Навіны Навіны Беларусі

Пікеты за Ліхавіда: Адмова ў Беразіно, прапанова звярнуцца ў суд ў Слуцку і Крупках

Пікеты за Ліхавіда: Адмова ў Беразіно, прапанова звярнуцца ў суд ў Слуцку і Крупках

3840 Праглядаў Беразіно Барысаў Слуцк Крупкі
«Рух «За свабоду» падрыхтаваў заявы на правядзенне пікетаў у падтрымку свайго паплечніка, палітычнага вязня Мікіты Ліхавіда, у дзевяці раённых цэнтрах Мінскай вобласці. Гэтымі днямі прыйшоў апошні — дзявяты — адказ, у якім змяшчаецца забарона на пікетаванне. Гэтым разам з Бярэзінскага райвыканкама. Забарону падпісаў намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Навіцкі.

Тым часам прыйшлі адказы, падрыхтаваныя прадстаўніком Руху «За Свабоду» ў Барысаве Сяргеем Салашам і ПЦ «Вясна» Алегам Мацкевічам, з пракуратураў Слуцкага і Крупскага раёнаў. Прычым абодва адказы на не вельмі пісьменнай беларускай мове.

Слуцкі пракурор Віталь Жукоўскі, канешне ж, не ўгледзеў у забароне на правядзенне пікета, падпісанай старшынём Слуцкага райвыканкама Уладзімірам Даманеўскім, парушэння заканадаўства. Абараняючы Даманеўскага Жукоўскі не паленаваўся выкарыстаць досыць казуістычную фармулёўку, маўляў, «спіс абставін, пералічаных у арт.6 Закона, з улікам якіх кіраўнік мясцовага выканаўчага і распарадчага органа (...) прымае рашэнне аб дазволе або забароне правядзення масавага мерапрыемства, не з’яўляецца вычарпальным». Разам з тым пракурор Жукоўскі нагадаў, што ў выпадку «непагаднення з прынятым пракуратурай Слуцкага раёна рашэннем» можна звярнуцца з абскарджаннем да «вышэйстаячага пракурора і (або) ў суд».

Нагадаем, што слуцкі райвыканкамаўскі начальнік сваё рашэнне аб забароне пікета «вымушаны быў патлумачыць» нават без спасылкі на норму закона аб масавых акцыях, маўляў, «за здзяйсненне правапарушэнняў і злачынстваў грамадзяне прыцягваюцца да адміністратыўнай і крымінальнай адказнасці ў адпаведнасці з дзейсным заканадаўствам Рэспублікі Беларусь».

Больш лаканічны адказ прыйшоў ад пракурора Крупскага раёна Аляксея Перасунькі на дзеянні старшыні Крупскага райвыканкама Ігара Часнака. Перасунька без лішніх словаў, фактычна здымаючы з сябе абавязак рэагаваць па сутнасці на парушэнні заканадаўства, «перасунуў» разгляд скаргі Сяргея Салаша на Часнака ў суд Крупскага раёна.

Варта нагадаць, што забарона пікета з боку Ігара Часнака была самай арыгінальнай. Ён палічыў немэтазгодным правядзенне акцыі ў сувязі... «з адсутнасцю на тэрыторыі раёна палітычных зняволеных».

Цікава, якія фармулёўкі ў абарону сваіх старшыняў райвыканкамаў прапануюць суды Слуцкага і Крупскага раёнаў, бо на іншае ў нашай краіне спадзявацца, відавочна, не выпадае. //Barysau.by

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны