Навіны Навіны Беларусі

Гавел далучыўся да Міжнароднага камітэту ў падтрымку Алеся Бяляцкага

Гавел далучыўся да Міжнароднага камітэту ў падтрымку Алеся Бяляцкага

3632 праглядаў
Выбітны чэшскі палітык Вацлаў Гавел, які ўчора адзначыў сваё 75-годдзе, даў сваю згоду далучыцца да Міжнароднага камітэту ў падтрымку вылучэння арыштаванага праваабаронцы Алеся Бяляцкага на Нобелеўскую прэмію міру 2012 года.

Былы прэзідэнт Чэхіі паведаміў пра сваё рашэнне далучыцца да Міжнароднага камітэту ў лісце да Аляксандра Мілінкевіча. Лідар Руху «За Свабоду» даслаў адпаведную прапанову Вацлаву Гавелу ад імя ініцыятыўнай групы.

У сваім лісце Вацлаў Гавел падкрэслівае, што ён з радасцю далучаецца да міжнароднай ініцыятывы па падтрымцы вылучэння Алеся Бяляцкага на Нобелеўскую прэмію міру і што сам у патрэбны час напіша ліст падтрымкі. Ён таксама зазначыў, што чальцы чэскай арганізацыі «Грамадзянская Беларусь», якая даўно працуе з беларускай грамадзянскай супольнасцю, будуць разам праводзіць кампанію ў падтрымку Алеся Бяляцкага ў Чэшскай рэспубліцы.

— Мы вельмі радыя атрымаць станоўчы адказ ад легенды змагання за свабоду і дэмакратыю ў нашым рэгіёне, чакаем адказы яшчэ ад шэрагу іншых знакавых асобаў і рыхтуем далейшыя крокі кампаніі ў падтрымку Алеся Бяляцкага, — падкрэсліў дарадца старшыні Руху «За Свабоду» Алесь Лагвінец, які разам з Аляксандрам Мілінкевічам, прадстаўляе Рух у ініцыятыўнай групе.

Алесь Лагвінец нагадаў, што ў склад Міжнароднага аргкамітэту на сённяшні дзень уваходзяць старшыня Маскоўскай Хельсінкскай групы Людміла Аляксеева, прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі па правах чалавека (FIDH) Сухаір Белхасэн, выканаўчы дырэктар Фонда дамоў правоў чалавека Марыя Далэ (Нарвегія), старшыня Нацыянальнага фонда падтрымкі дэмакратыі Карл Гершман (ЗША), старшыня «Фрыдам Хаус» Дэвід Крэймер (ЗША), рэктар Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэту Анатоль Міхайлаў, старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла, дэпутат Бундэстага Марылуіза Бэк, нямецкі дыпламат Ханс-Георг Вік, а таксама кіраўнікі найбуйнейшых праваабарончых арганізацыяў скандынаўскіх краінаў і Польшчы.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны