Навіны Навіны Руху

Прадстаўнікі Руху «За Свабоду» узялі ўдзел у High Level Democracy Meeting

Прадстаўнікі Руху «За Свабоду» узялі ўдзел у High Level Democracy Meeting

3622 праглядаў Кракаў
Актывісты арганізацыі правялі шэраг сустрэчаў з вядомымі сусветнымі палітыкамі на мерапрыемстве, прысвечаным 10-годдзю стварэння сусветнай Супольнасці дэмакратый.

Саміт адбываўся ў польскім горадзе Кракаў з 2 па 4 ліпеня, у ім бралі ўдзел вядомыя ў свеце палітыкі, сярод якіх Хілары Клінтан, Мадлен Олбрайт, міністр замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі, прэзідэнт Еўрапарламенту Ежы Бузэк, былы прэм’ер-міністар Украіны і экс-кандыдат на прэзідэнта гэтае краіны Юлія Цімашэнка, Лех Валенса ды шэраг іншых вядомых у сусветнай палітыцы атимособаў.

Актывісты Руху падчас сустрэчаў і размоў абмеркавалі праблемы развіцця дэмакратычнага руху ў свеце, а таксама сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі.

— Сусветны палітычны істэблішмент з вялікім паразуменнем ставіцца да праблемаў дэмакратыі ў Беларусі, — распавёў адзін з удзельнікаў саміту, каардынатар Руху «За Свабоду» па Гомельскай вобласці, Пётр Кузьняцоў. — З кім бы мы не размаўлялі, паўсюль чулі словы падтрымкі, пажаданні поспехаў, а таксама канкрэтныя прапановы ды ідэі таго, як можна палепшыць сітуацыю. На мой погляд, гэта вельмі станоўчы момант для беларусаў, што міжнародная супольнасць неабыякавая да нашых праблемаў.

— «Мы мелі гонар удзельнічаць у актуальных панельных дыскусіях прысвечаных развіццю дэмакратыі ў Свеце. Пад час гэтай сустрэчы адбыліся шэраг сустрэчаў з дыпламатамі і палітыкамі з розных куткоў Свету. Па выніках мерапрыемства можна казаць аб тым, што Беларусь застаецца ў міжнароднай павестцы дня. Словы дзяржаўнага сакратара ЗША Хілары Клінтан і міністра замежных справаў Польшчы Радаслава Сікорскага ў абарону дэмакратыі на Беларусі, толькі пацвердзілі гэта», — дадаў рэгіянальны каардынатар Руху «За Свабоду» у Гарадзенскай вобласці Алесь Зарэмбюк.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны