Навіны Навіны Беларусі

Мінскі Еўрапейскі клуб адкрыў бібліятэку

Мінскі Еўрапейскі клуб адкрыў бібліятэку

5823 праглядаў Мінск
Сёння, 1 верасня, бібліятэка адкрылася для наведнікаў. Актывісты Руху заклікаюць далучацца да папаўнення кнігазбору на еўрапейскую тэматыку, які ўжо зараз складае каля сотні асобнікаў.

Кіраўніца адукацыйных праектаў Даша Слабчанка, якая з’яўляецца аўтарам ідэі стварэння бібліятэкі, патлумачыла яе сэнс так:

— На жаль, у беларускіх ВНУ пра касметычны рамонт і ідэалогію дбаюць болей, чым пра аднаўленне бібліятэк. Але веды маюць каштоўнасць, калі імі дзеляцца. Таму і створаная гэтая бібліятэка.

Каардынаваць працу бібліятэкі Еўрапейскага клубу і займацца папаўненнем фонду будзе актывістка Наталля Мотуз.

— Мы заклікаем усіх жадаючых, хто мае магчымасць наведваць Еўразвяз, прывозіць з еўрапейсіх краін для нас кнігі і дыскі. Усё, што тычыцца Аб’яднанай Еўропы. На сённяшні дзень сабрана каля сотні кніг. Іх перадалі ў фонд бібліятэкі Аляксей Янукевіч, Алесь Лагвінец, Юрась Меляшкевіч, Даша Слабчанка, Дзяніс Мельянцоў, рэдакцыя інтэрнэт-часопіса «Новая Еўропа». У нас ёсць кнігі па гісторыі, дапаможнікі для настаўнікаў, журналістаў, слоўнікі, турыстычныя брашуры, бюлетэні, лекцыі выкладчыкаў еўрапейскіх школ, шмат кніг па самакіраванню, Канвенцыя па правах чалавека, матэрыялы канферэнцый і кніжкі для дзяцей. У асноўным мы маем кнігі на ангельскай, а таксама французскай, нямецкай, польскай мовах, — распавядае Наталля.

Фонд будуць папаўняць кнігі і мультымедыйныя дыскі, прысвечаныя еўрапейскай палітыцы, эканоміцы, гісторыі, турызму, спецыялізаваныя выданні еўрапейскіх структураў і амбасадаў, мастацкія альбомы, мапы Еўропы.

Мэта стварэння бібліятэкі — абудзіць цікавасць студэнцкай моладзі да еўрапейскіх працэсаў, пашырыць веды беларусаў пра Еўразвяз, ангажаваць новых людзей у грамадскую дзейнасць на умацаванне незалежнасці, дэмакратыі, праеўрапейскіх настрояў у нашай краіне.

Кнігі бібліятэкі маюць дапамагчы студэнтам беларускіх ВНУ, якія прысвячаюць свае працы еўрапейскай тэматыцы і дачыненьням Беларусь-ЭЗ, у пошуку інфармацыі. Таксама на базе бібліятэкі будзе магчыма атрымаць кваліфікаваную кансультацыю выкладчыка Алеся Лагвінца і выпускнікоў вядучых універсітэтаў краінаў ЭЗ. Выданні бібліятэкі можна будзе браць дахаты.

Цягам тыдня будзе падрыхтаваны электронны каталог, які будзе размешчаны на сайце Руху «За Свабоду». Напачатку кнігі будуць размяркоўвацца па тэмах: паліталогія, эканоміка, энергетыка, псіхалогія, гісторыя, экалогія.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Еўрапейскія клубы

Апошнія навіны