Навіны Навіны Беларусі

Лідар Руху «За Свабоду» даслаў ліст падтрымкі Юліі Цімашэнцы

Лідар Руху «За Свабоду» даслаў ліст падтрымкі Юліі Цімашэнцы

3174 праглядаў
Натхняльніцу Памаранчавай рэвалюцыі 2004 года, былога прэм’ер-міністра Украіны Юлію Цімашэнка пакаралі 7 гадамі зняволення за нібыта «злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі». Краіны Аб’яднанай Еўропы раскрытыкавалі прысуд, які ўважаюць за палітычна матываваны.

«З трывогай і болем сачу за тым, што адбываецца з Украінай, нашай самай блізкай суседкай. Яшчэ некалькі гадоў таму падзеі ў Вашай краіне былі для многіх беларусаў крыніцай надзеі і натхнення. Цяпер жа мы становімся сведкамі ўсталявання цэнтралізаванай аўтарытарнай ўлады з усімі адпаведнымі атрыбутамі: пачынаючы з дамінавання адной палітычнай сілы ў СМІ і сканчаючы палітычнымі зняволенымі за кратамі», — піша ў сваім лісце Аляксандр Мілінкевіч.

Лідар Руху «За Свабоду» лічыць, што наўрад ці хто-небудзь як ва Ўкраіне, так і за яе межамі мае сумневы наконт палітычнай матываванасці выраку.

«Тым больш важна, што ў такой сітуацыі Вы трымаецеся мужна, паказваючы годны прыклад змагання і даючы надзею ўсім нязгодным з несправядлівасцю і неабыякавым да лёсу сваёй Бацькаўшчыны», ‒ адзначае Мілінкевіч.

Па яго словах, «нельга спыніць развіццё грамадства, забараніць імкненне да свабоды і дэмакратычных каштоўнасцяў. Перакананы, што Ўкраіна і Беларусь — еўрапейскія краіны не толькі геаграфічна, але і цывілізацыйна. Менавіта таму мы мусім будаваць нашу палітыку і нашы грамадствы на каштоўнасцях, вакол якіх аб’ядналася большая частка нашага кантынента».

Напрыканцы свайго ліста Аляксандр Мілінкевіч пажадаў Юліі Цімашэнцы мужнасці і рашучасці, хуткага вызвалення і далейшых перамогаў на карысць дэмакратычнага і еўрапейскага шляху развіцця Ўкраіны.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны