Навіны Беларусь і Свет

Рух «За Свабоду» і Рух салідарнасці «Разам» зладзілі падарожжа ў Катынь

Рух «За Свабоду» і Рух салідарнасці «Разам» зладзілі падарожжа ў Катынь

5058 Праглядаў Мінск Смаленск
Паездка на месца, дзе сталінскія каты расстралялі тысячы польскіх афіцэраў і савецкіх грамадзян, прымеркаваная да агульнаеўрапейскага Дня памяці ахвяраў таталітарных рэжымаў, 23 жніўня.

У вандроўцы прынялі ўдзел гісторык Ігар Кузняцоў, вядомы дысідэнт і палітычны вязень савецкіх часоў Сяргей Ханжанкоў, маці зніклага журналіста Змітра Завадскага Вольга Завадская, маці сучасных палітвязняў, Святар БАПЦ Леанід Акаловіч, епіскап Навагрудскі і Паўночна-амерыканскі БАПЦ айцец Святаслаў, краязнаўца «Спадчыны» Анатоль Валахановіч, прадпрымальнік Алесь Макаеў, праваабаронца Галіна Сіўчык, юрыстка Дар’я Каткоўская, бізнэсовец Андрэй Кабанаў, блогер Юрась Навіцкі, актывістка Ірына Бохан, ды многія іншыя неабыякавыя людзі.

Удзельнікі імпрэзы наведалі пахаванні польскіх вайскоўцаў і савецкіх грамадзян. Многіх уразіла, што сярод расстраляных палякаў было вельмі багата людзей з грамадзянскімі спецыяльнасцямі, якія не служылі стала ў польскім войску, а былі пакліканы абараняць Радзіму, калі на яе напалі ворагі з Захаду і Усходу. Сустракаліся ў польскім спісе людзі з беларускімі прозвішчамі і паходжаннем з месцаў, якія ўваходзяць у склад сучаснай Беларусі.

Святары адслужылі на польскіх і расійскіх пахаваннях імшу. Прысутныя ўсклалі кветкі і запалілі знічы ды праспявалі супольную малітву.

Беларускія актывісты падчас паездкі наведалі Смаленскую крэпасць, а таксама месца трагічнай гібелі экіпажа і пасажыраў польскага урадавага самалёта. Дэлегацыя польскага кіраўніцтва на чале з прэзідэнтам Польшчы трагічна загінула ў авіякатастрофе вясной мінулага года, калі спяшалася на цырымонію ўшанавання памяці польскіх афіцэраў, пахаваных у Катыні...

Да пахаванняў у Катынскім лесе ўвага міжнароднай супольнасці была звернутая, калі там знайшлі вялікую колькасць парэшткаў польскіх афіцэраў, загінулых вясной у 1940 годзе. Расстрэл ваеннапалонных не упісваўся ў ніякія міжнародныя нормы і супярэчыў агульна прынятым маральна-этычным прынцыпам. Урэшце, напачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя, савецкія ўлады мусілі ўзяць на сябе адказнасць за масавыя расстрэлы ваеннапалонных афіцэраў і прынесці прабачэнні польскаму народу.

Як зараз вядома, у Катынскім лесе абарвалася жыццё амаль пяці тысяч афіцэраў польскай арміі, захопленых у палон падчас аб’яднання Заходняй і Усходняй Беларусі, а таксама, па прыблізных ацэнках, каля 10 тысяч савецкіх грамадзян розных нацыянальнасцяў, забітых падчас сталінскіх рэпрэсій 30-х гадоў мінулага стагоддзя. Катынь — незагойная рана і для беларускай нацыі. Паводле гісторыка Ігара Кузняцова, траціну ахвяраў Катынской трагедыі могуць складаць беларусы, альбо ўраджэнцы Беларусі.

Каментары наведвальнікаў

Імя: не абавязкова
E-mail: не абавязкова
Каментар:
    спіс каментароў пусты

Апошнія навіны