Навіны Навіны Беларусі

МУС у ролі самастойнай карнай арганізацыі

МУС у ролі самастойнай карнай арганізацыі

6098 Праглядаў Гомель
Часам, каб стала відавочнай сутнасць рэчаў, прыходзіцца пільна ўзірацца ў дэталі. Мы даўно прывыклі за ўсімі падкопамі рэжыму праглядаць руку КДБ. Вядома, мы ўяўляем, што ў Беларусі дастаткова і іншых карных структураў. Уласна кажучы, усе дзяржустановы нашай краіны сёння могуць выступаць у ролі карнікаў: ад устаноў адукацыі да ваенкаматаў і падатковых інспекцый.

Аднак усіх іх мы прывыклі ўспрымаць як «памагатых» дыктатуры, пакідаючы ў сваёй свядомасці нішу непасрэдна «катаў» выключна адной структуры. Трэба заўважыць, што прыкладна гэтак жа, у ролі «памагатых», а не непасрэдна катаў, якія граюць сваё сола, мы прывыклі ўспрымаць і структуры МУС. Якія, дарэчы, нават чыста па законе каардынуюцца ў падобных справах дзяржбяспекай.

Ані не прымяншаючы «заслуг» КДБ на ніве барацьбы з іншадумствам і свабодна думаючымі грамадзянамі, хачу больш падрабязна спыніцца на ролі і месцы ў рэпрэсіўнай машыне дзяржавы якраз міліцыі.

Сёння ў Гомелі будзе суд над грамадскім актывістам Ігарам Случакам. Яго забралі ў пятніцу ўвечары, быццам бы ён публічна мацюкаўся, і да суда кінулі ў следчы ізалятар.

Затрыманне Случака — гэта быў лёгкі шок для любога дасведчанага што да сітуацыі чалавека. Справа ў тым, што Ігар — актывіст-адзіночка. Доўгі час ён з’яўляўся на старонках СМІ як чалавек, што аднаасобна вядзе кампанію «Справаводства па-беларуску»: пісаў лісты ў дзяржаўныя ўстановы і патрабаваў, каб яму адказвалі на мове запыту. Гэта значыць, па-беларуску.

Увесь вопыт апазіцыйнай і грамадскай дзейнасці кажа аб тым, што такія людзі апрыёры не ўспрымаюцца уладай сур’езна як пагроза. Рэжым ўспрымае іх як бяскрыўдных дзівакоў, якія дастаўляюць некаторы «гемарой». Праўда, часам іх дзейнасць нават прыносіць уладам карысць.Адказваючы на іх бяскрыўдныя патрабаванні канструктыўна, можна цалкам выяўляць з сябе прыстойных людзей, на шкоду іміджу «адмарожанай» улады, які ўсё больш шырыцца нават сярод абывацеляў.

Які сэнс саджаць такога «на суткі»? Гэтую меру, мы ўсе добра ведаем і разумеем, улада ўжывае толькі да людзей, ад каго чакае для сябе нейкіх непрыемнасцяў: публічных выступаў, вострай крытыкі, арганізацыйных нейкіх дзеянняў, здольных кудысьці падштурхнуць няхай нават і невялікія, але масы. Але Случак, з яго «Справаводствам па-беларуску»? Гэта смешна...

Смешна, калі не ўзірацца ў дэталі.

Тлумачачы затрыманне актывіста, незалежныя Інтэрнэт-СМІ паспяшаліся зрабіць акцэнт на тым, што на суботу ён запланаваў прэс-канферэнцыю, на якой меў намер зрабіць публічную справаздачу аб кампаніі, якую ўжо, мяркуючы па ўсім, палічыў завершанай. Так што, яго кінулі ў ІЧУ, каб не даць распавесці пра тое, як ён пісаў чыноўнікам лісты і патрабаваў беларускамоўнага адказу?

На самай справе, такая трактоўка матывацыі ўладаў — павярхоўная і легкадумная. Я спецыяльна раблю акцэнт на гэтай справе, таму што яно добра ілюструе адну досыць займальную тэндэнцыю, якую нельга абысці ўвагай.

На суботняй прэс-канферэнцыі, акрамя аповеду аб кампаніі «Справаводства па-беларуску», Ігар Случак запланаваў яшчэ і абмеркаванне аднаго з пытанняў «Народнай праграмы» Руху «За Свабоду!», а менавіта: «Пытанні рэформы сістэмы МУС: вопыт суседзяў і выклікі для Беларусі». Менавіта дзеля гэтага былі запрошаныя на сустрэчу прадстаўнікі мясцовых АУС, а не для таго, каб слухаць пра беларускае справаводства.

«Народная праграма» — гэта такі праект грамадскай кааліцыі, куды ўваходзіць шмат суб’ектаў грамадзянскай супольнасці Беларусі і які каардынуецца Рухам «За Свабоду!». Кампанія накіраваная на распрацоўку кансэнсуснае пазітыўнай альтэрнатывы для будучай Беларусі — у процівагу існуючаму сёння непісьменнаму цемрашальству. У дыскусіі прымаюць удзел профільныя эксперты, прадстаўнікі мэтавых груп, простыя грамадзяне, і, вядома ж, запрашаюцца прадстаўнікі профільных ведамстваў.

Характэрна, што ўсе мерапрыемствы праекта праходзяць адносна гладка, і не сустракаюць супраціву з боку ўладаў. Мабыць, рэжым ставіцца да грамадскай дыскусіі прыкладна гэтак жа, як і да «справаводства па-беларуску»: няхай, маўляў, размаўляюць і абмяркоўваюць што хочуць, абы на вуліцы не хадзілі.

Усе мерапрыемствы праходзяць гладка, акрамя адной тэмы. Так, менавіта гэтай: «Пытанні рэформы сістэмы МУС: вопыт суседзяў і выклікі для Беларусі». Яшчэ ў самым пачатку «Народнай праграмы» адпаведны круглы стол быў брутальна разагнаны ў Мінску. Тады затрымалі сем чалавек, у тым ліку грамадзянку Расіі, трох грамадзян Украіны (усе замежнікі, мабыць, якраз павінны былі ўдзельнічаць з мэтай асвятліць досвед суседзяў), а таксама беларускія праваабаронцы: Алег Гулак («Беларускі Хельсінскі Камітэт»), Людміла Ісакава ( Камітэт дапамогі рэпрэсаваным «Салідарнасць»), экс-міністр працы, сацыёлаг Аляксандр Сасноў.

Многае становіцца зразумелым, калі ўзірацца ў дэталі. У прыватнасці, гэтая гісторыя дае нам права зрабіць наступныя высновы.

Калі ўсе мерапрыемствы «Народнай праграмы» прайшлі гладка, а дыскусіі, прысвечаныя рэфармаванні МУС, сарваныя, прычым сарваныя жорстка, праз арышты, гэта кажа толькі аб тым, што само МУС вельмі не зацікаўленае ў грамадскай актуалізацыі праблем яго ж рэфармавання.

Але нават не гэта галоўнае.

Нават з агульнадаступных фактаў мы маем уяўленне аб сутнасці ўзаемаадносін паміж КДБ і МУС. Больш чым упэўнены, што чэкісты проста не сталі б займацца такой справай, як «правучыць Случака, каб не выштукоўваўся». Драбнавата, дурнавата, ды і тычыцца гэта справа толькі мянтоў. Як гаворыцца, іх праблемы.

Гэта значыць, усе гэтыя зрывы дыскусій «Народнай праграмы» — справа рук выключна структур і карнікаў МУС. А вось тое, што яны рашаюцца на такія аперацыі самастойна, ужо кажа пра многае. Таму што, каб такое пракруціць, трэба мець на руках усе рычагі ўплыву на іншыя механізмы рэпрэсіўнай машыны. Трэба мець магчымасць самастойна вырашаць пытанні з суддзямі, трэба весці ўласнае аператыўнае сачэнне за дэмакратычнымі актывістамі, магчыма нават — мець сваю агентуру.

А гэта, у сваю чаргу, сведчыць пра тое, што ў справе падаўлення іншадумства, беларускае МУС мае сваю ўласную, сольную ролю. Часцей за ўсё інтарэсы спецслужбаў супадаюць, і яны спяваюць ва ўнісон. Але, калі трэба, мянты могуць і самі дзейнічаць. І маюць для гэтага ўсе магчымасці ды рычагі.

Здавалася б: ну і што? Для дэмакратаў гэта «адкрыццё» практычнай карысці не мае. Іх як саджалі, так і будуць саджаць. І, па вялікім рахунку, няма розніцы, хто менавіта гэта робіць.

Так, для сённяшняга дня гэта не мае ніякага значэння. Але для будучай Беларусі — мае, і вялікае. Як мінімум, на ўзроўні разумення:

а) Рэформа МУС сапраўды наспела і неабходная. Дакладна таксама, як і рэформа КДБ. Ніводная сілавая структура не можа быць цалкам закрытай, і не можа мець прыкметы карнай структуры;

б) Пасля змены ўлады дзейнасць МУС павінна зазнаць не менш жорсткую рэвізію, чым дзейнасць КДБ. Ставіцца да іх у стылі «яны жа проста выконвалі загад» — верх легкадумнасці

Увогуле, як гаворыцца, бярэм пад увагу...

Пётр КУЗНЯЦОЎ, кіраўнік гомельскай абласной арганізацыі Руху «За Свабоду»

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Народная праграма

Апошнія навіны