Навіны Навіны Беларусі

Ці надоўга беларускі рубель умацаваў свае пазіцыі?

Ці надоўга беларускі рубель умацаваў свае пазіцыі?

2434 праглядаў
Эканаміст Леанід Злотнікаў упэўнены, што падзення курсу долара датычна беларускага рубля не будзе: «Магчыма часовае зніжэнне на 300-500 рублёў, але потым зноў пачнецца ўздым».

Кіраўніца Нацбанка Надзея Ермакова не выключае рэзкага падзення курсу долара ў бліжэйшы час. Яе аргументы: прадпрыемствам неабходна будзе выплаціць падаткі ў рублях, ды і колькасць якая здаецца насельніцтвам валюты значна ўзрасла. У які бок кіўнецца курс, аналізуюць экспэрты «Заўтра тваёй краіны».

Экс-старшыня Нацыянальнага банка Станіслаў Багданкевіч не бачыць падставаў для аптымізму, якім поўная Надзея Ермакова.

— Я думаю, будзе наадварот. Тыя 1,7 трыльёна рублёў, якія пойдуць на аказанне падтрымкі бюджэтнікам і пенсіянерам, павінны негатыўна паўплываць на сітуацыю на валютнай біржы, — лічыць эксперт.

Словы кіраўніка Нацбанка ён расцэньвае як спробу псіхалагічнага ціску на грамадскую думку і на бізнес.

Багданкевіч агаворваецца, што кароткатэрміновыя скачкі курса магчымыя, аднак доўгатэрміновы курс вызначаецца, перш за ўсё, такімі фундаментальнымі фактарамі, як, напрыклад, дэфіцыт гандлёвага балансу. Пакуль рэзкага яго скарачэння чакаць не даводзіцца.

— Хіба не трэба будзе і ў далейшым закупляць у Расіі камплектуючыя, энерганосьбіты, сыравіну? Хіба не прыйдзецца друкаваць новыя рублі для падтрымкі нізкаэфектыўнай рэальнай эканомікі — прамысловасці і сельскай гаспадаркі? — задаецца пытаннем экс-кіраўнік Нацбанка і рэзюмуе: — У мяне няма аптымізму. Я лічу, што на тым узроўні абменнага курса, які склаўся цяпер — каля 8-9 тысяч рублёў за долар, магла б наступіць стабілізацыя, але гэта таксама патрабуе велізарных высілкаў, асабліва ў частцы скарачэння велізарнай грашовай масы.

Эканаміст Леанід Злотнікаў упэўнены, што падзення курсу долара датычна беларускага рубля не будзе.

— Магчымае часовае зніжэнне на 300-500 рублёў, але потым зноў пачнецца ўздым, — прагназуе эксперт. — Будзе працягвацца інфляцыя, і ў адпаведнасці з ёй расці намінальны курс. Беларускі рубель будзе абясцэньвацца і таму, што абвешчана павышэнне пенсій, а таксама павелічэнне зарплаты бюджэтнікам, і таму, што ўлады праводзяць палітыку павышэння цэн, каб тавары не вывозілі з Беларусі.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны