Навіны Беларусь і Свет

Беларускім уладам выдалі аванс у выглядзе запрашэння на саміт «Усходняга партнёрства»

Беларускім уладам выдалі аванс у выглядзе запрашэння на саміт «Усходняга партнёрства»

3246 Праглядаў Мінск Варшава Сопат
29-30 верасня ў Варшаве адбудзецца саміт «Усходняга партнёрства» — ініцыятывы ЕС у дачыненні да шасці постсавецкіх краін (Арменіі, Азербайджана, Беларусі, Грузіі, Малдовы і Украіны).

Польшча, якая цяпер старшынюе ў другім паўгоддзі 2011 года ў Еўрасаюзе і курыруе праграму «Усходняе партнёрства», запрасіла пасля доўгіх роздумаў на саміт і афіцыйны Мінск. Гэта будзе прадстаўнік МЗС Беларусі. Астатнія ўдзельнікі «УП» будуць прадстаўлены на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў.

Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск паведаміў, што на перамовах з канцлерам Германіі Ангелай Меркель знайшоў «разуменне польскай канцэпцыі саміту» Усходняга партнёрства".

"Схіляю лідараў Еўропы, а з Берлінам было некалькі цяжэй, каб пры супрацоўніцтве з беларускай апазіцыяй стварыць умовы для верагоднага"круглага стала" ў Беларусі. Я праінфармаваў сваіх партнёраў у Еўропе, што мы будзем запрашаць на саміт «Усходняга партнёрства» прадстаўніка Беларусі на ўзроўні МЗС«, — цытуе Дональда Туска польскае інфармацыйнае агенцтва PAP.

Па словах польскага прэм’ера, «неабходны той элементарны кантакт з рэжымам, не для таго, каб адпусціць ім грахі, а для таго, каб інфармацыя аб тым, што мы хочам зрабіць у Беларусі, дайшла да высокага ўзроўню па магчымасці хутка. І, здаецца, скептыцызм Германіі таксама пераадолены».

Такім чынам, запрашэнне на саміт «Усходняга партнёрства» можна лічыць перадыялогавым авансам беларускім уладам. Еўропе ўсё-такі вельмі важна ўтрымаць нашу краіну ў рэчышчы палітыкі ўцягвання ў процівагу ўзмацненню ціску з боку Масквы.

На саміце плануецца прыняць дэкларацыю і абмеркаваць дарожную мапу — план узаемадзеяння з выразна прапісанымі абавязальніцтвамі.

Паралельна саміту «Усходняга партнёрства» 29 верасня ў польскай сталіцы адбудзецца міжнародная канферэнцыя «Усходняга партнёрства» — «На шляху да Еўрапейскай супольнасці дэмакратыі, росквіту і больш моцнай грамадзянскай супольнасці». А 30 верасня ў Сопаце пройдзе бізнес-форум «Усходняга партнёрства». Беларусь на ім прадставіць намеснік міністра эканомікі Антон Кудасаў.

Павел КІРЫЛАЎ

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны