Навіны Беларусь і Свет

Новы віток канфлікту паміж афіцыйным Мінскам і Варшавай

Новы віток канфлікту паміж афіцыйным Мінскам і Варшавай

2572 праглядаў Мінск Варшава
16 лістапада ён быў падагрэты рэзкай заявай беларускага МЗС у адказ на выказванні, што прагучалі падчас прэс-канферэнцыі пасла Польшчы ў Беларусі Лешака Шарэпкі.

Крытыка з боку заходніх дзяржаў і міжнародных арганізацый наконт сітуацыі ў Беларусі не з’яўляецца змовай супраць нашай краіны, заявіў Шарэпка:

«Дэмакратычны свет адкрыта кажа, што думае пра сітуацыю ў Беларусі. Трэба ж прыслухоўвацца. Рашэнне за вамі. Наша стратэгія адносна Беларусі не змянілася — мы хочам, каб Беларусь больш цесна супрацоўнічала з Еўропай. У нас ёсць мноства пляцовак для супрацоўніцтва».

Паводле яго слоў, сёлета тавараабарот Беларусі і ЕС перасягне 3 млрд. еўра. «Гэта значна больш, чым з Венесуэлай», — па ўсім, іранічна падкрэсліў Шарэпка.

Разам з тым ён зазначыў, што пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі стаўленне сусветнай супольнасці да краіны змянілася. «Нельга ж пасля выбараў саджаць у турму сапернікаў і гаварыць, што яны бандыты. Пяць-шэсць кандыдатаў у прэзідэнты апынуліся ў турме пасля выбараў. Калі яны бандыты, чаму яны бралі ўдзел у выбарах, а калі не бандыты, чаму яны сядзяць у турме?» — спытаў дыпламат.

Пры гэтым Шарэпка падкрэсліў, што для паляпшэння адносінаў Беларусі з Захадам выстаўлены мінімальныя ўмовы. «Вы павінны развівацца згодна з тымі дэмакратычнымі стандартамі, якія ёсць у статуце ААН. Беларусь з’яўляецца адным з яе заснавальнікаў. Чаму ж не выконвае тыя рэчы, пад якімі сама падпісалася?» — цытуе Шарэпу БелаПАН.

Прадстаўніца афіцыйнага Саюза палякаў на Беларусі Віталія Навумовіч-Панасюк папрасіла пасла паспрыяць збліжэнню афіцыйнага і не прызнанага ўладамі саюзаў палякаў.

У адказ на гэта Шарэпка заўважыў: «Тут праблема ў тым, што ваша дзяржава спрабуе кантраляваць дзейнасць усіх незалежных арганізацый. Мы патрацілі вялікія грошы, каб пабудаваць 16 польскіх дамоў. Паглядзіце, што з імі адбываецца, як яны выкарыстоўваюцца. Чаго там больш? Мы бачылі захоп маёмасці, які правяла нейкая група, якая зараз карыстаецца ёй. Тады як Польшча набыла гэту маёмасць, каб яна працавала на карысць усёй польскай меншасці ў Беларусі».

Па словах Шарэпкі, Польшча зноў просіць Беларусь паскорыць працэс уваходжання ў сілу пагаднення аб памежным руху насельніцтва.

Ён нагадаў, што пагадненне было падпісана ў лютым 2010 года, а Польшча завяршыла ўвесь працэс ратыфікацыі ў верасні 2010-га. Пасля гэтага ўсе дакументы былі перададзены беларускаму боку. Паводле слоў дыпламата, у адпаведнасці з дамоўленасцямі пагадненне набывае моц праз месяц пасля абмену ратыфікацыйнымі дакументамі.

«Мы дагэтуль чакаем. Нам сказалі, што ваш прэзідэнт нібыта ўсё падпісаў у снежні 2010 года, але з-за нейкіх тэхнічных прычын, таму што беларускі бок не гатовы, мы не атрымалі дакументы», — сказаў Шарэпка.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што для Беларусі гэта пагадненне больш выгаднае ў сувязі з тым, што ў памежную зону трапляюць такія буйныя гарады, як Брэст і Гродна.

«Мы неаднаразова звярталіся да беларускіх улад з просьбай паскорыць працэс, але пакуль усё на месцы», — рэзюмаваў дыпламат.

Польшча таксама не разумее, чаму беларускі ўрад негатыўна рэагуе на карту паляка. Так, Лешак Шарэпка выказаў здзіўленне ў сувязі з забаронай дзяржаўным чыноўнікам, якія з’яўляюцца этнічнымі палякамі, атрымліваць карту, як гэта прадугледжваюць папраўкі, што рыхтуюцца ў беларускае заканадаўства.

Шарэпка адзначыў, што карта паляка дзейнічае на прасторы былога СССР: «Мы думалі, як дапамагчы суайчыннікам, каб яны маглі прыехаць у Польшчу, працаваць, вучыцца, атрымліваць скідкі ў музеі, бясплатныя візы. Мы маглі зрабіць як Германія — масавая рэпатрыяцыя на радзіму, але ў нас недастаткова сродкаў, дый гэта магло б выклікаць негатыўную рэакцыю суседзяў. Мы прынялі рашэнне пра такі спосаб, які не занадта крыўдны для нашых краін-суседзяў».

Ён падкрэсліў, што калі беларускім палякам, якія знаходзяцца на дзяржслужбе, будзе забаронена атрымліваць карту паляка, то ў Польшчы «будуць думаць пра іншыя меры, каб людзям дапамагчы».

Пры гэтым Шарэпка не згодны са сцвярджэннямі, што беларускія ўлады значна дапамагаюць мясцовай польскай дыяспары: «Калі параўнаць тыя сродкі, якія мы затрачваем на дапамогу беларускай меншасці, і сродкі, якія затрачваюцца на дапамогу польскай меншасці тут, то мы трацім непараўнальна больш».

Ёсць яшчэ адна праблема. Пасольства Польшчы ў Мінску працягвае пошукі новага будынка для дыпмісіі. Шарэпка нагадаў, што з пасольствам не быў працягнуты дагавор на арэнду будынка, якое яно займае цяпер, таму з 1 студзеня 2012 года будынак павінен быць вызвалены.

«Мы зараз працуем у двух кірунках — будаўніцтва новага будынка і пошук часовага. Мы аб’явілі аб конкурсе на праект будаўніцтва, але гэта ўсё зойме некалькі месяцаў, а каб пабудаваць новы будынак, спатрэбіцца не менш як пяць гадоў. На гэты тэрмін нам неабходны часовы будынак», — сказаў Шарэпка.

Паводле яго слоў, з просьбай аб садзейнічанні ў пошуку новага будынка пасольства Польшчы звярталася ў беларускае МЗС. «На нашы запыты мы не атрымалі ніякага афіцыйнага адказу з боку дыпсэрвісу. Пасля паўторных просьбаў былі два варыянты, якія нас не задаволілі, бо ў адным будынку нельга нават кандыцыянер падключыць, а другі занадта маленькі, увесь персанал пасольства там не змесціцца», — сказаў дыпламат.

Шарэпка адзначыў, што пасольства самастойна знайшло добры варыянт. «Але гэта прыватны будынак, і цяпер уладальнік завяршае працэс афармлення ўсіх дакументаў. Пасля гэтага мы павінны будзем яшчэ раз звярнуцца ў дыпсэрвіс, каб атрымаць дазвол пачаць нейкія працы. Гэта зойме паўгода», — паведаміў пасол.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што, згодна з Венскай канвенцыяй, краіна знаходжання павінна аказваць садзейнічанне дыпламатам, і выказаў надзею на дапамогу з боку МЗС Беларусі.

Сярод іншага Шарэпка заявіў, што польскія ўлады ніколі фінансава не дапамагалі беларускай палітычнай апазіцыі.
«Гэта не ў нашай кампетэнцыі, — падкрэсліў ён. — Усе праекты, якія мы рэалізуем, ёсць на сайце нашага МЗС. Пасольства ж у межах праграмы малых грантаў дапамагае недзяржаўным арганізацыям. У пачатку гэтага года, напрыклад, мы завяршылі праект аснашчэння сучасным медабсталяваннем паліклінікі ў Гомелі. Мы патрацілі на гэта 40 тысяч еўра».

Пры гэтым Шарэпка адзначыў, што пры рэалізацыі такіх праектаў «ёсць значныя праблемы, бо нашы заканадаўствы супярэчаць адно аднаму». «Ваша заканадаўства наўмысна спрабуе сапхнуць нас у шэрую зону», — сказаў ён.

Пры гэтым пасол падкрэсліў, што, калі гаворка ідзе «пра дэмакратыю, пра дапамогу розным палітычным сілам, нам таксама ў свой час дапамагалі, але гэта выдаецца не праз дзяржаўныя фонды».

На гэтую прэс-канферэнцыю рэзка адгукнуўся МЗС Беларусі.

«Мы вымушаны канстатаваць, што падчас прэс-канферэнцыі пасол Польшчы ў Беларусі Лешак Шарэпка выказаў не толькі аднабаковыя і прадузятыя меркаванні, але і дапусціў прамыя скажэнні рэальнасці», — заявілі ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі.

Так, заяўлена, што «існуе досыць шмат сведчанняў, якія пацвярджаюць, што польскі бок вельмі актыўна ўмешваецца і спрабуе аказваць ўздзеянне на ўнутрыпалітычныя працэсы ў Беларусі».

Што тычыцца, напрыклад, Дамовы аб правілах прамежнага руху, то «польскі бок зрабіў і працягвае рабіць усё магчымае для таго, каб стварыць максімальна неспрыяльны фон для ўступлення гэтага пагаднення ў сілу».

МЗС Беларусі лічыць, што «дзеючы польскі істэблішмэнт займае ўсё больш варожую пазіцыю ў дачыненні да нашай краіны».

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны