Навіны Беларусь і Свет

«Беларусь і Еўрапейскі Саюз: ад ізаляцыі да супрацоўніцтва»

«Беларусь і Еўрапейскі Саюз: ад ізаляцыі да супрацоўніцтва»

3658 Праглядаў Брусэль
Кнігу з такой назвай у межах кансалтынгавага праекта «Беларусь — ЕС» прэзентуюць у Бруселі 10 лістапада Фонд Конрада Адэнаўэра і Цэнтр еўрапейскіх даследаванняў.

Мерапрыемства пачнецца ў 9.30 па адрасе: Еўрапейскі офіс ФКА, 11, Avenue de l’ Yser, Брусель, Бельгія.

Прэзентацыя арганізуецца з мэтай прадставіць асноўныя высновы і рэкамендацыі, зробленыя даследчыкамі Фонду Конрада Адэнаўэра і Цэнтра еўрапейскіх даследаванняў, і абмеркаваць бягучую сітуацыю ў стасунках паміж Беларуссю і ЕС.

На думку арганізатараў імпрэзы, з боку беларускага грамадства расце зацікаўленасць у развіцці больш цесных стасункаў з краінамі ЕС. У прадстаўленым даследаванні даецца ацэнка дзяржаўнага, эканамічнага, сацыяльнага і прававога становішча ў Беларусі ў розных ключавых галінах з тым, каб вызначыць крокі па рэфармаванні краіны, якія максімальна наблізяць яе да стандартаў Аб’яднанай Еўропы і зробяць будучую інтэграцыю максімальна арганічнай.

Напачатку прэзентацыі выступяць дырэктар Цэнтра еўрапейскіх даследаванняў Томі Хутанен, кіраўнік Руху «За Свабоду» Аляксандр Мілінкевіч, дэпутат Еўрапарламента, старшыня дэлегацыі Еўрапарламента ў Беларусі Яцэк Пратасевіч.

Агульныя высновы і рэкамендацыі кнігі «Беларусь і Еўрапейскі Саюз: ад ізаляцыі да супрацоўніцтва» прэзентуюць былы кіраўнік кансультатыўна-назіральнай групы АБСЕ ў Мінску Ханс-Георг Вік і дырэктар Навукова-даследчага аддзела Інстытута прыватызацыі і менеджменту Аляксандр Чубрык.

У дыскусіі на тэму «Бягучая сітуацыя ў справах ЕС і Беларусі» прымуць удзел кіраўнік Цэнтра еўрапейскіх даследаванняў Роланд Фройдштайн, былы кіраўнік беларускага прадстаўніцтва Фонду Конрада Адэнаўэра (Германія) Штэфан Малерыюс, навуковы супрацоўнік Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Дзяніс Мельянцоў, а таксама ўзгаданыя вышэй Аляксандр Мілінкевіч, Яцэк Пратасевіч і Ханс-Георг Вік.

Спампаваць кнігу «Беларусь і Еўрапейскі Саюз: ад ізаляцыі да супрацоўніцтва» можна на сайце www.kas.de

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны