, будзе пасьпяхова разьвівацца ў інтарэсах нашых краін і нашых народаў, — сказаў прэзыдэнт Расеі.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны