Навіны Навіны Беларусі

У Полацку гатовыя пратэставаць і перакрываць дарогі

У Полацку гатовыя пратэставаць і перакрываць дарогі

2867 Праглядаў Полацк
Жыхары выступаюць супраць будаўніцтва палігону дзеля ачышчэння забруджанага нафтаю грунту. Палігон мусіць з’явіцца менш як за кіламетр ад жылых дамоў мікрараёну Баравуха.

Дзялянку зямлі для прадпрыемства ачышчэння забруджанага нафтаю грунту перадалі таварыству з дадатковаю адказнасцю «Віцень» на рашэнне Віцебскага аблвыканкаму сёлета ў сакавіку.

Паводле дырэктара, палігон патрэбны, бо цяпер толькі на «Нафтане» сабралася 224 000 тонаў грунтоў, якія трэба ачышчаць ад нафтапрадуктаў. На палігон таксама трапіць грунт з прадпрыемстваў «Дружба» і «Палімір», паведамляе «Белсат».

Палачане настроеныя катэгарычна — не дапусціць будаўніцтва. «Мы патрабавалі незалежнай экалагічнай экспертызы, але ніхто яе не правёў, — кажа мясцовая жыхарка Лілія Воранава. — Навошта забруджаны грунт з Наваполацку везці ў Полацк, каб ачысціць? Чаму нельга рабіць гэтага на месцы? Ні ўлады, ні кіраўніцтва „Віценя“ не адказваюць на гэтыя пытанні».

Апроч таго, тэрытарыяльныя органы Міністэрства надзвычайных сітуацыяў у Полацку і Наваполацку не давалі дазволу на выдаванне зямель для палігону. Гэта пацвердзіў начальнік Полацкага гарадскога аддзелу надзвычайных сітуацыяў Фёдар Шаркоў.

Намеснік начальніка Наваполацкага гарадскога аддзелу надзвычайных сітуацыяў Сяргей Жукаў адзначае: «Нафтан», «Дружба» і «Палімір» ачышчаюць грунты самастойна. У іх ёсць дзеля гэтага шламанакапляльнікі. Мы размаўлялі з адмыслоўцамі на гэтых прадпрыемствах — неабходнасці дадаткова ачышчаць грунт няма«.

Варта адзначыць, што ТДА «Віцень» ужо будавала падобны палігон у Маларыцкім раёне. Аднак ён быў закрыты амаль адразу пасля з’яўлення — з-за пратэстаў мясцовага насельніцтва. Палачане таксама настроеныя катэгарычна і гатовыя пратэставаць і перакрываць дарогі, толькі каб побач з іхнымі дамамі не з’явіўся шкодны для здароўя і наваколля палігон.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны