Навіны Беларусь і Свет

Без дыялогу з апазіцыяй беларускі рэжым не атрымае фінансавай дапамогі

Без дыялогу з апазіцыяй беларускі рэжым не атрымае фінансавай дапамогі

3863 праглядаў Варшава
Сітуацыя ў Беларусі і шляхі яе змянення, уключаючы магчымасць арганізацыі дыялогу ўлады і апазіцыі, абмеркаваны 6 верасня ў Варшаве на сустрэчах прэм’ер-міністра Польшчы Дональда Туска і міністра замежных спраў Радослава Сікорскага з групай беларускіх дэмакратаў.

Як паведаміла прэс-служба польскага ўрада, на сустрэчы Дональда Туска з прадстаўнікамі беларускай апазіцыі абмяркоўваўся, у прыватнасці, польскі вопыт дэмакратызацыі ў канцы 1980-х гадоў.

«Польскі вопыт круглага стала сведчыць, што садзіцца і размаўляць можна толькі тады, калі вызвалены ўсе палітзняволеныя», — падкрэсліў Туск пасля заканчэння сустрэчы.

На перамовах размова ішла таксама аб міжнароднай дапамозе Беларусі. «Я заявіў аб сваёй поўнай прыхільнасці да таго, каб была аказана дапамога апазіцыі для арганізацыі дыялогу з уладамі, — сказаў польскі прэм’ер. — Мы гаварылі таксама аб гарантыях, якія можа даць Еўропа, каб гэты меркаваны дыялог паміж апазіцыяй і ўладай прынёс жаданыя вынікі, напрыклад, сапраўды свабодныя выбары ў парламент».

Туск таксама заявіў, што магчымая фінансавая дапамога Беларусі будзе залежаць ад змяненняў у краіне. «Не будзе фінансавай дапамогі рэжыму без радыкальных змяненняў, якія павінны абапірацца на вядзенне сур’ёзнага палітычнага дыялогу з апазіцыяй», — сказаў кіраўнік польскага ўрада.

Як паведамляе прэс-служба польскага МЗС, на сустрэчы з Радаславам Сікорскім прадстаўнікі беларускай апазіцыі выклалі агульную пазіцыю наконт любых перамоў з уладамі. «Было падкрэслена, што яны магчымы толькі пасля амністыі і рэабілітацыі ўсіх палітзняволеных у гэтай краіне. Прадстаўнікі апазіцыі падкрэслілі таксама неабходнасць уліку Еўрасаюзам яе голасу ў адносінах з беларускімі ўладамі», — адзначаецца ў паведамленні.

Беларускія дэмакраты падзякавалі Сікорскаму за яго пазіцыю ў дычыненні да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і дапамогу грамадзянскай супольнасці. Яны заявілі аб неабходнасці стварэння новага інструмента падтрымкі дэмакратыі ў краінах — суседзях ЕС — Еўрапейскага фонду за дэмакратыю, піша БелаПАН.

У сустрэчах з Тускам і Сікорскім узялі ўдзел Андрэй Дзмітрыеў (кіраўнік выбарчага штаба кандыдата ў прэзідэнты на выбарах-2010 Уладзіміра Някляева), Сяргей Калякін (старшыня Беларускай партыі левых «Справядлівы свет»), Анатоль Лябедзька (старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі), Аляксандр Мілінкевіч (лідар руху «За Свабоду»), Станіслаў Шушкевіч (экс-спікер Вярхоўнага Савета 12-га склікання, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады), Аляксей Янукевіч (старшыня Партыі БНФ).

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны